Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ДЫРЭКТАР МЕНСКАГА ТРАКТАРНАГА ЗАВОДУ МІХАІЛ ЛЯВОНАЎ АСУДЖАНЫ НА 10 ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ З КАНФІСКАЦЫЯЙ МАЁМАСЬЦІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхаіл Лявонаў прызнаны вінаватым ў крадзяжы вялікай сумы грошай, атрыманьні хабару, легалізацыі скрадзеных сродкаў і ўхіленьні ад уплаты падаткаў. Кожнае з гэтых злачынстваў лічыцца цяжкім і прадугледжвае вялікае турэмнае пакараньне, але найбольш – 10 гадоў зьняволеньня – суд прысудзіў Лявонаву за крадзеж каля 20 мільярдаў рублёў. Гэты тэрмін ён і мусіць правесьці за кратамі. Да таго ж суд канфіскаваў усю ягоную маёмасьць і вырашыў задаволіць маёмасныя пазовы да яго. Міхаілу Лявонаву прапанавана да канца студзеня наступнага года добраахвотна вярнуць гэтыя грошы.

Па 10 з 14 пунктаў абвінавачваньня Лявонаў быў апраўданы. У тым ліку ў эпізодзе аб тым, што Лявонаў нібыта скраў на МТЗ мабільны тэлефон, падрабіў справаздачу пра камандзіроўку ў Балгарыю, а таксама некалькі больш істотных эпізодаў, зьвязаных з хабарніцтвам і крадзяжом вялікіх сумаў. Гэта асабліва падкрэсліў Міхаіл Лявонаў у сваім камэнтары да прысуду, зробленым на просьбу Радыё Свабода пасьля заканчэньня працэсу.

(Лявонаў: ) ”Вы чулі, што 80 адсоткаў абвінавачаньня ўжо адхіленыя судом, і гэта ёсьць доказам маёй невінаватасьці. А што тычыцца астатніх пунктаў абвінавачваньня, я лічу, што мая віна не была даказаная“.

Аднак у гэты момант ахоўнікі, пачуўшы, што Лявонаў выказвае нязгоду з прысудам, пачалі выпіхваць карэспандэнтаў за дзьверы суду. Працяг прамовы Лявонава перад сваякамі і сябрамі давялося чуць праз прычыненыя дзьверы. Лявонаў цытаваў філосафа Імануіла Канта, які перасьцерагаў людзей ад несправядлівага суду, бо такі суд ня лічыць чалавека за найвялікшую каштоўнасьць. Напрыканцы Лявонаў падзякаваў усім за падтрымку і павіншаваў з Новым годам.

Пазьней я зьвярнуўся да людзей, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Міхаіла Лявонава. Намесьнік начальніка цэху МТЗ Мікалай Краўчанка быў абураны прысудам свайму былому дырэктару:

(Краўчанка: ) ”Яго добрасумленнасьць і маральнасьць нельга ні з чым параўнаць. Ня ведаю, навошта ўсё гэта зроблена. А пачалося ўсё з таго, як у “Народнай волі” зьявіўся артыкул, дзе ён быў названы кандыдатам у прэзыдэнты”.

Паколькі Лявонаў ужо адбыў за кратамі амаль 2 гады, яму застаецца сядзець яшчэ 8 гадоў, да таго ж яшчэ на 5 гадоў яго пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады. Такім чынам, магчымая палітычная кар’ера былога дырэктара МТЗ сапраўды пад вялікім пытаньнем. Сам ён ў сваім заключным слове нічога не казаў пра палітычны характар ягонага перасьледу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG