Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ БАРАДЗІН СПРАБУЕ АБ’ЯДНАЦЬ ФУТБОЛЬНЫЯ ЧЭМПІЯНАТЫ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ


Ігар Карней, Менск

Павал Барадзін удзельнічае адразу ў дзьвюх выбарчых кампаніях: спрабуе стаць дэпутатам Дзярждумы і адначасова зьбіраецца паспрачацца за крэсла кіраўніка Расейскага футбольнага саюзу (РФС). Таму шмат якія назіральнікі перакананыя: спробы згуляць на настальгічных пачуцьцях пэўнага кола людзей і нараджаюць такія фантастычныя ідэі. Спадар Барадзін не хавае, што аўтар ідэі — ягоны калега па “Эўразійскай партыі” Яўген Прымакоў.

“Дзеля таго, каб ва ўмовах суровай рэчаіснасьці якасна разьвіваўся футбольны бізнэс, неабходна 300 мільёнаў спажыўцоў, — заявіў Барадзін у часе рэгістрацыі кандыдатам на кіраўніка РФС. — Таму адраджэньне саюзнага чэмпіянату можа падняць на іншы ўзровень відовішчнасьць і клясу гульні”.

А вось беларускія адмыслоўцы меркаваньня расейскіх энтузіястаў не падзяляюць. Галоўны трэнэр моладзевай футбольнай каманды Юры Пунтус лічыць, што вяртаньне да саюзнага чэмпіянату цалкам немагчымае.

(Пунтус: ) “Па вялікім рахунку, нам гэта не патрэбна. Гледачоў ад таго, што вернецца “саюз”, не дабавіцца. Да таго ж, мы гаворым пра тое, як знайсьці паўмільёна даляраў для ўсяго футбольнага бюджэту краіны, і дай Бог яшчэ выжыць. У расейскіх камандаў у актыве па 20 мільёнаў — пра якія “спаборніцтвы роўных” можна весьці гаворку? Зноў жа, адгародзім сябе ад Эўропы. Груба кажучы, гэта трызьненьне. Калі будуць прымушаць, то аўтаматычна апынемся на задворках, будзем толькі коштам энтузіязму зь некім змагацца. Але гэта нерэальна, мы сёньня ў розных вагавых катэгорыях — не паводле спартовага прынцыпу, а паводле футбольна-эканамічнага”.

Думку Юрыя Пунтуса падзяляе і самы знакаміты беларускі футбольны судзьдзя Вадзім Жук. Спадар Жук кажа, што ў выпадку рэалізацыі падобная схема прывядзе Беларусь да міжнароднай ізаляцыі.

(Жук: ) “Пытаньне ў тым, ці будзем мы мець выхад на міжнародную арэну, удзельнічаць у Эўракубках — бо калі будзе адзіны чэмпіянат, то на Эўропу будуць трапляць толькі прызэры. Падстава для ўдзелу ў эўрапейскіх спаборніцтвах — нацыянальнае першынство. А атрымліваецца, што яго ўвогуле ня будзе! Галоўны прывілей нашага нацыянальнага чэмпіянату — удзел і нашай зборнай, і клюбаў у міжнародных спаборніцтвах. А калі клюбы пойдуць у расейскую лігу, то, натуральна, гаварыць пра Эўракубкі, што ёсьць галоўным сэнсам нацыянальных чэмпіянатаў, не выпадае. Паводле ўзроўню расейскі чэмпіянат мацнейшы, і нашыя наўрад ці замацуюцца ў вышэйшай частцы турнірнай табліцы. Але калі Барадзін нават такое задумаў, то будуць вельмі працяглыя кансультацыі ня толькі з выканкамам нашай фэдэрацыі, але і з міжнароднымі арганізацыямі — ФІФА і УЭФА”.

Футбольныя пераўтварэньні ў аўтарскім выкладаньні Барадзіна і Прымакова не ўспрымаюць і ў Расейскім футбольным саюзе. Вось што з гэтай нагоды кажа генэральны сакратар РФС Уладзімер Радзівонаў:

(Радзівонаў: ) “Я ня думаю, што зараз гэта рэальна, таму што шмат спаборніцтваў адбываюцца на міжнародным узроўні. Калі гэта зрабіць, якім чынам клюбы будуць браць удзел у эўрапейскіх турнірах? Што такое тады ўвогуле будзе Ліга чэмпіёнаў? Што, мы будзем толькі адзін клюб выстаўляць? Гэта незразумелая прапанова. Я ня бачу нават у пэрспэктыве ніякіх аб’яднаных чампіянатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG