Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ КАСЬЯНАЎ НАСТОЙВАЕ НА РАСЕЙСКІМ РУБЛІ ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Выканаўца абавязкаў прэм’ера Беларусі Сяргей Сідорскі пасьля абмеркаваньня рублёвай тэмы на паседжаньні так званага саюзнага Саўміна заявіў, што ня бачыць прычынаў для пераносу тэрміну ўвядзеньня расейскага рубля. Аднак пры гэтым ён падкрэсьліў ранейшую ўмову Менску, што такое рашэньне павінна быць прынята толькі “ў пакеце пагадненьняў з Расеяй, якія датычаць разьвіцьця эканомікі Беларусі і сацыяльнай абароны насельніцтва”. Гэты прапанаваны беларускім бокам пакет прадугледжвае шматузроўневую кампэнсацыю Беларусі, стварэньне адзіных умоваў гаспадараньня ды іншае.

Сяргей Сідорскі зазначыў, што гэтым разам пазыцыі бакоў у рублёвым пытаньні наблізіліся, і экспэртам даручана да 20 сьнежня завершыць працу. Пасьля гэтага ў Менск прыедзе расейскі віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын для канчатковага ўрэгуляваньня.

На гэты ж тэрмін — на апошнюю дэкаду сьнежня — перанесенае і падпісаньне пагадненьня аб энэргетычным балянсе Беларусі й Расеі на будучы год. Бакі абмеркавалі й праблему паставак расейскага газу ў Беларусь, зьвязаную са стварэньнем на базе “Белтрансгазу” сумеснага прадпрыемства з удзелам расейскага “Газпрому”, але таксама ніякага рашэньня прынята не было. Нават праект бюджэту саюзу быў ухвалены з агаворкамі, — такім чынам, відавочнага прагрэсу па вострых пытаньнях расейска-беларускіх адносінах няма і гэтым разам.

Затое яшчэ больш відавочнай сталася настойлівасьць расейскага боку ў навязваньні Беларусі пераходу на расейскі рубель з 2005 году.

Незалежны беларускі эканаміст Уладзімер Усоскі называе гэта спробай Масквы “зачапіць Беларусь яшчэ адным кручком”. Беларускае кіраўніцтва будзе працягваць марудзіць з аб’яднаньнем грашовых сыстэмаў, упэўнены ён:

(Усоскі: ) “Малаверагоднае, я думаю, гэтае аб’яднаньне, таму што ўжо праблема, якая была ўзьнятая прэзыдэнтам зь “Белтрансгазам”, сьведчыць, што і гэта нявыгадна, і грашовае аб’яднаньне далёкае ад нейкай выгады для Беларусі. Думаю, што ўсё будзе ў тым жа рэжыме, як было з 1993 году”.

Прадстаўнік Нацбанку Беларусі Міхаіл Журавовіч з нагоды сёньняшніх перамоваў пацьвердзіў, што пазыцыя Беларусі засталася нязьменная: увядзеньне безнаяўнага расейскага рубля неактуальнае, а для ўвядзеньня наяўнага патрэбна падпісаць шэраг іншых кампэнсацыйных пагадненьняў. Тым ня менш, магчымасьць чыста тэхнічна ажыцьцявіць перавод Беларусі на расейскую валюту з 2005 году рэальная, — зазначылі ў Нацбанку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG