Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁЛЕТА Ў БЕЛАРУСІ НЕ ПЛЯНУЕЦЦА НІЯКІХ РЭФЭРЭНДУМАЎ


Юры Дракахруст, Прага

Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь будзе будаваць саюз з Расеяй толькі на роўнапраўнай аснове, што сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі – непарушныя і не падлягаюць абмеркаваньню. Ён прыгадаў, што дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы ніхто не адмяняў і яна мусіць выконвацца.

Кіраўнік дзяржавы перасьцярог апазыцыю ад раздзьмуваньня міжнацыянальнай варожасьці ў краіне. Паводле Лукашэнкі апазыцыя пачынае шантажаваць Расею зьяўленьнем ў Беларусі антырасейскіх настрояў. Кіраўнік дзяржавы абверг наяўнасьць у Беларусі антысэмітызму.

Кіраўнік дзяржавы вызнае стары прынцып: “Лепшая абарона – гэта наступ”. У сытуацыі чарговага крызысу ў беларуска-расейскіх адносінах, ён, як і летась, трымаецца саюзнай дамовы, падпісанай у 1999 годзе. Сёньня ён заявіў, што Беларусь настойвае на выкананьні гэтай дамовы і дадаў: “Нельга вырываць з кантэксту адно, нават вельмі важнае пытаньне і вырашаць яго, адкідаючы астатнія”. Гэта – адказ на спробы Ўладзімера Пуціна прымусіць кіраўніка Беларусі падпісаць дамову пра пераход Беларусі на расейскі рубель.

Сёньня ўрад накіраваў Лукашэнку пакет пагадненьняў, які якраз і тычацца валютнай інтэграцыі. Гэтыя прапановы вытрыманыя ў духу і сёньняшніх заяваў Лукашэнкі, і ягонага лісту Пуціну ад 1 верасьня. Пакет пагадненьняў, распрацаваных урадам, прадугледжвае, што Расея мусіць выплаціць Беларусі за увядзеньне свайго рубля больш за 2 мільярды даляраў. Варта нагадаць, што вылучэньне гэтай прапановы на саюзным саўміне на мінулым тыдні выклікала жорсткую рэакцыю прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава, які сказаў, што ўвядзеньне расейскага рубля – дабро для Беларусі, а за дабро, маўляў, не прыплочваюць. Як бачым, пазыцыя беларускага боку застаецца ў гэтым пытаньні нязьменнай. Яна агучваецца публічна, што пазбаўляе афіцыйны Менск магчымасьці саступіць, захаваўшы твар.

Які сэнс заяваў кіраўніка дзяржавы наконт раздзьмуваньня міжнацыянальнай варожасьці? Тут таксама відавочная спроба, як кажуць, зваліць з хворай галавы на здаровую. Часам, сапраўды, можна пачуць меркаваньне, што інтэграцыйныя гульні спрыяюць пашырэньню антырасейскіх настрояў у Беларусі.

Але апошнім часам куды гучней гучаць заўвагі наконт нарастаньня антырасейскіх настрояў у беларускай афіцыйнай прапагандзе, наконт выцісканьня расейскіх мэдыяў зь беларускай інфармацыйнай прасторы, наконт недружалюбных крокаў афіцыйнага Менску адносна Расеі. Тут варта прыгадаць і спробы узяць у беларускую ўласнасьць бэнзаправод, і арышт акцыяў “Слаўнафты”, і апошняе рашэньне ўраду павялічыць долю дзяржавы ў статутных фондах кампаніяў “Белсэл” і МСЛ, якія маюць вялікую долю расейскага капіталу.

Гэтае рашэньне, як і шэраг іншых крокоў беларускіх ўладаў, выклікалі даволі рэзкую рэакцыю амбасадара Расеі Аляксандра Блахіна. Амбасадар Расеі выказвае неразуменьне і незадавальненьне зусім не заявамі беларускай апазыцыі, а канкрэтнымі крокамі беларускай улады.

Варта дадаць, што кіраўнік гэтай ўлады ў адказ распявадае пра спробы апазыцыі раздзьмуць міжнацыянальную варожасьць. Дык хто ж яе раздзьмувае?

Каб прыху палепшыць свае пазыцыі ў перамовах з Масквою, кіраўнік Беларусі ізноў спрабуе згуляць ролю абаронцы расейцаў ад крыважэрных нацыяналістаў.

У прамове Лукашэнкі прагучала сёньня дарэчы амаль фрэйдаўская агаворка. Сказаўшы, што расеец мусіць адчуваць сябе ў Беларусі лепш, чым у Расеі, кіраўнік дзяржавы дадаў: “Простыя расейцы ня ў чым не вінаватыя”. А няпростыя, відаць , вінаватыя . І ў чым? І перад кім?

Ня менш шчыра выказаўся кіраўнік дзяржавы і наконт габрэяў. Распавёўшы пра тое, што нехта ізноў жа “падкідае” тэму антысэмітызму, Лукашэнка заўважыў, што габрэі ж нікому не парашкаджаюць. Габрэям варта сказаць дзякуй за такую высокую адзнаку. Але, дарэчы, нядаўняе апаганьваньне мэмарыялу на месцы менскага гэта, цяперашняе разбурэньне габрэйскіх могілак у Горадні сьведчаць пра тое, што камусьці габрэі магчыма і перашкаджаюць. І улада як мінумум нічога ня робіць, каб гэтыя дэманстрацыі спыніць, а то і сама, як у Горадні, зьяўляецца ініцыятарам.

Але вернемся да эканамічнай тэмы. У пытаньні валютнай інтэграцыі афіцыйны Менск дэманструе непахіснасьць. А ў газавым пытаньні, прынамсі ў пытаньні продажу “Белтрансгазу”?

Тут, магчыма, адбываюцца пэўныя зрухі. Учора агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Беларусі паведаміла, што Менск нібыта пагадзіўся на ацэнку кошту “Белтрансгазу” незалежным аўдытарам, на тое, чаго патрабаваў “Газпрам” і на што да апошняга не згаджаўся беларускі бок.

Сёньня згоду Беларусі на незалежны аўдыт “Белтрансгазу” са спасылкай на выканаўцу абавязкаў міністра энэргетыкі Беларусі Эдуарда Таўпянца пацьвердзіла і расейская газэта “Коммерсант”. Паводле “Коммерсанта” беларускі бок таксама згодны прадаць 50% акцыяў газатранспартнай сыстэмы краіны. Раней ён згаджаўся прадаць ня больш чым полову акцыяў “Белтрансгазу”.

Варта прыгадаць, што на мінулым тыдні падчас саюзнага саўміну Міхаіл Касьянаў сказаў, што калі Беларусь усё ж пагодзіцца прадаць “Белтрансгаз” “Газпраму” на прыймальных умовах, то нізкія цэны на газ для Беларусі могуць быць захаваныя. Магчыма, Менск у гэтым пытаньні і пайшоў на саступкі. Хаця казаць пра гэта пэўна пакуль зарана, ідуць перамовы, бакі актыўна ўжываюць блеф і дэзынфармацыю, так што і тут можна чакаць наступных абвяржэньняў.

Нарэшце, зьвернемся да тэмы рэфэрэндуму. Лукашэнка сказаў, што сёлета рэфэрэндумаў ня будзе. Што азначае гэтая заява, каму гэта пасланьне?

Заява сапраўды даволі дзіўная. Апазыцыя і экспэрты сапраўды прадказвалі, што сёлета можа адбыцца рэфэрэндум пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Але сэнс іх перасьцярогаў палягаў ня ў тым, што плебісцыт адбудзецца менавіта сёлета, а ў тым, што ён наагул можа адбыцца: сёлета, у наступным годзе, праз год. А вось наконт гэтага Лукашэнка нічога і не сказаў. Сёлета адпаведны рэфэрэндум сапраўды ўжо практычна немагчыма правесьці.

Каму Лукашэнка накіроўвае сваё пасланьне: магчыма, Расеі, магчыма, беларускай уладнай эліце. Дарэчы, сёньня зьявілася сьведчаньне таго, што нават у асяродзьдзі паплечнікаў кіраўніка дзяржавы стаўленьне да пэрспэктывы рэфэрэндуму неадназначнае.


Вяртаючыся да сёньняшняй урадавай нарады наконт маючага адбыцца паседжаньня Вышэйшага Савету саюзу Беларусі і Расеі, варта дадаць некалькі дэталяў. Пацьверджана, што гэтае паседжаньне адбудзецца 14 кастрычніка, як пра тое дамовіліся Лукашэнка і Пуцін падчас апошняга візыту кіраўніка Беларусі ў Маскву.

Апрача таго, старшыня палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Вадзім Папоў паведаміў, што беларуска-расейская рабочая група па падрыхтоўцы канстытуцыйнага акту прыняла адзінагалоснае рашэньне вынесьці праект дакумэнту на ўхвалу Вышэйшаму Савету саюзу. Такім чынам пацьвярджаецца інфармацыя пра тое, што тэма Канстытуцыйнага акту будзе закранутая на перамовах 14 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG