Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎ ЛІЦЭЮ ПРЫСТАСАВАЎСЯ ДА НОВЫХ УМОВАЎ ІСНАВАНЬНЯ


Любоў Лунёва, Менск

Адміністрацыі школаў у раёнах, дзе жывуць ліцэісты, запрашаюць бацькоў напісаць заявы, каб іх дзеці лічыліся школьнікамі. Ім тлумачаць, што дзеці будуць папросту лічыцца вучнямі школы, але на заняткі ім хадзіць ня трэба. Кожную навучальную чвэрць ліцэісты павінны прыходзіць, каб здаць экзамэны. Бацькі пакуль не пагаджаюцца на гэта. Многія напісалі заявы на экстэрнат. Таму выкладчыкі ліцэю ўжо скіравалі дзяцей на падрыхтоўку да экзамэнаў, якія мусяць адбыцца 16 траўня. Гэта будуць тэсты па матэматыцы, беларускай альбо расейскай мовах, а адзін тэст дзеці будуць пісаць па тым прадмеце, які ім найбольш падабаецца.

Выкладчыкі і ліцэісты шмат часу аддаюць пазаклясным заняткам. Выйшаў ужо другі нумар газэты “Трыкутнік”, штодня аднаўляецца ліцэйскі сайт. Ліцэісты пішуць песьні да новага альбому. Пачаўся тэатральны сэзон спэктаклем “Паўлінка” — гэта сучасная інтэрпрэтацыя знакамітага твору Янкі Купалы.

Цяпер дзеці рыхтуюцца да пастаноўкі новай п’есы, якую напісаў мастацкі кіраўнік тэатру Сяргей Патаранскі “Чароўны сьпеў Ліліт”. Навучэнец трэцяга курсу Андрэй Супуненка, актыўны ўдзельнік тэатральнага гуртку, на перапынку пасьля кантрольнай па ангельскай мове распавёў пра сваё захапленьне:

(Андрэй: ) “Тэатар мне вельмі падабаецца. Мне падабаецца ўваходзіць у нейкую ролю. Вось я іграю ролю Быкоўскага, для мяне гэта вельмі важна. Хаця на гэта і ідзе шмат часу, але мне важны ня сам вынік, а працэс падрыхтоўкі. Рыхтаваць рэквізыт… Мы заахвочваем астатніх ліцэістаў прыходзіць да нас, каб паказаць свае творчыя здольнасьці. Мы марым пра тое, каб зрабіць такі прыкольны капусьнік. Хочацца, каб гэта спадабалася людзям, каб гэта стала такім своеасаблівым гітом, каб нават на нас рабілі нейкія пародыі. Мы плянуем паставіць “Рамэа і Джульету” і “Чароўны сьпеў Ліліт” паводле Сяргея Патаранскага”.

Навучэнцы першага курсу цалкам адаптаваліся ў новых умовах. Яны рыхтуюцца да традыцыйнага дня першакурсьніка:

(Інга:) “Будзем ставіць сцэнку, але гэта яшчэ не дакладны варыянт. Пакуль мы ня можам казаць пра гэта, бо гэта будзе сюрпрыз для астатніх”.

(Каця: ) “Мы яшчэ рыхтуем песьню да дня першакурсьніка. Мы ўзялі вядомую песьню і яе перарабілі”.

На наступным тыдні ліцэісты правядуць сьвята першакурсьніка. Дзеці астатніх курсаў сваімі рукамі зрабілі для малодшых падарункі. На канцэрце будуць ня толькі бацькі навучэнцаў, але й ганаровыя госьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG