Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДВАКАТЫ М.ЛЯВОНАВА ДАКАЗВАЮЦЬ У СУДЗЕ НЕВІНАВАТАСЬЦЬ СВАЙГО ПАДАБАРОННАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе ў Вярхоўным судзе Беларусі над экс-дырэктарам МТЗ Міхаілам Лявонавым настала чарга выступаць ў судовых спрэчках абаронцам абвінавачанага. Прамова адвакатаў Аляксандра Самусева і Андрэя Невядоўскага выкладзеная больш чым на ста аркушах і працягласьцю не саступае прамове прадстаўнікоў абвінавачаньня. Супрацоўнікі пракуратуры амаль два дні абгрунтоўвалі сваё патрабаваньне пакараць Лявонава 12 гадамі пазбаўленьня волі. Адвакаты сёньня пачалі гэтак сама падрабязна крок за крокам аспрэчваць аргумэнты абвінавачаньня. Паводле адвакатаў, зрабіць гэта будзе ня вельмі складана, бо абвінаваўцы нібыта ня здолелі прывесьці пераканаўчых доказаў віны Міхаіла Лявонава.

(Самусеў: ) “Фактычна ўсе матэрыялы справы абвяргаюць высновы сьледзтва аб вінаватасьці Лявонава, і таму ў нас не было асаблівых цяжкасьцяў у падрыхтоўцы да спрэчак. Контараргумэнтаў у нас дастаткова. Сумленны аналіз усіх матэрыялаў непазьбежна прывядзе да высноваў аб невінаватасьці Лявонава”, — заявіў Радыё Свабода адвакат Аляксандар Самусеў.

Сваю прамову абаронцы плянуюць завершыць у панядзелак 24 лістапада. Ня выключана, што тады ж выступіць з апошнім словам і абвінавачаны былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў. Нагадаем, дагэтуль сваёй віны ён не прызнаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG