Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАВЫ ЧЫНОЎНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускіх чыноўнікаў пераводзяць на кантракты, што, на думку адмыслоўцаў, робіць іх неабароненымі перад дзяржавай і спараджае яшчэ большую бюракратыю ва ўладнай сыстэме. Прававое становішча беларускага чыноўніцтва разглядае намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Вось прыклад Ляўковіча зь Берасьця, які выкладае ў Берасьцейскім пэдагагічным унівэрсытэце. Паводле конкурсу навуковец атрымаў пасаду загадчыка катэдры, дык яго цяпер прымушаюць заключыць кантракт, каб потым лёгка звольніць праз гэтыя быццам прававыя мэханізмы”, — вядомы праваабаронца Гары Паганяйла згадаў гісторыю аднаго з кіраўнікоў берасьцейскіх сацыял-дэмакратаў Анатоля Ляўковіча, які працуе ў дзяржаўнай навучальнай установе і фактычна ёсьць дзяржаўным службоўцам.

Паводле Гары Паганяйлы, з Анатолем Ляўковіч ўлады спрабуюць паквітацца за ягоную апазыцыйную дзейнасьць. Каб звольніць яго з працы, начальства выкарыстоўвае перавод на кантракт. Цяпер у Беларусі гэта агульная практыка. З новага году, падзяліўся зьвесткамі з дасьведчаных крыніцаў Гары Паганяйла, нават супрацоўнікаў пракуратуры перавядуць на кантракты, якія трэба будзе аднаўляць кожны год. Добра гэта ці дрэнна?

Гары Паганяйла лічыць, што кантрактная сыстэма прывядзе да зьніжэньня прававой аброненасьці чыноўнікаў. Вышэйшае начальства атрымае выдатную прыладу, каб пазбаўляцца ад іншадумцаў ды прымушаць падначаленых рабіць тое, што яму трэба. Між тым, патрэбы начальства зусім неабавязкова адпавядаюць закону, як сьведчыць сучасны беларускі досьвед. Прыклад — у гісторыі, якую прывёз з Ваўкавыску наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў. Нядаўна ў тамтэйшай падатковай інспэкцыі разарвалі кантракты адразу з трыма інспэктарамі, якія выступілі супраць начальства.


* * *
(С.Астраўцоў: ) “Гаворыць Уладзімер Асіпенка:

(Асіпенка: ) “Масавае звальненьне пачалося пасьля таго, як работнікі гэтага сэктару далі праўдзівыя паказаньні Камітэту барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Гарадзенскай вобласьці па фактах карупцыі ў кіраўніцтве інспэкцыі”.

Супрацоўнік камітэту Міхаіл Казлоў пацікавіўся ў спадара Асіпенкі, чаму ён не зрабіў захадаў па фактах праверкі прадпрымальніка Карпенюка і зусім ня стаў правяраць прадпрымальніка Тараканаву. Інспэктар прызнаўся, што дзейнічаў згодна з указаньнем свайго начальства. Даведаўшыся, што інспэктары давалі паказаньні, з Горадні з абласной інспэкцыі прыслалі праверку.

(Асіпенка: ) “Для правядзеньня расьсьледаваньня прыбыў работнік аддзелу інспэктарскай работы Мікалай Басалыга, які стараўся, як мы пазьней зразумелі, многія факты зарэтушаваць, карацей, зрабіць так, каб ва ўсім вінаватыя былі мы. Усе факты, якія былі намі выкладзеныя, павярнуліся супраць нас”.

Было вырашана разарваць кантракт з тымі, хто “шукаў праўды”. Для ўнутранага расьсьледаваньня стварылі камісію. Звольненыя інспэктары лічаць, што яна займалася не высьвятленьнем прычынаў карупцыі ў кіраўніцтве, а пошукам на іх кампрамату. Уладзімер Асіпенка, Анатоль Дзешка і Юры Піваварчык падалі заявы ў суд для аднаўленьня на працы. Дзешка прайграў суд. Асіпенка — таксама, хаця меў на працы толькі падзякі. Праўдя, суд пастанавіў, што яму павінны заплаціць за 15 дзён вымушанага прагулу. Трэці, Піваварчык, згадзіўся на міравое пагадненьне.

Анатоль Дзешка гаворыць, што яго больш за ўсё ўразіла, як іх з Асіпенкам звальнялі. Абодва былі на бальнічным. Але кіраўніцтва інспэкцыі папрасіла начальства тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня паспрыяць.

(Дзешка: ) “Была створана камісія ў ТМА, на якой я прысутнічаў, і камісія пацьвердзіла дыягназ — што так, сапраўды, я хворы. Гэтыя зьвесткі ўразілі кіраўніцтва інспэкцыі. Праз два дні была зноў сабраная камісія, якая, нават не паглядзеўшы мяне, дала заключэньне, што я здаровы. Першага кастрычніка я выйшаў на працу, са мной адразу быў разарваны кантракт, я быў звольнены. А праз два дні я трапляю ў шпіталь зь цяжкім запаленьнем лёгкіх”.

Падобным чынам зрабілі й з Уладзімерам Асіпенкам. Ён перакананы, што ім адпомсьцілі за тое, што вынесьлі сьмецьце з хаты”.

Уладзімер Асіпенка гаворыць пра мэханізмы працы падатковай службы. Адных прадпрымальнікаў штрафуюць, іншых не чапаюць. А каб абвінаваціць інспэктараў, праводзяць пасьля іх паўторныя праверкі, каб давесьці, што яны не пакаралі дастаткова жорстка каго-небудзь з прадпрымальнікаў. Пакуль трымаесься гэтых правілаў гульні, ты — добры. Як толькі парушыў, робісься адступнікам, ахвярай”.


* * *
Вынікам пераводу чыноўнікаў на кантракты стане зусім не паляпшэньне іх працы, а яшчэ большая бюракратычнасьць сыстэмы кіраваньня, яе адарванасьць ад патрэбаў простых людзей, лічыць праваабаронца Гары Паганяйла. Ягоны галоўны аргумэнт наступны:

(Паганяйла: ) “Любы кантрактнік аказваецца ў падвешаным стане, ягоны лёс найперш залежыць ад чыноўніка, а не ад закону, і таму не на закон будзе арыентавацца чыноўнік, а на волю і настроі свайго кіраўніка. Гэтак будуецца бюракратычны лад зь вялікімі магчымасьцямі парушаць правы людзей”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG