Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСІ ПАГРАЖАЮЦЬ ХАЛОДНАЙ ЗІМОЙ?


Валер Каліноўскі, Менск

Фармальна кіраўніцтва “Газпрому” паведаміла аб тым, што незалежныя пастаўцы газу ў Беларусь кампаніі “Ітэра” і “Транснафта” аб’явілі яму пра спыненьне паставак газу ў Беларусь з 0.00 гадзін 24 студзеня, спасылаючыся на тое, што вычарпаны ліміт на студзень, і ўжо з 16 студзеня беларускім бокам распачаўся несанкцыянаваны адбор газу. На гэты момант расейскія кампаніі паставілі 1,366 мільярда кубамэтраў газу, хаця раней “Газпромам” паведамлялася, што на студзень Беларусь можа разьлічваць на 2 мільярды кубамэтраў. Паводле “Газпрому”, дакумэнтальна былі аформленыя дамовы на крыху больш як 1 мільярд кубамэтраў газу.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Газпрому” Аляксандар Разанаў пры гэтым адкрыта парэкамэндаваў Беларусі неадкладна падпісаць кантракт на пастаўку газу на 2004 год на рынкавых умовах. Спадар Разанаў заявіў, што “Газпром” больш не жадае быць дойнай каровай для Беларусі, якую ён бясплённа датуе вось ужо некалькі гадоў. Паводле кіраўніцтва “Газпрому”, беларускі бок, дамагаючыся льготных цэнаў на газ, сабатуе перамоўны працэс. Такім чынам, расейскі бок пайшоў на самыя рэзкія захады з мэтай дамагчыся прыватызацыі беларускіх магістральных газаправодаў па балянсавым кошце, аб чым ідзе спрэчка зь беларускім кіраўніцтвам ужо больш як паўгоду.

Цяпер у Менску 17 градаусаў марозу, таму відавочна, што час для дэмаршу расейскі бок выбраў зручны. Тое, што так званыя незалежныя патаўцы “Ітэра” і “Транснафта” цалкам залежаць ад “Газпрому”, у кіраўніцтве “Белтрансгазу” разумеюць і не хаваюць свайго раздражненьня з гэтай нагоды. Але ўвечары пасьля абвяшчэньня гэтага рашэньня “Газпрому” да нікога з прадстаўнікоў ураду, “Белтрансгазу” ці адміністрацыі прэзыдэнта не ўдалося датэлефанавацца. Ніякай рэакцыі не было і ў выніковых інфармацыйных праграмах Першага тэлеканалу і АНТ.

“Сытуацыя вельмі складаная, і ў ёй вінаваты беларускі ўрад, які мусіў прадугледзець падобнае разьвіцьцё падзеяў”, — заявў Свабодзе з гэтай нагоды незалежны экспэрт у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч.

Гульня з “Газпромам”, якую вяло беларускае кіраўніцтва, вельмі небясьпечная, кажа ён. Адзінае выйсьце і адзіны рэсурс для беларускага кіраўніцтва ў гэтай сытуацыі — тое, што празь Беларусь ідзе транзыт расейскага газу ў Эўропу, Беларусь павінна будзе правесьці перамовы з Польшчай і Нямеччынай, каб давесьці, што вымушаная выкарыстоўваць транзытны газ, каб бараніцца ад гвалтоўных дзеяньняў расейскага боку, упэўнены спадар Мацкевіч.

Сытуацыя тут безвыходная, у Беларусі недастакова мазуты і электраэнэргіі, каб выратавацца ад замярзаньня, таму давядзецца трапляць у такую ж сытуацыю, у якой калісьці была Ўкраіна.

Спадар Мацкевіч паведаміў, што празь Беларусь у Эўропу штомесяц ідзе каля трох мільярдаў кубамэтраў расейскага газу. На думку Валянціна Мацкевіча, сёньняшняя сытуацыя яшчэ раз даказвае, што нельга аддаваць кантрольнага пакету “Белтрансгазу” расейскаму боку, бо пакуль у беларускіх руках руках ёсьць заслонкі — яшчэ ёсьць нейкія рычагі й выхады, а калі гэта будзе належаць “Газпрому”, то і іх ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG