Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ ПАДРЫХТАВАЛІ ЗАЯВУ Ў КГБ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зьвяртацца ў КГБ сваякоў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў прымусіла безвыніковасьць расьсьледаваньняў, якія вядзе пракуратура. Нагадаю, сёлета будзе ўжо пяць гадоў, як зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі і чатыры гады з часу зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, але пракуратура, якая вядзе гэтыя справы, ня здолела за гэты час высьветліць лёсы зьніклых і знайсьці вінаватых. Прычым сваякі зрабілі выснову, што іншага і ня варта было чакаць. Чаму, тлумачыць жонка зьніклага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага Ірына:

(Красоўская: ) “Пракуратура ня хоча і ня можа расьсьледаваць, таму што галоўны падазроны – гэта генэральны пракурор. Амаль пяць гадоў, цягам якіх мы дамагаліся справядлівага расьсьледаваньня, паказалі іх нежаданьне, і далей нам з пракуратурай больш няма пра што размаўляць”.

Нагадаю, шэраг сьведкаў у справах зьніклых прыводзілі факты, паводле якіх цяперашні генэральны пракурор Віктар Шэйман можа аказацца сярод асноўных падазраваных у арганізацыі зьнікненьняў. Пра гэта казалі Алег Алкаеў, генэрал міліцыі Мікалай Лапацік, былы сьледчы пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч ды іншыя. Але сваякі зьніклых ды іх адвакаты лічаць, што пракуратура нічога не зрабіла, каб праверыць сапраўднасьць такіх падазрэньняў. У заяве ў КГБ, якую яны падпісалі, ёсьць патрабаваньне неадкладна правесьці такую праверку. Адвакат Гары Паганяйла, які дапамагаў падрыхтаваць заяву ў КГБ, паведаміў і пра іншыя патрабаваньні:

(Паганяйла: ) “Мы настойваем на перакваліфікацыі гэтых справаў на артыкул 128 Крымінальнага кодэксу – гэта артыкул пра злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва. У такой кваліфікацыі гэтыя справы падпадаюць пад расьсьледаваньні сьледчымі КГБ. У нас ёсьць падставы падазраваць, што Захаранка, Красоўскі з Ганчаром і Завадзкі былі забітыя без суду пасьля іх выкраданьня”.

Заява, пра якую распавёў Гары Паганяйла, у чацьвер будзе накіраваная старшыні КГБ спадару Ерыну. Паводле закону, у КГБ мусяць альбо задаволіць просьбу і ўзбудзіць справу, альбо адмовіць, матываваўшы адмову пэўнымі аргумэнтамі. Адмова можа стаць падставай для звароту ў беларускі суд на дзеяньні КГБ, кажа Гары Паганяйла. “Калі і праз суд ня ўдасца дамагчыся справядлівага расьсьледаваньня, мы будзем пачынаць працэдуру ўзбуджэньня справы ў адным з замежных судоў”, – заявіў адвакат сваякоў зьніклых Гары Паганяйла. Паводле ягоных зьвестак, у заяве сваякоў зьніклых у КГБ у якасьці магчыма датычных да зьнікненьняў згадваюцца таксама Юры Сівакоў, Зьміцер Паўлічэнка, Уладзімер Навумаў ды іншыя асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG