Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎНІВЭРСЫТЭТАХ ПАЧАЛІ ВЫКЛАДАЦЬ ІДЭАЛЁГІЮ


Галіна Абакунчык, Менск

Праграма ідэалягічнага выхаваньня моладзі ў вышэйшай школе была распрацаваная ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Сярод яе асноўных палажэньняў: Канстытуцыя як прававая аснова дзяржавы, месца ў ёй прэзыдэнта, грамадзкіх арганізацыяў, гістарычныя аспэкты ідэалёгіі. Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва, якая раней узначальвала ўправу адукацыі ў Магілёве, сьцьвярджае, што гэтая праграма не палітычная, але акадэмічная:

(Кавалёва: ) “Гэта пералік пытаньняў, якія даюць магчымасьць маладому чалавеку пазнаёміцца зь беларускай мадэльлю разьвіцьця, з ідэалёгіяй беларускай дзяржавы. Гэты курс будзе ўведзены з другога сэмэстру”.

Паводле Т.Кавалёвай, да таго часу будуць падрыхтаваныя выкладчыкі й выдадзеныя адмысловыя падручнікі. Аднак у недзяржаўных інстытутах дзяржаўную ідэалёгію выкладаюць ўжо ад кастрычніка. Гэта робіцца сіламі былых выкладчыкаў гісторыі КПСС і палітэканоміі, а з улікам статусу інстытутаў — за кошт спэцыялізаваных дысцыплінаў і сродкамі саміх студэнтаў. Гаворыць прарэктар Беларускага інстытуту правазнаўства Мікалай Бялькевіч:

(Бялькевіч: ) “Намесьнік міністра кажа адно, а лісты нам ідуць іншага пляну. Нам прапанавалі з 1 кастрычніка, вось мы з 1 кастрычніка й распачалі. Хоць гэтая праграма яшчэ і сыраватая, адчуваецца, што рабілі яе як найхутчэй, але ж нас найперш штурхаюць — а чаму ў вас гэтага няма? Раздуць вучэбнага пляну мы ніяк ня можам, а ўвялі гэты курс — значыць, скарацілі нейкія іншыя спэцкурсы. Паколькі нас абавязалі ўключыць у сетку вучэбных гадзінаў, то, натуральна, мы ўсё гэта аплачваем”.

Выкладаньне дэалёгіі распачалася таксама і ў дзяржаўных ВНУ: выкладчыкаў усіх без выключэньня дысцыплінаў тут прымушаюць уключаць у свае лекцыі параграфы і сказы пра дзяржаўную ідэалёгію, адпаведна інструктуюць старастаў групаў. Выкладчыца і куратар адной з групаў ва ўнівэрсытэце культуры Людміла Дзіцэвіч кажа, што цяперашняя кампанія — рэанімацыя ідэалёгіі савецкага часу:

(Дзіцэвіч: ) “Я як вінцік ужо працую ў гэтай праграме, бачу, што яна ўжо распачалася і ідзе поўным ходам. Яе водгаласкі чуваць гэткім чынам, што куратарскую гадзіну ўвялі, кожны месяц трэба пісаць справаздачы, што мы са студэнтамі зладзілі й што плянуем. Усё гэта ўзята пад такі няспынны кантроль, як пры савецкай сыстэме”.

Дзяржаўную праграму ідэалёгіі ў школах абавязаныя распрацоўваць самі настаўніцкія калектывы. З гэтай нагоды падчас восеньскіх вакацыяў ва ўсіх школах краіны прайшлі адмысловыя пэдсаветы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG