Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ФОТАМАСТАКІ АБ’ЯДНАЛІСЯ


Валянціна Аксак, Менск

Першую спробу аб’яднацца ў творчую агульнабеларускую суполку фотамайстры краіны зрабілі яшчэ ў 1990 годзе. Але да юрыдычнага завяршэньня гэты працэс дайшоў толькі праз 13 гадоў. Цікава, што аб’яднаньне фотамастакоў адбылося ў час, калі творчыя саюзы перажываюць ня лепшыя часы. На апошняй сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне наконт мэтазгоднасьці іхняе дзейнасьці. Нават само слова “саюз” у назовах грамадзкія суполкі, паводле тлумачэньняў Міністэрства юстыцыі, ужо ня маюць права выкарыстоўваць. Такое адкрыцьцё было зробленае фотамастакамі пры падрыхтоўцы свайго ўстаноўчага зьезду. Гаворыць сябра аргкамітэту кіраўнік галерэі візуальнага мастацтва “Нова” Ўладзімер Парфянок:

(Парфянок: ) “Мы ня можам карыстацца словам “саюз”, таму што цяпер яно можа азначаць толькі аб’яднаньне аб’яднаньняў, аб’яднаньне юрыдычных асобаў, а мы аб’яднаньне фізычных асобаў. Таму нам забаронена карыстацца словам “саюз” у назове сваёй арганізацыі”.

Афіцыйна арганізацыя будзе называцца Беларускае грамадзкае аб’яднаньне “Фотамастацтва”. На яе ўстаноўчы зьезд сабралася болей за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод прысутных былі заўважаныя Сяргей Грыц, Анатоль Кляшчук, Сяргей Плыткевіч, Алена Адамчык, Георгі Ліхтаровіч і многія іншыя вядомыя беларускія фатографы. Усе яны перакананыя ў неабходнасьці аб’яднаньня. Знаны ня толькі ў Беларусі фотамастак Дзяніс Раманюк бачыць у аб’яднаньні практычны сэнс:

(Раманюк: ) “Найперш дзеля абароны аўтарскіх правоў. Бо ў нашай краіне яны не абараняюцца нікім, ні дзяржавай, ні намі асабіста. Бо любы, да каго мы зьвяртаемся, калі бачым скрадзены ў нас здымак, нас пасылае проста на тры літары. Таму ў першую чаргу для мяне асабіста саюз фатографаў Беларусі — гэта арганізацыя, якая зможа абараняць нашыя аўтарскія правы”.

Дзяніс Раманюк прыехаў на зьезд зь Вільні, дзе часта і падоўгу працуе і бачыць, як фінансава падтрымлівае літоўская дзяржава сваіх мастакоў. Беларускія ж мараць, каб дзяржава хаця б не перашкаджала іхняй творчасьці. Свае матэрыяльныя патрэбы яны зьбіраюцца забясьпечваць праз стварэньне сеткі малых вытворчых прадпрыемстваў. Што запісана ў прынятым на зьезьдзе статуце.

Старшынём Беларускага грамадзкага аб’яднаньня “Фотамастацтва” зьезд абраў Вадзіма Качана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG