Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ЮСТЫЦЫІ ЗАЯВІЎ, ШТО НЯМА ЗАГАДУ ЗАКРЫВАЦЬ ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў абвяргае абвінавачаньні прадстаўнікоў некаторых грамадзкіх арганізацыяў, паводле якіх ёсьць загад зьверху аб іх абавязковай ліквідацыі да будучых парлямэнцкіх выбараў.

(Галаванаў: ) “Ніякага загаду няма, ідзе мэтанакіраваная праца, якая вызначаная законам. Як у справе кіраўніцтва судамі і натарыятам, гэтак і ў справе рэгістрацыі і кантролю за грамадзкімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі”, — адказаў на пытаньне Радыё Свабода міністар Віктар Галаванаў.

У Беларусі няма больш ці менш прывілеяваных арганізацыяў, паведаміў Віктар Галаванаў і прывёў у якасьці прыкладу папярэджаньне, якое было вынесенае Партыі камуністаў пад кіраўніцтвам Калякіна. Далей ён пералічыў шэраг іншых пакараных арганізацыяў, пры гэтым назвы іх гучалі з вуснаў міністра недакладна. Гэтак, ён пераблытаў назву Фонду імя братоў Луцкевічаў. Заўважу, што нядаўна менавіта за скажэньне ў напісаньні назвы арганізацыі быў папярэджаны Беларускі Хэльсынскі камітэт.

А шэраг грамадзкіх арганізацыяў з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі былі ўвогуле закрытыя альбо чакаюць судовага разгляду пазоваў аб закрыцьці. Сярод іх такія вядомыя як “Прававая дапамога насельніцтву”, Фонд імя братоў Луцкевічаў, праваабаронцы цэнтру “Вясна”. Міністар В.Галаванаў лічыць, што парушэньні, якія былі знойдзеныя кантралёрамі зь ягонага ведамства, вартыя менавіта закрыцьця. Паводле міністра, адна з гэтых арганізацыяў, лёс якой хутка вырашыць Вярхоўны суд, падала падробленыя подпісы заснавальнікаў.

Між тым, прадстаўнікі арганізацыяў, закрыцьця якіх дамагаецца Міністэрства юстыцыі, перакананыя, што іх зьбіраюцца ліквідаваць менавіта паводле загаду ўлады. Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Юры Чавусаў кажа:

(Чавусаў: ) “На маю думку, сыстэма наступная. У 1999 годзе была перарэгістрацыя, а праз год былі парлямэнцкія выбары. Дык вось, зачыстка тады ішла за год да выбараў. Цяпер як бы падставаў праводзіць перарэгістрацыю няма, але яны, як бачым, робяць такую зачыстку. Дакладна за год да выбараў. Каб пазбавіць увогуле магчымасьці нейкія перадвыбарчыя кампаніі рабіць пры дапамозе няўрадавых арганізацыяў, рэсурсаў трошкі пазбавіць, назіраньне за выбарамі абмежаваць. І потым, гэтыя 40 мільёнаў даляраў — я маю на ўвазе Акт аб падтрымцы дэмакратыі — яны іх раззлавалі. Каб не было куды іх даваць”.

Кангрэс ЗША абмяркоўвае прапанову выдаткаваць 40 мільёнаў даляраў на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Яшчэ невядома, ці зьявяцца калі-небудзь гэтыя грошы ў краіне, а, на думку прадстаўнікоў беларускага недзяржаўнага грамадзкага сэктару, беларускія ўлады ўжо вядуць барацьбу з патэнцыйнымі атрымальнікамі дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG