Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАРЫ КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ЗРАБІЛІ ЗАЯВУ ПРА СЫТУАЦЫЮ СА СМІ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Амбасада Італіі ў Беларусі, якая цяпер рэпрэзэнтуе ў Менску ўвесь Эўразьвяз, у чацьвер распаўсюдзіла заяву, ухваленую кіраўнікамі эўрапейскіх дыпмісіяў на іх агульным сходзе. Яны нагадваюць, што за апошні час гэтая тэма агучвалася не аднойчы — у зьвязку з трохмесячным прыпыненьнем дзейнасьці вядучай незалежнай газэты “Белорусская деловая газета”. Эўрапейскія амбасадары заяўляюць, што спыненьне выхаду штодзённага выданьня раўназначнае яго закрыцьцю: “Тэрмін прпыненьня ўжо скончыўся, але былі створаныя настолькі жорсткія ўмовы яе распаўсюду, што газэта практычна ня ў стане аднавіць выданьне”.

Заява адзначае, што яшчэ адной крыніцай занепакоенасьці ёсьць зьмест праекту закону аб СМІ, які ўрад Беларусі наважаны перадаць парлямэнту найбліжэйшым часам. На мінулым тыдні ў Вене, падчас сэсіі Сталай рады АБСЭ, гэтая заклапочанасьць была выказаная зноў, гэтаксама як і надзея на тое, што беларускія ўлады возьмуць яе пад увагу, арганізаваўшы грамадзкі дыялёг, які ня меў месца дагэтуль, наконт праекту закону аб СМІ.

Кіраўнікі місіяў краінаў Эўразьвязу і краінаў-кандыдатаў на далучэньне да гэтай арганізацыі ў сваёй заяве таксама выказваюць расчараваньне з нагоды нежаданьня беларускага міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча сустрэцца дзеля абмеркаваньня тэмы свабоды СМІ ў Беларусі — нягледзячы на тое, што просьба наконт гэтай сустрэчы, датаваная яшчэ чэрвенем, паўтаралася з розных нагодаў.

Варта дадаць, што ў чэрвені міністрам інфармацыі быў яшчэ Міхаіл Падгайны, які таксама не хацеў сустракацца з эўрапейскімі дыпляматамі. А цяперашні міністар Уладзімер Русакевіч цяпер знаходзіцца ў Маскве, дзе ўзяў удзел у адкрыцьці міжнароднай выставы “Прэса-2004”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG