Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” ПРАПАНУЕ БЕЛАРУСІ ГАЗ ЗА 50 ДАЛЯРАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

24 сьнежня на газавыя тэмы па тэлефоне гаварылі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін. 25 сьнежня пасьля іх даручэньня ў Маскве сустракаліся прэм’еры Сяргей Сідорскі й Міхаіл Касьянаў. Беларускі прэм’ер пасьля гэтай сустрэчы адрапартаваў, што ўсе газавыя праблемы вырашаныя: Беларусь атрымае газ па ўнутрырасейскіх коштах, прапанаваны варыянт прыватызацыі “Белтрансгазу” з удзелам “Газпрому” ў працэнтных суадносінах 50 на 50. Карацей, заставалася толькі падпісаць кантракт на пастаўку газу ў Беларусь.

26 сьнежня старшыня РАТ “Газпром” Аляксей Мілер прыняў беларускага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку. Гэтая сустрэча мела эфэкт халоднага душа для беларускага боку. У наступным годзе “Газпром” гатовы паставіць у Беларусь толькі 10,2 мільярда кубамэтраў газу, гэта адпавядае сёлетняму ўзроўню, яшчэ 6 мільярдаў — незалежныя пастаўшчыкі. Такім чынам, Беларусь не атрымае жаданых 20,5 мільярда кубамэтраў газу. Пры гэтым “Газпром” па-ранейшаму настойвае на рынкавых умовах падпісаньня кантракту. Прэсавы сакратар Аляксея Мілера Сяргей Купрыянаў адказвае на пытаньне Свабоды пра тое, як паўплываў пасьля ўчорашняй сустрэчы з Сідорскім на хаду газавых перамоваў расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў:

(Купрыянаў: ) “Загаду няма, пра такія дамоўленасьці мы не ведаем. Сёньня была сустрэча Мілера і Сямашкі, і ў цэлым раз’ехаліся прыкладна на тым жа, што і было некалькі дзён таму.”

Паводле Сяргея Купрыянава, пазыцыя “Газпрому” застаецца ранейшая — беларускі бок павінен рыхтавацца да падпісаньня кантракту на рынкавых умовах. Наконт пэўных саступак зь беларускага боку што да прыватызацыі “Белтрансгазу” Сяргей Купрыянаў заявіў:

(Купрыянаў: ) “Так, ёсьць пэўны прагрэс па СП, але нашая пазыцыя цяпер адназначная: ёсьць СП, ня проста пратаколы, а ўжо створанае СП, падпісаныя заснавальныя дакумэнты, — ёсьць кошты пятага поясу. Няма СП — 50 даляраў”.

Паводле прэсавага сакратара Мілера Сяргея Купрыянава, прапанова беларускага боку падзяліць акцыі “Белтрансгазу” роўна напалову заслугоўвае ўвагі і вывучэньня. Што да прапановы прыцягнуць незалежных экспэртаў да ацэнкі іх кошту, то “Газпром” ад пачатку казаў пра гэта, праўда, там перакананыя, што незалежная ацэнка кошту “Белтрансгазу” наблізіцца да балянсавага кошту кампаніі, а не да 5 мільярдаў даляраў, пра якія кажа беларускі ўрад.

Але пакуль будуць працаваць незалежныя экспэрты і стварацца СП, — закончыцца год, а разам зь ім і ранейшы кантракт. Што будзе з пастаўкамі газу, калі беларускі бок не пагодзіцца на рынкавы кошт, ці калі да Новага году ня ўдасца рэальна сфармаваць газатранспартнае СП на базе “Белтрансгазу”. Гаворыць прэсавы сакратар А.Мілера Сяргей Купрыянаў:

(Купрыянаў: ) “Калі ня будзе падпісаны кантракт, то з газам будзе кепска. Хутчэй за ўсё, давядзецца ўводзіць абмежаваньне паставак”.

Сяргей Купрыянаў не выключае магчымасьці падпісаньня часовага кантракту, напрыклад, на першы квартал, каб пасьпець палагодзіць усе неабходныя фармальнасьці. Сяргей Купрыянаў заявіў, што “Газпром” хоча ўвайсьці ў новы год са зразумелымі і дакладна акрэсьленымі стасункамі з Беларусьсю. Тым часам, у Маскву сёньня адбыў гендырэктар “Белтрансгазу” Пётар Пётух, ягоны намесьнік Дзьмітры Анюк, прадстаўнікі Мінэнэрга. Афіцыйны Менск па-ранейшаму настойвае на ўнутрырасейскіх коштах на газ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG