Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА: УЧОРА, СЁНЬНЯ І ЗАЎТРА


Ул. інф.

Рэзкае ўзмацненьне ціску на незалежныя мэдыі ў Беларусі прывяло да змяншэньня свабоднай інфармацыі. 3-за мяжы адмыслова на Беларусь не вяшчаюць ні «Голас Амерыкі», ні ВВС, ні Deutsche Welle. Паўтары гадзіны на дзень вяшчае беларуская рэдакцыя Польскага радыё, 20 хвілінаў радыё «Ватыкан», перастала выходзіць у эфір радыё «Рацыя». Выключэнне — Беларуская служба радыё Свабода. У 2001 годзе аб'ём вяшчаньня радыёстанцыі падвоіўся і дасягнуў 8 гадзін на кароткіх і сярэдніх хвалях (з 18.00 да 24.00 і з 6.00 да 8.00). Сёлета ў студзені ў праграме перадач зьявіўся ранішні «жывы эфір» — ад 7-й да 8-й раніцы.

З Аляксандрам Лукашуком гутарыць рэдактар выданьня Цэнтра экстрэмальнай журналістыкі Саюза журналістаў Расеі і Беларускай асацыяцыі журналістаў «Медиа-эксперт» Ірына Сакалова.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня ў Беларусі зачыняюць незалежныя мэдыі, высылаюць тэлекарэспандэнтаў, замежнае вяшчаньне нязначнае. Як у гэтых умовах пачуваецца Свабода, якая робіцца ці не адзінай крыніцай апэратыўнай інфармацыі пра жыцьцё краіны?”

(Лукашук: ) “На жаль, нічога добрага ў гэтай сытуацыі ні для жыхароў Беларусі, ні для нашай радыёстанцыі няма. Некалі адзін з аўтараў радыё Свабоды пісьменьнік Сяргей Даўлатаў сказаў пра Іосіфа Бродзкага: «Ён ня першы. Ён, на жаль, адзіны». Я бы падкрэсліў словы «на жаль». Інфармацыйнае здушэньне паралізуе ўсё грамадзтва. Людзі пачынаюць усё менш і менш цікавіцца інфармацыяй — любой, зь любых крыніцаў. Адсюль, дарэчы, і падзеньне накладаў фінансаваных зь бюджэту дзяржаўных выданьняў. Пад хлараформам газэтаў не чытаюць, телебачаньня не глядзяць, радыё ня слухаюць. I наадварот — чым больш свабодных мэдыяў у краіне, тым большую аўдыторыю яны маюць: усе разам і кожнае зь іх паасобку. Бо як колісь сярэдняя сям'я выпісвала пяць выданьняў, то цяпер — толькі адно. I прычына ня толькі ў коштах. Інфармацыя патрэбная людзям, каб прымаць рашэньні. Калі няма свабоды самастойна прымаць рашэньні, то няма патрэбы ў інфармацыі.”

(Карэспандэнтка: ) “Што сёньня, на Ваш погляд, галоўнае ў рабоце беларускай службы радыё Свабода?”

(Лукашук: ) “Ізноў скажу: на жаль, тое ж, што і ўчора, і заўчора. Гэта правы чалавека, свабода слова, сытуацыя зь беларускай мовай, сувэрэнітэт... У першую чаргу мы знаёмім слухачоў з падзеямі, што адбываюцца ў краіне цягам бягучага дня — мітынгі, пікеты, суды, дзеяньні ўладаў, апазыцыі, карацей кажучы — падзеі палітычнага дня ў сталіцы, рэгіёнах, офісах партыяў, НДА, турмах і г. д. Акрамя таго, падаем рэакцыю ў сьвеце на сытуацыю ў Беларусі, робім інтэрвію з амерыканскімі кангрэсмэнамі і эўрапейскімі міністрамі,
агляды замежнага друку на беларускія тэмы.

Апошнім часам у сьвеце асаблівую ўвагу прыцягвала тэма сувязяў Мінска з рэжымам Садама Хусэйна. Наш карэспандэнт на вайне ў Іраку знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць пра дачыненьні Ірака і Беларусі. Нашы рэпартажы ды інтэрвію на гэтую тэму выкарыстоўваліся падчас слуханьняў у Кангрэсе ЗША сёлета ў траўні.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, на якую наша станцыя вымушаная вяшчаць, як і за часам халоднай вайны, з-за мяжы. Паўсюль: у Расеі, ва Ўкраіне, краінах Усходняй Эўропы праграмы радыё Свабода трансьлююць мясцовыя станцыі — у FM і на ўльтракароткіх хвалях, па правадной сетцы, на сярэдніх хвалях. Нават у былой Югаславіі за часам Мілошавіча нашыя перадачы выходзілі ў эфір на станцыях-партнэрах.

У Беларусі шматлікія спробы дамовіцца пра рэтрансляцыю, у тым ліку за плату, улады адхілілі. Быў толькі адзін выпадак, памятаю, калі чыноўнік адміністрацыі прэзыдэнта, крыху падумаўшы, адказаў: “а вы давайце музыку і спорт, тады паглядзім”. Верагодна, такі адказ сьведчыў пра нечуваную шырыню поглядаў, і цяпер той чалавек у адміністрацыі ўжо ня служыць.”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы сёньня працуеце са слухачамі?”

(Лукашук: ) “Нельга хлусіць. Нельга быць занудлівым. Нельга павучаць. Наша аўдыторыя слухае нас на кароткіх хвалях. Гэта азначае, што трэба цаніць кожнага слухача, які зрабіў намаганьне злавіць нашую няўлоўную частату. Мы можам прыцягнуць слухачоў толькі апэратыўнай, дакладнай, унікальнай інфармацыяй зь месца падзеі; падаць міжнародную рэакцыю на беларускую навіну; адразу ж абмеркаваць яе з экспертамі. Трэба быць заўсёды гатовымі да працы ў рэжыме рэальнага часу.

Пра тое, што памер Васіль Быкаў, мы даведаліся прыкладна праз 45 хвілін пасьля сьмерці. Вечар, нядзеля, крыху больш за паўгадзіны да эфіру. Але а 10-й гадзіне ўвечары паводле менскага часу мы распачалі праграму гэтым паведамленьнем і правялі гадзіну жывога эфіру — гучалі фрагмэнты твораў Быкава, якія ён начытаў для нашага архіву; урыўкі зь ягонага інтэрвію «Свабодзе»; жывыя ўлучэньні з ЗША, Канады, Літвы, Беларусі; галасы людзей, якія ад нас даведваліся пра гэтую страту, і іхная першая рэакцыя.

Утрымаць аўдыторыю можна толькі якасьцю — зьместу, формы падачы кожнага матэрыялу і арганізацыі ўсёй праграмы. У нас у жывым эфіры на працягу гадзіны, напрыклад, бывае больш за сто розных мантажных стыкаў: музыка, галасы карэспандэнтаў, рэплікі суразмоўцаў, афіцыйныя ацэнкі, меркаваньні экспэртаў, цытаты з выступаў дзяржаўных лідараў, улучэньні карэспандэнтаў зь месца падзеяў, анонсы, выпускі міжнародных навінаў, тэлефанаваньні слухачоў, вулічныя апытаніні і г. д.”

(Карэспандэнтка: ) “Вы зьмяшчаеце свае передачы на інтэрнэт-сайце, а летась у Мінску прайшлі прэзэнтацыі кніг з сэрыі “Бібліятэка радыё Свабода” — радыё выходзіць за рамкі вяшчаньня?”

(Лукашук: ) “Нашае кіраўніцтва ўсё часьцей гаворыць, што мы не радыёвяшчальная карпарацыя, а камунікацыйная. У нас аграмадная інтэрнэт-вытворчасьць: мы публікуем навіны, перадачы, аналітычныя агляды на некалькіх дзясятках моваў, вядзем вяшчаньне празь інтэрнэт. Шмат якія рэдакцыі маюць уласныя тэлевізійныя перадачы ў краінах вяшчаньня. Мы да тэлебачаньня доступу ня маем, калі ня лічыць камэнтароў, якімі нас зрэдку адорвае БТ.

Інтэрнэт, вядома, вельмі важная частка сённяшніх СМІ. Наш сайт www.svaboda.org штодня наведваюць сотні чытачоў, ён зручны для перадруку матэрыялаў, і мы будзем разьвіваць яго яшчэ актыўней.

Што да кніг — рэч ня толькі ў тым, што надрукаванае застаецца. У нас зьявіліся перадачы, якія па сваёй прыродзе ня маюць жорсткай прывязкі да эфірнага дня, але вартасныя з гледзішча агульнакультурнага, гістарычнага. У першую чаргу гэта так званыя «вялікія праекты». У 1999 годзе штодня ў эфіры гучала «Слова дня» — міні-эсэ пра адно слова, важнае ў кантэксьце гісторыі XX стагодзьдзя (калгас, гарэлка, міні-спадніцы і г. д). Памятаю, 31 сьнежня мы ўсёй рэдакцыяй прыйшлі ў студыю і прачыталі ўсе 365 словаў — усе мінулае стагодзьдзе зьмясцілася ў чатыры хвіліны. Чэскі тэхнік дзівіўся і пытаўся, адкуль мы так добра ведаем драматычную гісторыю ягонай радзімы... Гэтую перадачу спэцыяльным выпускам апублікаваў часопіс «Arche». Яе і цяпер перадрукоўваюць, у тым ліку за мяжой, выкарыстоўваюць у вышэйшых навучальных установах.

У 2000 годзе штодня ў эфір выходзіў «Успамін стагодзьдзя» — прыватныя гісторыі людзей, якія ведалі Купалу, былі ў партызанах, перажылі Чарнобыль.

У 2001 годзе (год прэзыдэнцкіх выбараў) у нас штодня гучаў «Верш на Свабоду»: больш за тысячу аўтараў — кожны з уласным адчуваньнем свабоды — даслалі нам свае вершы. Самай маладой паэтцы было 9 гадоў, а найстарэйшаму аўтару — 90. Вершы для гэтай перадачы напісалі паэты з 36 краін, у тым ліку два Нобэлеўскія ляўрэаты. Гэтая передача апублікаваная як кніга, цяпер рыхтуецца яе выданьне па-ангельску. Дарэчы, рэдактар часопіса New Yorker узяў у мяне асобнік, нешта, магчыма, зьявіцца і ў іх.

У выглядзе кнігі выйшаў летась наш рэпартаж пра няспынную вахту моладзі ў Курапатах. Штодня цягам васьмі месяцаў мы вялі перадачы з аднаго месца; прафэсійна гэта даволі складана, нават калі адкінуць такія дробязі, як замярзаньне дыктафона пры тэмпэратуры -22° С ды амонаўскія пагромы. Сёлета штодня выходзяць у эфір «Маладыя галасы» — моладзь разважае пра ўласны лёс. Фантастычна цікавыя хлопцы і дзяўчаты.

У найбліжэйшых плянах — выданьне кнігі “Быкаў на «Свабодзе»”. Васіль Уладзіміравіч здавён быў нашым слухачом, аўтарам і сябрам, мы запісалі шмат гадзінаў ягонага незабыўнага голасу.”

(Карэспандэнтка: ) “Што вы ведаеце пра свайго слухача сёньня — хто ён, чаму слухае, чаго чакае ад вас?”

(Лукашук: ) “Памер радыёаўдыторыі, на жаль, вызначае ня столькі якасьць праграмы, колькі якасьць сыгналу і час вяшчаньня. Што да сацыялягічных досьледаў, то ў аўтарытарным грамадзтве на палітычна афарбаваныя пытаньні (як часта вы слухаеце радыё Свабода?) даюць невыразныя, супярэчлівыя або ўхілістыя адказы.

Розныя дасьледнікі падаюць лічбы, якія адрозьніваюцца ў два, тры, а то і ў чатыры разы. Сярэдні паказчык – 5%. Гэта адукаваныя, актыўныя людзі, часьцей за ўсё гараджане. У заходняй частцы краіны слухачоў болей, чым на ўсходзе; мужчын крыху больш, чым жанчын; рэпрэзэнтаваныя ўсе ўзроставыя групы, але пераважаюць 30-гадовыя і старэйшыя.

У мінулым годзе мы праводзілі цікавае дасьледаваньне: далі паслухаць запісы нашых перадачаў маладым людзям, якія ніколі дагэтуль ня слухалі беларускай «Свабоды». Гэта былі людзі ў трох гарадах, прафэсіяналы з добрай адукацыяй, працай і кар'ернымі пэрспэктывамі. Іх меркаваньні, адзнакі, адказы ў фокус-групах, — песьня песьняў. Здаецца, 12 з 13 сказалі, што цяпер яны будуць слухаць беларускую службу радыё Свабода стала.”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы ацэньваеце канкурэнцыю і супрацу з мясцовымі СМІ?”

(Лукашук: ) “Мы існуем паралельна. У прынцыпе, чым больш добрага радыё ў эфіры, тым лепш слухачу і тым большую аўдыторыю маюць усе мэдыі. Мы маем больш блізкія дачыненьні зь незалежнай прэсай, чым з эрзац-незалежнымі радыёстанцыямі. Незалежныя мэдыі публікуюць нашыя хвалі і частоты, перадрукоўваюць нашыя матэрыялы. Летась мы налічылі каля 400 такіх публікацыяў па ўсёй Беларусі. Насамрэч іх болей, аднак часьцяком матэрыялы, у тым ліку ў інтэрнэце, падаюцца без спасылкі на крыніцу. Відаць, пакуль толькі вучацца паважаць інтэлектуальную ўласнасьць.

Павінен сказаць, што перадрукоўваюць матэрыялы беларускай службы радыё Свабода або спасылаюцца на іх ня толькі ў Беларусі. Сёлета ў чэрвені, напрыклад, нас цытавалі нямецкая Suddeutsche Zeitung, брытанская The Times, чэскі часопіс Tyden, двойчы — расійскія «Известия».

Кантактуючы з рэдактарамі ў Беларусі, я разумею, што ім даводзіцца азірацца. Мы са свайго боку ўвесь час расказваем пра перыпетыі беларускай незалежнай журналістыкі: у нас гучалі «лісты са ссылкі» Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча, мы падтрымліваем сувязь зь Віктарам Івашкевічам, уважліва сачылі за сытуацыяй з «БДГ», «Новой газетой Сморгони», карпунктам НТВ. Калі ўлады звольнілі рэдактараў чатырох літаратурных часопісаў, мы далі свой эфір гэтым рэдакцыям, і яны падрыхтавалі дваццаць перадач па паўгадзіны кожная з матэрыялаў, якія інакш ужо ніколі не пабачылі бы сьвет.”

(Карэспандэнтка: ) “Актуальнее пытаньне: Свабода і ўлада. Як вы суіснуеце?”

(Лукашук: ) “Ды ніяк. Ізноў паўтаруся: на жаль, мы не прысутнічаем у Беларусі так, як хацелі бы. Няма галоўнага — рэтрансляцыі. Нашыя карэспандэнты, вядома, адчуваюць на сабе ўсё тое ж, што і іншыя журналісты зь беларускіх незалежных СМІ. Афіцыйную інфармацыю і рэакцыю мы можам атрымаць толькі ад некалькіх прэсавых сакратароў, а далей — мур.

Разьмясціць рэкламу ў дзяржаўным друку або на вуліцы не ўдаецца. Міністэрства інфармацыі аднойчы паспрабавала «разабрацца» з тым, як мы асьвятлялі паездку А. Лукашэнкі ў Аўстрыю, і даслала нам ліст з патрабаваньнем падаць ім усе нашыя матэрыялы на гэтую тэму. Цікавы ліст – ні «добрага дня», ні «да пабачэньня», ні звароту, ні «калі ласка», адзін даўгі сказ па-ангельску – зь пяцьцю памылкамі. Нашага карэспандэнта пазбавілі акрэдытацыі. Аднак мы ўсё ж не мясцовы СМІ і месьцімся ня ў Беларусі, а таму разьбірацца з намі цяжэй.

Мы ведаем, што ўлады нас слухаюць. Былы памочнік прэзыдэнта Посахаў гаварыў пра гэта ў тэлеэфіры, былы кіраўнік тэлерадыёкампаніі Чыкін у адным з інтэрвію прызнаваўся, што раніцу пачынае з нашага інтэрнэт-сайту, рэдактары дзяржаўных газэт і МЗС час ад часу «карэктуюць» нас. Вось ня так даўно прадстаўнік КДБ цытаваў у друку наш рэпартаж пра IREX 5-гадовай даўніны. Беларускія дыпляматы, якіх сустракаю на розных канфэрэнцыях, не нарадуюцца, што цяпер можна ўсё чытаць у інтэрнэце — раней яны мусілі круціць настройкі прыймачоў і рабіць запісы.”

(Карэспандэнтка: ) “I апошняе: якія пэрспэктывы радыё Свабода мае ў Беларусі?”

(Лукашук: ) “Наша іманэнтная задача — перастаць вяшчаць. Стаць непатрэбнымі, як непатрэбнымі сталі перадачы нашай станцыі ў Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыне. Стаць успамінам у грамадзтве, якое жыве па законах дэмакратыі, дзе журналісты ня подзьвігі зьдзяйсьняюць, а проста займаюцца прафэсійнай дзейнасьцю. Ну а перад тым трэба зрабіць усё магчымае, каб наблізіць гэтыя часы.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG