Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛАНЕЦ ПАРЭ КАЖА, ШТО МОЖНА ЧАКАЦЬ ВЯЛІКІХ ПАДЗЕЯЎ


Юры Сьвірко, Менск

За трое сутак, якія спадар Пургурыдэс правёў у Менску, ён меў вельмі шмат сустрэчаў. З усіх ягоных размоваў зь беларускімі чыноўнікамі афіцыйна паведамілі толькі пра адну, першую – зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым.

Апошнюю ж сустрэчу Хрыстас Пургурыдэс правёў увечары ў пятніцу з жонкамі зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадскага ды адвакатам сям’і Юрыя Захаранкі – Алегам Волчакам.

Прадстаўнік ПАРЭ не распавёў нават ім пра зьмест сваіх размоваў з трыма ключавымі ў гэтых справах чыноўнікамі – міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым, ягоным папярэднікам на гэтай пасадзе Юрыем Сіваковым і генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам.

Спадар Пургурыдэс падчас свайго візыту увесь час казаў, што ня будзе камэнтаваць пачутае да таго, як напіша справаздачу для юрыдычнага камітэту ПАРЭ.

Але жонка Анатоля Красоўскага Ірына кажа, што Хрыстас Пургурыдэс за тры дні ў Менску пасьпеў вельмі шмат і зрабіў на яе добрае ўражаньне.

(Красоўская: ) “Пасьля апошняй сустрэчы я пераканалася ў тым, што гэта вельмі, вельмі разумны чалавек і ён вельмі прафэсійна ставіцца да сваіх абавязкаў. Я думаю, што ён таксама перакананы ў тым, што ўлады маюць дачыненьне да гэтых справаў”.

Спадар Пургурыдэс некалькі разоў неафіцыйна сказаў у Менску, што пасьля ягонай справаздачы могуць быць значныя ўзрушэньні ў Беларусі й можна будзе чакаць вялікіх падзеяў. Ён нават заявіў, што ягоныя беларускія суразмоўцы пакуль проста не ўяўляюць сабе, якія рэчы могуць адбыцца.
Мажліва, такія словы Хрыстаса Пургурыдэса былі выкліканыя асабістымі ўспамінамі, кажа Ірына Красоўская.

(Красоўская: ) “Ён вельмі добра ведае і разьбіраецца ў тых матэрыялах, якія ў яго ёсьць, у той сытуацыі, якая цяпер склалася. Ён прафэсійна распавядае пра гэтыя справы, таму што ён юрыст паводле прафэсіі, і я думаю, што ён вельмі сумленны чалавек, таму што ў ягоным лёсе таксама былі сваякі, якія зьніклі”.

Я патэлефанаваў на Кіпр самому Хрыстасу Пургурыдэсу і спытаўся, ці сапраўды ён мае зьніклых сваякоў. Ён пацьвердзіў гэта, але пра свой асабісты боль расказаць не захацеў.

(Пургурыдэс: ) “На Кіпры няма сям’і, дзе б не было зьніклых сваякоў, таму што падчас уварваньня Турэччыны на Кіпр у 1974 годзе мы мелі 1600 зьніклых людзей. Гэта закранула кожную сям’ю на Кіпры”.

Спадар Пургурыдэс дадаў, што справы беларускіх зьніклых сталі яму вельмі блізкія, ён наважаны сур’ёзна займацца расьсьледаваньнем.

(Пургурыдэс: ) “Я вяртаюся назад у Менск у першы тыдзень сьнежня, каб працягваць мае сустрэчы. Аднак я ўжо атрымаў скрайне важныя сьведчаньні для маёй справаздачы. Тым ня менш мая місія не завершаная, і мне трэба найперш зрабіць справаздачу перад маім камітэтам – да абнародваньня маіх высноваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG