Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ “ПАТЭНЦАГРА” ЗАМЕСТ “ВІЯГРЫ”


Ганна Соусь, Менск

“Патэнцагру” распрацавалі адмыслоўцы навукова-фармакалягічнага цэнтру прадпрыемста “Белмэдпрэпараты” пад кіраўніцтвам Пятра Пятрова. Як распавялі Радыё Свабода фармаколягі гэтага цэнтру, чакаецца, што “Патэнцагра” будзе мець попыт у мужчынаў, якія маюць парушэньні эрэкцыі. Паводле адмыслоўцаў, у “Патэнцагры” добрая біядаступнасьць, якая цалкам супадае зь біядаступнасьцю вядомага прэпарату “Віягра”, яна складае каля 100 адсоткаў. “Патэнцагра” яшчэ не прадаецца ў аптэках, бо пакуль яшчэ зацьвярджаецца кошт прэпарату, а ён будзе значна ніжэйшы за кошт “Віягры”.

Адна таблетка “Віягры” каштуе 25–30 тысяч рублёў, а 2 капсулы “Патэнцагры” будуць каштаваць каля 12 тысяч рублёў. Гэта будзе таньней і за прэпарат “Патэнцяале” таксама аналяг “Віягры”, але ўкраінскай вытворчасьці, які таксама прадаецца ў беларускіх аптэках коштам каля 25 тысяч рублёў за дзьве таблеткі.

Наколькі вялікая патрэба беларускіх мужчынаў у прэпараце, які стымулюе эрэкцыю? Дакладных зьвестак па Беларусі няма. Але як распавёў Радыё Свабода кіраўнік Менскага гарадзкога сэксалягічнага цэнтру Дзьмітры Капусьцін, паводле крытэраў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, прыкладна кожны дзясяты полавасьпелы мужчына мае пэўныя праблемы ў сэксуальнай сфэры. Калі падлічыць, то атрымліваецца, што ў Беларусі ў сярэднім каля 200 тысяч мужчынаў маюць сэксуальныя праблемы, у тым ліку і парушэньне эрэкцыі. На прыём да сэксапатолягаў, паводле Дзьмітрыя Капусьціна, штогоду зьвяртаецца толькі каля 6 тысяч мужчынаў.

Дарэчы, Дзьмітры Капусьцін быў крыху здзіўлены, што яму, як галоўнаму няштатнаму спэцыялісту Міністэрства аховы здароўя ў справе сэксалёгіі і сэксапаталёгіі не было паведамлена пра распрацоўку “Патэнцагры”, а кансультантам у гэтай справе выступіў не сэксапатоляг, а прафэсар-уроляг, вядомы лекар Мікалай Доста.

Вядома, што “Віягра” мае шэраг супрацьпаказаньняў, у яе беларускага аналягу “Патэнцагры” яны прыкладна такія ж. “Патэнцагру” трэба з асьцярогай прымаць людзям, якія пакутуюць на ішэмічную хваробу сэрца, гіпэртанію, сардэчную недастатковасьць ды яшчэ шэраг хваробаў.

Беларускія фармаколягі распрацавалі яшчэ адзін прэпарат для прафіляктыкі й лячэньня парушэньня эрэкцыі, а таксама паляпшэньня рэпрадукцыйнай функцыі. Гэта “Касалін”, прэпарат на аснове бабровага струменю. Ён выпускаецца ў капсулах, і такая зручная форма дазваляе пазбавіцца спэцыфічнага мускуснага паху. “Касалін” і “Патэнцагра” дапаўняюць адзін аднаго. “Касалін” выкарыстоўваецца для курсавога лячэньня — як мінімум адзін-два месяцы, і пры належным ужываньні забясьпечвае ня толькі патэнцыю мужчынаў, а таксама добра ўплывае на якасьць спэрмы і паляпшае рэпрадукцыйную функцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG