Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ ЛІЧАЦЬ “ЖОРСТКІМІ, АЛЕ СПРАВЯДЛІВЫМІ” ПРАПАНОВЫ ПРАДСТАЎНІКА ПАРЭ ХРЫСТАСА ПУРГУРЫДЭСА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сваякі зьніклых палітыкаў прыхільна ўспрынялі прапановы Хрыстаса Пургурыдэса наконт актывізацыі расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых у выкраданьні іх родных. Ірына Красоўская, жонка зьніклага разам з вядомым палітыкам Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, лічыць гэтыя прапановы “жорсткімі, але справядлівымі”:

(Красоўская: ) ”Упершыню на такім ўзроўні сказана пра магчымае дачыненьне да зьнікненьняў такіх асобаў, як генэральны пракурор, міністар спорту ды іншых. Гэта тое, пра што мы казалі даўно. Хоць санкцыі прапануюцца вельмі жорсткія, але іншага выйсьця няма”.

Нагадаю, аўтар справаздачы для ПАРЭ паводле расьсьледаваньняў справаў зьніклых Хрыстас Пургурыдэс прапанаваў шэраг санкцыяў супраць высокіх службовых асобаў Беларусі. У прыватнасьці, ён прапанаваў дамагацца адстаўкі генэральнага пракурора Віктара Шэймана ды завядзеньня крамінальнай справы, якая б высьветліла ягоную магчымую датычнасьць да зьнікненьняў, а таксама магчымую датычнасьць міністра спорту Юрыя Сівакова, былога камандзіра СОБРа Паўлічэнкі ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў. Каб прымусіць кіраўніцтва Беларусі пайсьці на гэтыя крокі, спадар Пургурыдэс прапанаваў ужыць максымум палітычнага ціску, улучна з санкцыямі. Сьвятлана Завадзкая, чый муж больш за 3 гады таму быў скрадзены і дагэтуль ня знойдзены, мяркуе, што гэтыя захады могуць мець станоўчы вынік:

(Завадская: ) “Эўрапейцы падымуць усе дамовы, якія падпісвала Беларусь з Радай Эўропы, з рознымі краінамі, і на падставе іх будуць дамагацца, каб да расьсьледаваньня на тэрыторыі краіны былі дапушчаныя незалежныя сьледчыя. Такі прэцэдэнт ужо быў зь Лібіяй. Там таксама адмаўляліся, але былі вымушаныя дапусьціць да расьсьледаваньня замежнікаў”.

Паводле Сьвятланы Завадзкай, адмова Аляксандра Лукашэнкі выканаць патрабаваньні ПАРЭ будзе азначаць, што і на яго асабіста лягуць падазрэньні ў датычнасьці да злачынстваў супраць апазыцыянэраў.

Сьведка ў справе зьніклых, былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў лічыць вельмі слушнай яшчэ адну прапанову Хрыстаса Пургурыдэса. Гаворка ідзе пра параду распачаць у эўрапейскіх судах пэўныя юрыдычныя працэдуры супраць тых беларускіх чыноўнікаў, якія, мажліва, датычныя да забойства людзей паводле палітычных прычынаў.

(Алкаеў: ) “Звычайны бюракратычны мэханізм мусіць запрацаваць, і тады гэтае кола закруціцца, справа зрушыцца зь мёртвай кропкі. Канечне, праўды яны ня скажуць, я добра ведаю гэтых людзей, але перакананы, што зьявяцца тыя людзі, якія нешта пэўнае новае ведаюць. І тады ім не адкруціцца. Хай часьцей глядзяць на кадры з арыштаваным Хусэйнам і задумваюцца”.

Патлумачу, што законы некаторых эўрапейскіх краінаў, у прыватнасьці, Бэльгіі, прадугледжваюць магчымасьць суду над злачынцамі супраць чалавечнасьці. А менавіта такім злачынствам ёсьць выкраданьне і зьнішчэньне людзей паводле палітычных прычынаў.

У пракуратуры Беларусі адмовіліся камэнтаваць прапанову адстаўкі генэральнага пракурора Віктара Шэймана, спаслаўшыся на тое, што там яшчэ не чыталі даклад спадара Пургурыдэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG