Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУПЦА КАВАЛЁВА РАСПЫТВАЕ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ПРА ЛЁС ЗЬНІКЛЫХ


Юры Сьвірко, Менск

На традыцыйным брыфінгу ў беларускім МЗС у чацьвер, на наступны дзень пасьля сустрэчы міністра Сяргея Мартынава са спадаром Пургурыдэсам, было заяўлена, што беларускі бок надае вялікае значэньне высьвятленьню абставінаў зьнікненьняў, а таксама выказвае зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з адмысловым падкамітэтам ПАРЭ ў вырашэньні агульнай задачы — найхутчэйшым завяршэньні расьсьледаваньня.

Хрыстас Пургурыдэс двойчы сустрэнецца ў Менску зь сем’ямі зьніклых — у першы дзень свайго візыту ён меў вячэру з жонкай і маці Зьмітра Завадзкага, жонкамі Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага і адвакатам Алегам Волчакам, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Юрыя Захаранкі. А 7 лістапада яны сустрэнуцца ў гэтым жа складзе зноў. Адна з удзельніц размовы Сьвятлана Завадзкая адзначыла:

(Завадзкая: ) “Надзеі ўвогуле заўжды прывідныя апошні час, але Пургурыдэс зрабіў на мяне добрае ўражаньне — тым, што ён вельмі добра паінфармаваны пра сытуацыю са зьніклымі ў Беларусі людзьмі. Да сустрэчы зь ім я проста не сустракалася з такімі людзьмі з АБСЭ, Рады Эўропы, якія былі б гэтак добра інфармаваныя”.

Паводле спадарыні Завадзкай, у сьпісе Пургурыдэса вельмі шмат прозьвішчаў — ён хацеў бы сустрэцца і з асуджанымі ўдзельнікамі банды Ігнатовіча, якая выкрала Зьмітра Завадзкага, і з супрацоўнікамі МУС Мікалаем Лапацікам і Зьмітром Паўлічэнкам. Але беларускія ўлады гэтага, хутчэй за ўсё, прадстаўніку ПАРЭ не дазволяць, кажа Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) “Відаць, што яны спалохаліся. Яму пачалі казаць, што Лапацік у Маскве, што Паўлічэнка ў Маскве. Мы ўчора нават ужо сьмяяліся — нейкія прозьвішчы называлі, а ён кажа: “Напэўна, таксама ў Маскве”. Таму што ўсе ў Маскву зьбеглі”.

Прадстаўнік ПАРЭ ў чацьвер ужо сустрэўся са спадаром Сіваковым, які, паводле апублікаваных дакумэнтаў, мог мець дачыненьне да зьнікненьняў і выдачы расстрэльнага пісталету. Гэтая сустрэча зь міністрам спорту й турызму адбылася ў фармаце сам-насам, і абодва ўдзельнікі ад камэнтароў адмовіліся.

Пасьля спадар Пургурыдэс кантактаваў зь цяперашнім кіраўніком МУС Уладзімерам Навумавым і начальнікам управы міжнароднага супрацоўніцтва гэтага міністэрства Міхаілам Катцовым. Што да генпракурора Шэймана, дык ягоныя сакратарка і памочнік адмовіліся сказаць хоць штосьці пра мажлівасьць сустрэчы з прадстаўніком ПАРЭ, а прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Юры Азаронак заявіў:

(Азаронак: ) “Прынамсі, асьвятляць яе ў прэсе даручэньня не было. Таму пацьвердзіць альбо абвергнуць не магу”.

Кіраўнік адмысловага падкамітэту ПАРЭ, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Кавалёў, якога ў Менску прымаць не захацелі, па тэлефоне з Масквы пракамэнтаваў сытуацыю так:

(Кавалёў: ) “Уся гэтая валынка з вашымі афіцыйным структурамі моцна абрыдла, і я гатовы адкінуць да чортавай маці ўсялякі палітэс. Ці дапаможа гэтая паездка спадара Пургурыдэса, чые намаганьні я вельмі цаню (ён увогуле добры юрыст і вельмі разумны, сумленны чалавек — я хацеў бы гэта падкрэсьліць)? Ці дапаможа гэтая паездка знайсьці выкрадальнікаў і забойцаў палітычных апанэнтаў беларускай улады? Не, не дапаможа. Чаму не дапаможа? Таму што беларуская ўлада ня хоча знайсьці гэтых выкрадальнікаў і забойцаў”.

Аднак спадар Кавалёў дадаў, што лічыць працу падкамітэту і паездку спадара Пургурыдэса ў Менск карыснай, бо за год працы стала зразумела, што ўлады Беларусі ня хочуць знайсьці забойцаў. “Гэты адказ мы ўжо фактычна маем, але я мяркую, што спадар Пургурыдэс атрымае дадтковы і канчатковы матэрыял з гэтай нагоды”, — заявіў Сяргей Кавалёў і паведаміў, што будзе прапаноўваць усталяваць скрайні тэрмін працы падкамітэту ў справе палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Паводле Сяргея Кавалёва, трэба скончыць працу ўжо сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG