Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦБАНК РАІЦЬ КАМЭРЦЫЙНЫМ БАНКАМ АБСЛУГОЎВАЦЬ КЛІЕНТАЎ ПА-БЕЛАРУСКУ


Юлія Шарова, Менск

Зварот Нацбанку да камэрцыйных банкаў можна лічыць плёнам настойлівасьці грамадзянаў, якія ў сваю чаргу пісалі лісты ў галоўную фінансава-крэдытную ўстанову краіны ды скардзіліся, што кліенты банкаў ня бачаць і ня чуюць роднай мовы. Пасьля шэрагу такіх запытаў ды скаргаў Нацбанк вырашыў нагадаць камэрцыйным банкам, што беларуская мова згодна з Канстытуцыяй зьяўляецца дзяржаўнай — ды разаслаў у банкі ліст. Гаворыць прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “У гэтым лісьце прапанавана, каб не было такіх выпадкаў адмовы ў прыёме плацёжных дакумэнтаў на беларускай мове, чэкавых кніжак да іншых дакумэнтаў. Таксама, калі чалавек зьвяртаецца ў Нацыянальны банк ці іншыя банкі зь лістом на беларускай мове, то яму трэба адказы даваць таксама па-беларуску”.

Апрача таго, Нацбанк рэкамэндуе фінансавым установам краіны паклапаціцца пра тое, каб рэклямная і даведачная інфармацыя ў банках была ня толькі па-расейску, але й па-беларуску. Агаворана нават тое, што па-беларуску могуць выпускацца плястыкавыя банкаўскія карткі айчыннай сыстэмы “Белкарт”. Зрэшты, спадар Журавовіч ня лічыць, што камэрцыйныя банкі занадта ахвотна пачнуць выконваць рэкамэндацыі Нацбанку, і непаразуменьні зь беларускамоўнымі кліентамі ня выключаныя. Да таго ж простыя банкаўскія клэркі могуць наогул ня ведаць пра тыя парады.

Та ці іначай, але мой суразмоўца меў рацыю. Калі я прыйшла ў адно з аддзяленьняў “Беларусбанку”, звычайная касірка сказала мне, што нічога пра ліст Нацбанку ня ведае.

(Карэпандэнт: ) “Калі вам загадае начальства, ці зможаце вы гэтага прытрымлівацца? Ці зможаце вы прыняць дакумэнты?”

(Супрацоўніца: ) “Дакумэнты прыняць змагу”.

(Карэспандэнт: ) “А адказваць кліенту па-беларуску?”

(Супрацоўніца: ) “На некаторыя пытаньні — так. Ну, таму што прызвычаіліся размаўляць па-расейску”.

Супрацоўніца аддзяленьня “Беларусбанку” на разьвітаньне сказала мне, што беларускамоўным кліентам усё адно будзе адказваць па-расейску, бо і так іх цудоўна разумее. Праўда, у лісьце Нацбанку гаворка ішла пра пісьмовыя звароты па-беларуску.

У Беларуска-швайцарскім банку таксама пакуль не сьпяшаюцца спавядаць дзьвюхмоўе. Там мне распавялі, што ліст ад Нацбанку яны атрымалі і цяпер рыхтуюць свой адказ.

(Спадарыня: ) “Да нас прыходзяць кліенты, якія размаўляюць па-беларуску. Але мы размаўляем па-расейску”.

(Карэспандэнтка: ) “А дакумэнты па-беларуску вы складаеце?”

(Спадарыня: ) “Не, толькі па-расейску”.

Такім чынам, парады Нацбанку выкарыстоўваць беларускую мову пры абслугоўваньні кліентаў пакуль выконваюцца дрэнна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG