Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ДЭПУТАТЫ: ЧАРГОВЫ ПЕРАДЗЕЛ АБО КАНЕЦ ПАРТЫЗАНКІ?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Апошні час прыкметна актуалізавалася дэпутацкая праблематыка: пачаліся давыбары ў Белаазёрску, рыхтуюцца зьмены ў заканадаўстве, адбылося некалькі міжрэгіянальных сходаў і канфэрэнцыяў з удзелам народных абраньнікаў. Многія бачаць у гэтым чарговую спробу розных палітычных сілаў перахапіць ініцыятыву, манапалізаваць уплыў на саветы. Што адбываецца напраўду?

На два апошнія месяцы году парлямэнцкая група “Рэспубліка” заплянавала цэлы шэраг сходаў у розных рэгіёнах краіны з удзелам дэпутаў мясцовых саветаў, Палаты прадстаўнікоў, вэртыкалі, жыльлёва-камунальных службаў. Першы адбыўся ў Магілёве, наступныя вось-вось пройдуць у Горадні й Берасьці, а завершыць гэтую сэрыю плянуецца ў Менску, на вышэйшым, як кажуць, узроўні. У сваю чаргу лідэры пяцёркі палітычных партыяў апякуюцца грамадзянскай ініцыятывай “Народны дэпутат”, якая мусіць акумуляваць досьвед былых і цяперашніх дэпутатаў напярэдадні выбараў у найвышэйшы заканадаўчы орган краіны. Гутарым зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзька:

(Карэспандэнт: ) “Стварэньне новае структуры — прызнаньне таго, што эфэктыўнасьць Асамблеі дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў і парлямэнцкае групы “Рэспубліка” ня стала такой, якою яна меркавалася быць?”

(Лябедзька: ) “Мы маем палітычную волю закончыць працэс партызаншчыны. На сёньня нашая стратэгія — кансалідацыя ўсіх здаровых дэмакратычных сілаў краіны. Што датычыць дэпутацкага корпусу, дзейнага і былога, то на парадку дня пытаньне аб’яднаньня намаганьняў тых людзей, якія маюць досьвед дэпутацкай працы. Прынятае прынцыповае рашэньне аб стварэньні парасонавай структуры — ініцыятывы “Народны дэпутат” як мэханізму садзеяньня такой кансалідацыі. І ў найбліжэйшы час плянуецца стварэньне Рады, у якую ўвойдуць прадстаўнікі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, групы “Рэспубліка”, Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў і дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Таму вялікіх супярэчнасьцяў у гэтых дзьвюх ініцыятывах я ня бачу”.

Адзін зь лідэраў “Рэспублікі” Валеры Фралоў кажа: іхныя высілкі скіраваныя на тое, каб перайсьці ад традыцыйнай крытыкі ўладаў да канкрэтных справаў — ад такой практыкі дэмакратам будзе больш карысьці на наступных выбарах:

(Фралоў: ) “Трэба думаць пра тое, што можна зрабіць для людзей у гэтых умовах. Згадаць свае паўнамоцтвы, задачы, абяцаньні, якія мы давалі выбарцам, — што мы сапраўды будзем уплываць на іхнае жыцьцё”.

Паплечнік спадара Фралова Сяргей Скрабец лічыць, што рэалізаваць такую ідэю можна толькі ў зьвязку з уладнымі структурамі, дзеля чаго варта настойліва шукаць кантактаў з прадстаўнікамі вэртыкалі, не абмяжоўвацца колам аднадумцаў, што ўжо стала традыцыяй. Прычым, на ягоную думку, не найлепшай:

(Скрабец: ) “Група “Рэспубліка” падрыхтавала і накіравала ў Палату прадстаўнікоў закон аб тым, каб утрая паменшыць камунальныя выплаты. Першае сумеснае паседжаньне адбылося ў Магілёве. Мы запрасілі прыняць у ім удзел работнікаў ЖКГ, дэпутатаў розных узроўняў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На большасьці прыёмаў нашыя выбарцы з абурэньнем кажуць менавіта пра такія вось выплаты. Трэба тлумачыць людзям, чаму гэта адбываецца і калі будзе канец гэтаму”.

Пэўнае несупадзеньне ў пазыцыях спадароў Лябедзькі й Фралова адчуваецца. Але больш заўважнае імкненьне абодвух рухацца наперад, шукаць выйсьця са становішча, якое не задавальняе дэмакратычна скіраваную супольнасьць. Які ж рэзананс выклікалі тыя ідэі ў шараговым дэпутацкім асяродку? Вячаслаў Сьвізуноў з Бабруйскага гарадзкога савету ўхваляе ідэю супрацоўніцтва людзей розных палітычных поглядаў, бо ў дыскусіях можна выпрацоўваць рашэньні на агульную карысьць:

(Сьвізуноў: ) “Ад таго, што дэпутаты розных узроўняў будуць зьбірацца разам, ім будзе сьмялей працаваць, яны будуць імкнуцца выконваць свае абавязкі лепш, і я думаю, ад гэтага нашым выбарцам толькі палёгка ў жыцьці”.

Сходавую, так бы мовіць, актыўнасьць дэмакратаў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў разумее і дэпутат Амсьціслаўскага райсавету Аляксандар Галакціёнаў. Аднак ён падкрэсьлівае: пакуль плёну ад кантактаў дэпутатаў з розных рэгіёнаў не назіраецца. Напрыклад, у Магілёве ўздымалася шмат праблемаў, аднак канкрэтных парадаў для іх вырашэньня, паводле Галакціёнава, прагучала няшмат:

(Галакціёнаў: ) “Сёньня вельмі складана ўтварыць той орган, які б рэальна працаваў, асабліва орган альтэрнатыўны, няўладны. Вельмі шмат розных праблемаў: тэхнічных, фінансавых, якія не дазваляюць працаваць плённа”.

У гэтым сэнсе некаторыя дэпутаты наракалі на недастатковы вопыт саміх арганізатараў сустрэчаў — кшталту магілёўскай. На іх не зусім выразна прасочваецца ідэя сыстэмнага навучаньня дэпкорпусу, хоць часу разабрацца ў праблематыцы хапала. А як не стае прадуманасьці, дык зашмат паўтарэньня агульных дэклярацыяў-заклінаньняў. Дэпутат з Бабруйску Алесь Чыгір лічыць, што прадстаўнічыя міжрэгіянальныя сустрэчы дэмакратаў мусяць набліжацца да штодзённай практыкі. Сам ён не задаволены ўласнай дзейнасьцю, кажа, што для вырашэньня многіх важных праблемаў ягоных паўнамоцтваў не хапае:

(Чыгір: ) “Калі заканчваў унівэрсытэт, то адзін выкладчык сказаў, што я антысаветчык. Насамрэч зусім ня так. Антысаветчык — той чалавек, які разбурыў мясцовыя саветы ў краіне. Разбурыў уладу саветаў. А разбурыў той чалавек, які знаходзіцца цяпер ва ўладзе”.

Менавіта з прычыны абмежаванага ўплыву дэпутатаў на жыцьцёвыя рэаліі Алесь Чыгір настойвае найперш на вырашэньні ключавога палітычнага пытаньня, і ў гэтым сэнсе ён больш блізкі да платформы групы “Народны дэпутат”:

(Чыгір: ) “Без вырашэньня палітычнага пытаньня, якое ёсьць у нашай краіне, а гэта, па-першае, аўтарытарны рэжым, іншыя пытаньні фактычна вырашацца ня будуць. І праца дэпутатаў мясцовага савету пры гэтай сыстэме мясцовага самакіраваньня амаль што ніякага плёну ня мае”.

Іншыя калегі не прымаюць такога радыкальнага, на іхную думку, падыходу і маюць больш лібэральныя погляды. Напрыклад, дэпутат Магілёўскага гарадзкога савету Аляксандар Агееў лічыць: сёньня дэмакратам надзвычай актуальна якраз дабівацца хоць бы малых практычных зрухаў у сваіх акругах:

(Агееў: ) “Нешта ўдалося, і гэта вельмі канкрэтныя рэчы. Зьмяніць кардынальна сытуацыі мы й не абяцалі, і не плянавалі, бо гэта ў сёньняшніх варунках немагчыма. Тут сапраўды патрэбны новы закон, што залежыць ужо ад вышэйшых органаў улады”.

Аляксандар Галакціёнаў кіруецца прыблізна той жа лёгікай:

(Галакціёнаў: ) “Хачу сказаць, што пэўныя дасягненьні ёсьць. Напрыклад, у рамонце аднаго з дамоў, які ў дрэнным стане знаходзіўся да нядаўняга часу на маёй выбарчай акрузе. Так што працаваць трэба, працаваць можна, і можна дабівацца. Толькі трэба быць пасьлядоўным і настойлівым”.

Старшыня Фаніпальскага гарадзкога савету, што на Меншчыне, Віктар Карпіевіч лічыць, што вось такая зьверка поглядаў блізкіх сваімі грамадзянскімі пазыцыямі людзей мае прынцыповае значэньне для разуменьня сытуацыі, выпрацоўкі далейшых дзеяньняў. Ён высока цэніць таксама ўдзел у сходах дэмакратаў прадстаўнікоў уладаў:

(Карпіевіч: ) “Гэта дапаможа дзяржаве, дапаможа насельніцтву і дасьць магчымасьць актывізавацца тым людзям, якія знаходзяцца на адказных пасадах”.

Спадару Карпіевічу крыўдна, што ініцыятывы, якія вылучаюць дэпутаты, часта папросту зьнікаюць, бо чыноўнікі не надаюць ім належнае ўвагі, і гэта замінае разьвіцьцю населеных пунктаў. Дэпутат вылучае прапановы аб зьмене формы мясцовага самакіраваньня — трэба ствараць іншую вэртыкаль, якая будзе абраная народам:

(Карпіевіч: ) “Яе трэба ўкараняць ва ўсёй краіне. І тады людзі прачнуцца, павераць ва ўладу, яны могуць спытаць зь яе, і тады будзе добры вынік у працы”.

Дэпутатка Круглянскага раённага савету Зінаіда Мілешчанка падтрымлівае тактыку і Валера Фралова, і Анатоля Лябедзькі. Ёй падаецца, што ў канкрэтнай сытуацыі варта казаць не пра палітычны падзел дэмакратаў, а пра розныя падыходы да таго, як можна лепш выкарыстаць іх патэнцыял. А тут няма адзінага рацэпту. Важна, што і адныя, і другія шукаюць кантактаў як між сабой, так і з шарагоўцамі. Напрыклад, калі вэртыкаль пачала атаку на спадарыню Мілешчанку, дык яе аднолькава актыўна падтрымалі лідэры абодвух крылаў дэпутацкага корпусу. Сяброўская ўвага ў крытычнай сытуацыі набывае прынцыпова важнае значэньне:

(Мілешчанка: ) “Таму што ў нашым становішчы самае галоўнае адчуць, што ты не адзінокі. Што разам з табой ва ўсёй краіне ёсьць людзі, якія падзяляюць тваё меркаваньне. Гэта ўжо сьвятло ў канцы тунэлю”.

Вось чаму Зінаіда бярэ актыўны ўдзел ва ўсіх сумесных дэпутацкіх мерапрыемствах і бачыць ад гэтага рэальны плён:

(Мілешчанка: ) “Мяне сталі нават неяк больш паважаць ва ўладных колах. Бо яны й самі ведаюць: будучыня ўсё ж за дэмакратычнымі сіламі”.

Аднак улады зусім ня маюць намеру здаваць свае пазыцыі. Гэта яскрава адбілася, напрыклад, у спробах белаазёрскай вэртыкалі перамагчы на зусім хуткіх давыбарах у гарадзкі савет. Вылучэнцаў ад дэмакратычных сілаў сёньня там запалохваюць, вымушаюць забіраць назад заявы аб жаданьні балятавацца кандыдатамі ў дэпутаты. Невыпадкова на рэгіянальных сходах і прадстаўнікі “Рэспублікі”, і лідэры групы “Народны дэпутат” абмяркоўваюць ідэю неадкладнае рэформы мясцовага самакіраваньня. Разважае спадар Скрабец:

(Скрабец: ) “Рэформа ў найбліжэйшы час павінна адбыцца. Нейкі законапраект ужо рыхтуецца, каб пашырыць паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў і мясцовага самакіраваньня. Хутчэй за ўсё ў найбліжэйшы час ён будзе накіраваны да нас у Палату. І каб ён ня стаў нечаканасьцю, мы й імкнемся зьвярнуць увагу на праблему і дэпутатаў, і мясцовае ўлады. Мы прапануем разам наваліцца на яе, хоць бы папярэдне абмеркаваць пытаньне, каб лягчэй было вырашаць яго”.

(Карэспандэнт: ) “Некаторыя кажуць пра тое, што чарговая спроба аб’яднаньня ўсіх дэпутатаў краіны ёсьць вынікам правалу дзейнасьці Асамблеі дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў і парлямэнцкай групы “Рэспубліка”.

(Скрабец: ) “Гэта ня так. Мы як працавалі, так і працуем. У Магілёве мы працавалі з дэпутатамі Асамблеі, і з партыямі ў нас добрыя адносіны”.

(Карэспандэнт: ) “То бок гэта не палітычныя амбіцыі?”

(Скрабец: ) “Гэта — ініцыятыва”.

(Карэспандэнт: ) “Рабочы момант, спроба далей рухаць справу?”

(Скрабец: ) “Так, імкненьне далей рухаць справу”.

Падсумоўваем размову пра нібыта раскол у дэмакратычным асяродзьдзі зь лідэрам другога ягонага крыла, групы “Народны дэпутат” Анатолем Лябедзькам:

(Карэспандэнт: ) “Вітаецца ўсё, што садзейнічае разьвіцьцю?”

(Лябедзька: ) “Тут мы можам казаць пра падзел функцыяў. Ініцыятыва “Народны дэпутат” скіраваная на каардынацыю ўсіх, хто мае досьвед дэпутацкай працы — каб гэтыя людзі былі максымальна задзейнічаныя падчас падрыхтоўкі да выбараў наступнага году. А ініцыятыва “Рэспублікі” з удзелам дэпутатаў мясцовых саветаў скіраваная на вырашэньне двух канкрэтных пытаньняў, на больш прагматычныя задачы. Мы гэта толькі вітаем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG