Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ДЫРЭКТАР МТЗ М.ЛЯВОНАЎ БУДЗЕ АДБЫВАЦЬ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЕ Ў МЕНСКАЙ КАЛЁНІІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

8 студзеня былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў быў пераведзены са сьледчага ізалятару ў менскую калёнію, дзе ён будзе адбываць астатнія восем гадоў зняволеньня, якое прызначыў яму Вярхоўны суд Беларусі.

Сёньня ж у пракуратуры Беларусі паведамілі, што працягваецца расьсьледаваньне аднаго з эпізодаў былой крымінальнай справы, паводле якой быў асуджаны Лявонаў. Гаворка пра эпізод аб легалізацыі амаль 20 мільёнаў даляраў, якія нібыта накраў былы дырэктар МТЗ. У пракуратуры сьцьвярджаюць, што сьляды гэтых грошай былі знойдзеныя ў адным з банкаў на Мальдыўскіх выспах, але далейшы іх лёс невядомы. Нібыта садзейнічаньне сьледзтву ў пошуках грошай аказваюць адмыслоўцы зь Нямеччыны, але пакуль безвынікова. Што да Міхаіла Лявонава, дык ён па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і адмаўляецца дапамагаць сьледзтву.

Між тым, адвакат Міхаіла Лявонава Аляксандар Самусеў заявіў Радыё Свабода, што яму нічога не вядома пра працяг расьсьледаваньня нейкага эпізоду справы ягонага падабароннага. Паводле абаронцы, зь Лявонавым ніякіх сьледчых дзеяньняў не вядзецца ўжо блізу году. “Калі справа сапраўды працягвае расьсьледавацца, гэта я лічу грубым парушэньнем правоў майго падабароннага, паколькі ён мае права гэта ведаць і рабіць пэўныя захады, а ён нават нічога ня ведае”, — лічыць Аляксандар Самусеў.

У судовым прысудзе Лявонаву прапанавана да 1 лютага гэтага году вярнуць скрадзеныя грошы, але што рабіць, калі гэтага не адбудзецца, ніхто пэўна не ўяўляе. На грашовым рахунку Лявонава ў адным зь менскіх банкаў было каля 12 тысяч даляраў. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць ягоны аўтамабіль “Крайсьлер”, які ацэньваецца прыкладна на такую ж суму. Яшчэ некалькі тысяч даляраў судовыя выканаўцы могуць здабыць, канфіскаваўшы частку мэблі і рэчаў з кватэры былога дырэктара. Але ў любым выпадку гэтак набярэцца ня больш за 30 тысяч даляраў.

Суд таксама пастанавіў накласьці арышт на грашовыя рахункі ў замежных банках жонкі і дачок Лявонава. Гэта яшчэ блізу 600 тысяч даляраў, але пакуль невядомы мэханізм, з дапамогай якога гэтыя грошы магчыма вярнуць у Беларусь. Між тым, і сваякі Лявонава і ён сам працягваюць настойваць на тым, што ніякіх замежных рахункаў ніколі ня мелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG