Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ЛІСТАПАДА Ў БЕЛАРУСІ СТВОРАНАЯ ЭЎРАПЕЙСКАЯ КААЛІЦЫЯ “СВАБОДНАЯ БЕЛАРУСЬ”


Уладзімер Глод, Менск

У кааліцыю, якая ўзяла сабе назоў “Свабодная Беларусь” увайшлі 22 арганізацыі. Сярод іх дзьве палітычныя партыі – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” Міколы Статкевіча і жаночая партыя “Надзея” Валянціны Матусевіч, а таксама блёк “Свабодная Беларусь”, касьцяк якога складаюць актывісты “Хартыі’97”, грамадзкія арганізацыі – “Беларуская жаночая ліга”, “Адраджэньне Айчыны”, грамадзянскія ініцыятывы “Мы памятаем!”, “Беларуская салідарнасьць”, “Прыватная ўласнасьць” ды іншыя.

Спадар Статкевіч фармулюе задачы кааліцыі як аб’яднаньне намаганьняў дзеля інтэграцыі Беларусі ў Эўрапэйскі Зьвяз:

(Статкевіч: ) “Мэта гэтай кааліцыі вельмі шляхетная і высокародная – даць эўрапейскую будучыню нашаму народу. Мы разумеем, што гэта калясальная задача, і мы шукаем прыхільнікаў гэтай ідэі. Мы не шукаем ворагаў, гэтая кааліцыя ня скіраваная супраць кагосьці. Нашая перамога будзе дасягнутая тады, калі людзі, якія раней стаялі на іншых пазыцыях, падтрымаюць ідэю адзінай Эўропы”.

Паводле Андрея Саньнікава, Ніны Стужынскай, Ірыны Красоўскай, Валерыя Шчукіна, які, дарэчы падпісаў дэклярацыю, як прыватная асоба, цяпер надышоў час выпраўляць вялікую гістарычную памылку, з-за якой Беларусь сталася ў пэўнай ступені эўрапейскім ізгоем.

Ідэя вяртаньня Беларусі ў Эўропу будзе скарыстаная і падчас розных выбарчых кампаніяў. Ужо на парляманцкія выбары 2004 году кааліцыя мяркуе ствараць выбарчы блёк эўрапейскай скіраванасьці.

Хто і якім чынам будзе кіраваць кааліцыяй “Свабодная Беларусь” пакуль ня вырашана. Паводле Міколы Статкевіча, працэс абмеркаваньня рэглямэнту працы кааліцыі будзе завершаны ў лістападзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG