Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРНАЛІСТЦЫ НАТАЛЬЛІ КАЛЯДЗЕ ДАЛІ ШТРАФ ЗА ТЭКСТ У ІНТЭРНЭЦЕ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч разглядала пастанову намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава, згодна зь якой суду прапанавалі распачаць адміністрацыйную справу супраць Натальлі Каляды. Пракуратура палічыла, што разьмяшчэньне артыкулаў на сайце “Хартыі’97” ёсьць дзеяньнем ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Натальлю Каляду затрымалі летась 10 сьнежня на акцыі: “Мы памятаем!”. Яна прад’явіла журналісцкае пасьведчаньне і паведаміла міліцыянтам, што прысутнічала на акцыі як журналістка, каб напісаць артыкул, які потым будзе на сайце “Хартыі”. Міліцыянты на наступны дзень узялі пісьмовыя тлумачэньні, а празь нейкі час Натальлю выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру.

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч высьвятляла, што такое грамадзянская ініцыятыва і ці зьяўляецца “Хартыя’97” грамадзкай арганізацыяй. Заслухаўшы ўсе аргумэнты, судзьдзя пакарала журналістку штрафам на 20 мінімальных заробкаў ( гэта каля 150 даляраў). Натальля Каляда адразу пасьля вынясеньня прысуду пракамэнтавала яго Радыё Свабода ў судовай залі:

(Каляда: ) “Усё зразумела. Улады напярэдадні парлямэнцкіх выбараў робяць інфармацыйную “зачыстку”. Гэтая беспрэцэдэнтная справа сьведчыць на тое, што гэта тычыцца ня толькі друкаваных СМІ, але і такіх, як Інтэрнэт. У мяне была з сабой працоўная кніжка, дзе відаць, што я нідзе не працую. Суд ведаў, што я маю пяцігадовую дачку. Адкуль я вазьму гэтыя грошы і як іх выплачваць, нікога не цікавіць”.

Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла абараняў Натальлю ў судовым працэсе. На ягоную думку, у Цэнтральным судзе з падачы пракуратуры створаны судовы прэцэдэнт, які можа мець сур’ёзныя наступствы для арганізацыяў, якія не зарэгістраваныя ў Мінюсьце, але маюць свой інфармацыйны сайт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG