Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЗА АПОШНІЯ ГАДЫ ЗЬВЯРНУЛА НА СЯБЕ ВАШУЮ ЎВАГУ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Хаця я праводзіў гэтае апытаньне сярод чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, шмат адказаў атрымаў кшталту:

(Спадар: ) “Я, шчыра кажучы, загружаны сваімі праблемамі, таму я чытаю практычна толькі папулярныя выданьні”.

(Студэнт: ) “Я чытаю расейскую і замежную літаратуру, а таксама навуковую, ды іншую”.

(Хлопец: ) “Беларускай літаратурай я не цікаўлюся. Усясьветнай, расейскай цікаўлюся, а беларускую памятаю толькі са школьнай праграмы”.

А вось як адказалі на пытаньне тыдня тыя, хто цікавіцца беларускай літаратурай:

(Дзяўчына: ) “Мне найбольш спадабаўся твор Андрэя Курэйчыка “Загублены рай”. Гэта п’еса, больш такое тэатральнае цікавіць. Бо мала, што ты можаш гэта прачытаць, дык яшчэ паглядзець у тэатры. Такое супастаўленьне ідзе. Чытаеш, глядзіш, і робіш такое супастаўленьне”.

(Іншая дзяўчына: ) “Ведаеце, я вельмі прыязна стаўлюся да творчасьці Адама Глобуса, і ўсё, што выходзіць з-пад ягонага пяра, для мяне вельмі цікава. Проста з сучаснай беларускай літаратуры гэта мне, відаць, найбольш сымпатычна”.

(Студэнтка: ) “Па-першае, гэта тое, што памёр вялікі чалавек Беларусі Васіль Быкаў. Я ня ведаю, я не літаратуразнаўца, але як чытачка люблю Караткевіча, таго ж Васіля Быкава — “Доўгая дарога дадому”.

(Хлопец: ) “Юры Станкевіч “Любіць ноч — права пацукоў”, а таксама лірыка Алеся Разанава. Паэмы “Жалеза”, “Гліна”, вось такія рэчы. Вельмі цікава”.

(Спадар: ) “З падзеяў — гэта, безумоўна, сьмерць Васіля Быкава. Натуральна, ня столькі як літаратурная, а як грамадзкая зьява. І рэзананс ягонай сьмерці ў беларускім грамадзтве”.

(Дзяўчына : ) “Напэўна, зьяўленьне Андрэя Хадановіча, хаця ён і даўно зьявіўся, але цяпер ён выпускае свае новыя кніжкі вершаў. Таксама зьвяртаюць увагу вельмі прыстойныя, добрыя творы Альгерда Бахарэвіча і Ільлі Сіна, якія раней былі ў літаб’яднаньні “Бум-бам-літ”, але цяпер займаюцца абсалютна самастойнай творчасьцю. Магу таксама сказаць пра Віктара Жыбуля. Выйшла ўжо яго другая кніжка “Дыяфрагмы”. Гэта абсалютна новы Жыбуль, і ягоным прыхільнікая я раю пачытаць гэтую кніжку. Вельмі таленавітая дзяўчына Вера Бурлак, якая выпускае сваю кніжку “За здаровы лад жыцьця”. На гэтых аўтараў трэба зьвярнуць увагу”.

(Спадар: ) “Я зьвярнуў увагу на кнігу Вацлава Ластоўскага ў “Беларускім кнігазборы”. Спадабалася. А таксама спадабалася кніга Ларысы Геніюш. А цяпер хачу паглядзець выдадзеную кнігу Адама Міцкевіча”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я такі вузкі спэцыяліст, таму мяне цікавіць найперш тое, што зьвязана з маёю тэмай дасьледаваньня. Безумоўна, тое, што тычыцца школьнага падручніка па беларускай мове. Новыя вучэбныя кнігі, падручнікі, бо ствараецца цэлае пакаленьне падручнікаў для нацыянальнай школы. Выданьні вельмі цікавыя. Толькі што паглядзела выставу. Уражвае тая культура і тое багацьце выданьняў, якое на сёньня ёсьць у нашай краіне”.

(Дзяўчына: ) “Творчасьць Ігара Бабкова — паэзія, проза. Гэта было для мяне нечакана. Звычайна лічыцца, што літаратары зь філялягічнай адукацыяй. Але ж філёзафы таксама заявілі пра сябе ў беларускай літаратуры — і вельмі нечакана. Мне спадабалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG