Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ: ПАПРАЎКІ ДА ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ НА СТАЛЕ ЛУКАШЭНКІ


Юры Сьвірко, Менск

Падчас свайго трохдзённага візыту ў Менск Ута Цапф пацьвердзіла афіцыйную пазыцыю рабочай групы ПА АБСЭ наконт неабходнасьці зьменаў у выбарчым заканадаўстве Беларусі. Як зазначаецца ў суботняй выніковай заяве, спадарыня Цапф была радая пачуць ад кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава і міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, што такія зьмены цяпер разглядаюцца ўрадам.

Я папрасіў Уту Цапф удакладніць, ці разглядаецца самая мажлівасьць зьменаў альбо канкрэтныя папраўкі. Яна патлумачыла, што спадар Латыпаў нічога канкрэтнага пра гэта ня сказаў, але АБСЭ раней зьвяртала ўвагу на датэрміновае ды выязное галасаваньне, а таксама на фармаваньне выбарчых камісіяў і назіраньне за выбарамі. Аднак кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі ўсё ж паведаміў навіну:

(Цапф: ) “Ён сказаў, што некаторыя прапановы знаходзяцца на стале спадара Лукашэнкі і мусяць быць перададзеныя ў Савет Бясьпекі, каб вырашыць, ці пойдз гэта ў парлямэнт.”

Апрача гэтага, Ута Цапф даведалася ад міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча, што той хоча падтрымаць публічнае абмеркаваньне доўгачаканага праекту закону аб сродках масавай інфармацыі. Паводле спадарыні Цапф, мажліва, што гэты законапраект будзе перададзены ў палату прадстаўнікоў яшчэ цягам бягучай сэсіі. Міністар Русакевіч пагадзіўся накіраваць тэкст гэтага праекту ў АБСЭ й Раду Эўропы для аналізу міжнароднымі экспэртамі.

Калі гэтыя заканадаўчыя зьмены будуць ажыцьцёўленыя належным чынам, іх можна будзе разглядаць як крокі ў правільным напрамку, аднак Ута Цапф была расчараваная тым, што яна назвала сыстэматычным прыгнётам шмат якіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Пералічыўшы дзясятак закрытых нядаўна няўрадавых арганізацыяў, спадарыня Цапф заявіла:

(Цапф: ) “Іх закрываюць паводле фармалісцкіх аргумэнтаў кшталту ілжывых або недастатковых блянкаў. Мы, вядома, глыбока абмеркавалі гэта з міністрам юстыцыі, але вынік гэтай размовы не заахвочвае, бо, як мы адчулі, ён прывязаны да фармалісцкага пункту погляду, што закон быў прыменены правільна ўва ўсіх выпадках. Мы вельмі заклапочаныя гэтым закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў. Гэта больш палітычны крок, які зроблены супраць арганізацыяў, якія працуюць у галіне правоў чалавека, праўнай падтрымкі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці й часам бралі ўдзел у назіраньні за выбарамі.”

Рабочая група ПА АБСЭ заклікае беларускія ўлады па-сапраўднаму супрацоўнічаць з такімі арганізацыямі, а не падрываць само іхнае існаваньне.
Таксама Ўта Цапф яшчэ раз выказала глыбокае расчараваньне з тае прычыны, што "ўлады, як падаецца, цалкам закінулі справы зьніклых палітычных фігураў, так ніколі й не падаўшы якіх-небудзь задавальняючых адказаў наконт абставін, якія суправаджалі гэтыя зьнікненьні".

Група ПА АБСЭ вітае прыезд у Беларусь найбліжэйшымі днямі спадара Пургурыдаса – сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, які ўпаўнаважаны вывучыць гэтыя зьнікненьні, – і заклікае афіцыйны Менск скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб зрабіць сапраўдныя намаганьні й праліць сьвятло на гэтыя справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG