Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ РАЎНД ГАЗАВЫХ ПЕРАМОВАЎ У МАСКВЕ


Валер Каліноўскі, Менск

У Савеце Міністраў паведамілі, што беларуская дэлегацыя, у складзе якой віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка і кіраўнік “Белтрансгазу” Пётар Пётух, адбыла ў Маскву на два дні. Але ня выключана, што яны могуць затрымацца, паколькі перамовы вельмі складаныя. Учора ў “Газпроме” беларускую дэлегацыю прыняў намесьнік старшыні праўленьня кампаніі Аляксандар Разанаў, паведаміў кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Яны ўчора былі, абмеркавалі шэраг пытаньняў, але пакуль няма нейкіх асаблівых вынікаў”.

Паводле Ігара Валабуева, цяпер беларускае кіраўніцтва “ўзяло паўзу”. Калі кантракт на пастаўку расейскага газу ня будзе падпісаны да 25 сьнежня, то ў студзені Беларусь можа застацца бяз газу.

Сёньня Ўладзімер Сямашка і Пётар Пётух праводзілі перамовы ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі. Іх прыняў міністар Ігар Юсуфаў, — паведаміў кіраўнік прэсавай службы расейскага Мінэнэрга Юры Нагаткоў. Ён зазначыў, што перамовы складаныя, сёньня ўвечары яны яшчэ працягваліся, і ніякіх вынікаў вядома не было:

(Нагаткоў: ) “Ну, калі з паловы дзясятай раніцы ідуць перамовы, значыць, разумееце, што яны нялёгкія… І адносна ўласнасьці, і адносна ўсяго, і тарыфаў на перапампоўваньне, і адносна нафтпрадуктапровадаў таксама. Што ж вы думаеце, проста так будуць у Беларусь рабіцца пастаўкі?”

Такім чынам, спадар Нагаткоў пацьвердзіў, што ў Мінэнэрга Расеі абмяркоўваецца цэлы комлекс энэргетычных праблемаў Беларусі, у тым ліку лёс спрэчных прадуктапровадаў, вяртаньне доўгоў за энэрганосьбіты, прыватызацыя “Белтрансгазу”.

Беларускі ўрад па-ранейшаму не разглядае магчымасьцяў пераходу на рынкавы кошт газу, спадзяецца на вяртаньне да ранейшай ільготнай цаны пятага цэнавага поясу Расеі.

Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандар Сівак зазначыў, што ўрад разьлічвае на рост цэнаў на газ на 20%:

(Сівак: ) “На 20% Расея ў сябе кошт уздымае, і ў нас, калі мы дамовімся паводле пятага цэнавага поясу, будзе, як у Расеі. Гэта рэальна, чаму ж не. Мы ідзем на кампрамісы нейкія, чаму ж нерэальна”.

Удакладніць, на якія кампрамісы і саступкі гатовы пайсьці беларускі бок, намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандар Сівак не захацеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG