Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ КАСЬЦЯН: “КІМ ЁСЬЦЬ Я”?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Амаль палова складу Палаты прадстаўнікоў ужо афіцыйна заявіла пра нежаданьне балятавацца другі раз. Пра тое, чым абумоўлены такі выбар, пра ўласныя пляны расказвае карэспандэнту Радыё Свабода намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Сяргей Касьцян. А ягоную дзейнасьць абмяркоўваюць выбарцы з Мазыра і Ельскага раёну.

Мазырскую зону прадстаўнічае ўлады падзялілі два дэпутаты Нацыянальнага сходу. Анатоль Малафееў, былы сакратар ЦК КПБ, які на пачатку сваёй кар’еры працаваў тут сакратаром гаркаму, пры падтрымцы вэртыкалі двойчы абіраўся ў горадзе. Двойчы дэпутат і Сяргей Касьцян, колішні загадчык катэдры гісторыі КПСС і навуковага камунізму мясцовага пэдінстытуту, які атрымаў для абраньня прылеглыя да Мазыра сельскія раёны. Размаўляем зь ім:

(Касьцян: ) “Я палітоляг. Гісторык, палітоляг”.

(Карэспандэнт: ) “Доктар навук?”

(Касьцян: ) “Доктар паліталягічных навук, прафэсар, акадэмік трох акадэміяў”.

(Карэспандэнт: ) “А даўно вы абараняліся?”

(Касьцян: ) “Не, гады тры таму. За час дэпутацкай дзейнасьці выйшла ў мяне кніга на расейскай мове, называецца “Кто есть я”. Там сабрана ўсё, што пісалі пра мяне за апошнія 20 гадоў, што я пісаў. І выйшла кніга “Боль мой, Югаславія”. А цяпер я працую над новай кнігай — “Народны дэпутат”.

(Карэспандэнт: ) “Адчулі сябе прафэсіяналам?”

(Касьцян: ) “Вядома! Восем гадоў дэпутатам — мяне ўжо ведаюць ня толькі ў рэспубліцы, са мною паўсюль лічацца”.

Сярод гэтых знаёмцаў і дацэнт, дэпутат Мазырскага гарсавету Леанід Арлоў. Ён згадвае адметны факт: пасьля заканчэньня тэрміну кіраўніцтва катэдрай толькі два чалавекі выказаліся за тое, каб вылучыць спадара Касьцяна кандыдатам у прадстаўнічую ўладу. Адным з двух быў сам Сяргей Іванавіч. Цікава, ці згадае мэмуарыст гэты факт у новым сваім творы? Леанід Арлоў дапушчае — такое можа стацца:

(Арлоў: ) “Павінен адзначыць, што ў Сяргея Іванавіча ёсьць байцоўскія якасьці. Калі ўзьнікала нейкая несправядлівасьць, ён гатовы быў з шашкаю нагала ісьці ў атаку. Ён уступіў нават у Незалежны прафсаюз. У той жа час гэта натура даволі супярэчлівая. У некаторых выпадках ён мог рабіць учынкі, непрадказальныя для астатніх, і бывала, што тлумачыў гэта палітыкай. Маўляў, палітыка дазваляе ўсё”.

Прычым разуменьне палітыкі не вызначалася асабліваю арыгінальнасьцю. Адзінае, чым заўсёды адрозьніваўся спадар Касьцян ад шматлікіх сваіх аднадумцаў, гэта пастаянным напамінам літаральна ўсім і паўсюль: ён ні на крок, ні на ёту не адыходзіць ад “генэральнай лініі”, толькі цяпер ужо ня партыі, а — “генэральнага сакратара”.

(Касьцян: ) “Мяне падтрымалі, бо я зьяўляюся такім простым і сталым паплечнікам нашага прэзыдэнта, і колькі я буду дэпутатам, столькі й буду падтрымліваць Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “Уявім гіпатэтычную сытуацыю: вы трэці раз становіцеся дэпутатам, а Аляксандар Рыгоравіч адмаўляецца ад далейшай барацьбы за прэзыдэнцтва”.

(Касьцян: ) “Буду арыентавацца на новага”.

Але спадар Касьцян перакананы, што такога ня здарыцца:

(Касьцян: ) “Я б сказаў, што дзесьці да 90% людзей выказваюцца за тое, каб зрабіць усё дзеля зьмяненьня Канстытуцыі — Лукашэнка мусіць застацца прэзыдэнтам”.

Такім чынам — рэфэрэндум. Ягоная мэтазгоднасьць не выклікае ў “гісторыка і палітоляга”, аўтара кнігі пра сутнасьць народаўладзьдзя аніякага сумневу. Спадар Касьцян кампэтэнтна сьцьвярджае, што “сьвядомыя актывісты” ўжо пачалі падрыхтоўку да гэтай палітычнай акцыі, якая мусіць адбыцца ўвосень наступнага году:

(Касьцян: ) “Я думаю, што будуць два пытаньні: ці згодныя мы падтрымаць канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы, і другое, мабыць, аб зьменах у дзейнай канстытуцыі. Пра пытаньне працы дэпутата, пра падаўжэньне тэрміну для прэзыдэнта… Гэта й пытаньне, што ён павінен мець права знаходзіцца ў якой-небудзь партыі, прадстаўляць яе”.

Вось тут і палягае лінія падзелу паміж прыхільнікамі і апанэнтамі дэпутата Касьцяна. Якіх, на думку многіх, куды менш, чым згаданыя ім 90%. Распавядае спадар Арлоў:

(Арлоў: ) “У прынцыпе, мне не хацелася ўжо галасаваць за яго, бо нашыя погляды значна разышліся. Сяргей Іванавіч — зацяты сталініст, прыхільнік вырашэньня пытаньняў з дапамогаю кулака. Раз — і ўсё, абрэзалі. Няма чалавека — няма праблемы. Я, канечне, не магу яго асуджаць за нейкія ідэйныя перакананьні, але: знаходзіцца столькі гадоў у высокай палітыцы і ня бачыць, да чаго вядзе краіну існае кіраўніцтва — адукаваны чалавек, які мае вучоныя ступені і званьні — ну, ня мог ён ня бачыць гэтага! Таму маё стаўленьне зьмянілася”.

Мне падалося, што самога спадара Касьцяна крытыка ягонай пазыцыі палітычнымі апанэнтамі, шараговымі выбарцамі ня вельмі хвалюе. Крэда знаўцы гісторыі КПСС і СССР цьвёрдае: ні кроку з партыйна-дэпутацкае плятформы! Дарэчы, уласную дзейнасьць у Палаце прадстаўнікоў ён ацэньвае вельмі высока. А што да калегаў, дык нягледзячы на дыпляматычны тон выказваньняў, адчуваецца пэўны скэпсыс:

(Касьцян: ) “Праца з паперай, над законамі — вельмі цяжкая! Шматлікія кандыдаты ў дэпутаты мяркуюць, што гэта лёгка. А калі абіраюцца і пачынаюць працаваць, то многія не задаволеныя тым, што і кабінэты не такія, і сакратаркі ў прыёмным пакоі няма, і аўтамабіля няма… Сёньня дэпутацкая зарплата 450 тысяч — няма тут ні асалоды, ні даходу! Незадаволеных вельмі шмат”.

(Карэспандэнт: ) “Вось тыя 45% дэпутатаў, якія, паводле вашых словаў, ня стануць балятавацца другі раз, яны ня пойдуць таму, што адчулі: ня цягнуць, не цягнулі?”

(Касьцян: ) “Яны не атрымалі задавальненьня ў дэпутацкай працы”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ўвогуле дзіўная сытуацыя: Нацыянальны сход, у якім мала яркіх, выбітных асобаў. Мала людзей, якія прэтэндуюць на сваю выключнасьць: у нейкіх поглядах, у нейкіх дзеяньнях, у нейкай выразна акрэсьленай грамадзянскай пазыцыі”.

(Касьцян: ) “Ня кожны ўпэўнены ў сваіх сілах, у сваіх здольнасьцях, у тым, што ён зможа заняць нейкую сваю асаблівую нішу”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ад прывычкі быць безгалосым?”

(Касьцян: ) “Каб хто хацеў мець сваю думку, то ён бы меў”.

(Карэспандэнт: ) “А вы самі вызначыліся?”

(Касьцян: ) “Мне падабаецца дэпутацкая дзейнасьць, я знайшоў сябе ў ёй. Нам трэба ўносіць зьмяненьні: тыя, хто хоча працаваць на прафэсійнай аснове, — калі ласка! А хто жадае заставацца на адміністрацыйнай, дзяржаўнай працы, — зноў калі ласка. Працуйце і будзьце дэпутатамі!”

Такім чынам, спадар Касьцян зрабіў заяўку на трэці дэпутаці тэрмін. І балятавацца будзе ў добра знаёмай акрузе. Адрозна ад большасьці калегаў, там ён бывае рэгулярна — тыдзень на месяц. За гэты час разоў 10 сустракаецца з выбарцамі. І кожны год робіць у раёнах справаздачы: за што галасаваў, якія законапраекты лічыць недасканалымі, каму дапамог... Такая актыўнасьць, на ягоную думку, забясьпечвае неабходную папулярнасьць, хіба ці не 100-адсоткавую пазнавальнасьць. Аднак у буйной, важнай для Ельскага раёну гаспадарцы, леспрамгасе, зь цяжасьцю прыгадваюць прозьвішча свайго дэпутата:

(Галасы: ) “Траціньнікаў!. Ну, зь Лельчыцаў каторы? Як гэта яго прозьвішча? Мы ж за яго галасавалі… Касьян… Касьцян? Касьцян...”

І вось тут паўстае пытаньне: чаму людзі дрэнна ведаюць яго, хоць спадар Касьцян для ўласнае пазнавальнасьці выкарыстоўвае клясычную схему, якая выдатна зарэкамэндавала сябе, напрыклад, у Расеі, ва Ўкраіне? Больш дасьведчаныя выбарцы тлумачылі гэта тым, напрыклад, што ён не ініцыяваў адмысловых законапраектаў з улікам асаблівасьцяў гомельскага Палесься... Іншыя абураліся, што Палата прадстаўнікоў пайшла на скасаваньне важных для тутэйшых чарнобыльскіх ільготаў... Але найчасьцей людзі казалі тое, што немудрагеліста, але дакладна сфармуляваў ельскі мэханізатар Віктар:

(Віктар: ) “Ну як мы дакаціліся да такога жыцьця? Усё развальваецца: завод жалезабэтонных вырабаў разваліўся, усе калгасы — на грані, леспрамгас — на грані. Усё развальваецца! А што толку ад гэтых дэпутатаў?! Дзе законы, якія б садзейнічалі разьвіцьцю грамадзтва, эканомікі? Дзе гэтыя законы? Яны штосьці прымаюць, а справы — няма”.

Ну а спадар Касьцян, казалі людзі, імкнецца якраз даказаць адваротнае: нібыта краіна ідзе на ўздым, дзякуючы абранаму ейнай кіраўніком курсу.

Распавядае бугальтарка Алена Шубіч:

(Шубіч: ) “У мяне ад гэтых дэпутатаў нічога ў жыцьці не зьмянілася. Цяпер я лічу: што яны ёсьць, што няма — аднолькава”.

Такая палярнасьць поглядаў на праблему нумар адзін — чаму грамадзтва губляе спадзеў на лепшае — і зводзіць да нуля высілкі спадара Касьцяна, аддаляе яго ад выбарцаў, хоць сам ён лічыць па-іншаму: маўляў, шмат чаго зрабіў, таму людзі мусяць дзякаваць... І сапраўды, удзячныя ёсьць, асабліва сярод вэртыкалі. Вось што кажа старшыня Ельскага райсавету Тацяна Сакалоўская:

(Сакалоўская: ) “Як ня кожны тыдзень, то два-тры разы на месяц сувязь зь ім трымаем па ўсіх пытаньнях. І ён тут часты госць. Свае абавязкі дэпутата Нацыянальнага сходу выконвае на “дзясятку”. Да яго ідуць людзі, ён ажыцьцяўляе прыём. Галоўнае — пытаньне газыфікацыі. Паводле ініцыятывы старшыні райвыканкаму Канопліча і Сяргея Іванавіча Касьцяна на пачатку году было такое паседжаньне, працэс зрушыўся. Ідуць работы, падводзіцца газ у жылыя дамы яльчан”.

І погляд спадара Касьцяна:

(Касьцян: ) “Калі я балятаваўся ў Ельскім раёне, мне паставілі праблему газыфікацыі — дык усё гэта ажыцьцяўляецца!”

Зьвярнулі ўвагу: кажучы пра газавыя зрухі, спадарыня Сакалоўская першым адзначыла свайго начальніка. А спадар Касьцян у сваю чаргу адразу казаў пра сябе, а затым ужо хваліў міністраў. Дарэчы, кіраўнік краіны асабіста адкрывае кожную газавую нітку і пры гэтым падкрэсьлівае: я абяцаў і слова сваё стрымаў!

Вось тут яшчэ адна прычына таго, чаму людзі не шануюць ні дэпутатаў, ні вэртыкальнікаў: перамогаў і станоўчых зрухаў насамрэч так мала, што літаральна ўсе імкнуцца спрычыніцца да іх, каб набыць палітычны капітал. І збоку гэта выглядае своеасаблівай бойкай за славу. Такой, дзе пераможцаў ня можа быць. Як вынік, на справе ня ўсё так гладка, як распавядае спадар Касьцян. А па-ягонаму атрымліваецца, што першая ўмова посьпеху —сяброўства, шчыльныя стасункі з рознафарматнымі кіраўнікамі.

Пра дапамогу спадара Касьцяна ў вырашэньні многіх пытаньняў — напрыклад, у выбіваньні сродкаў на рэканструкцыю мэліярацыйных сыстэмаў у вёсцы Зашыр’е зважае і намесьнік старшыні Ельскага райвыканкаму Рыгор Цык. Аднак што тычыцца галоўнага — законаў, ягонае стаўленьне даволі крытычнае:

(Цык: ) “Многа законаў прымаюць дэпутаты. Але большасьць законаў не працуе. Яны адарваныя ад жыцьця. Магчыма, трэба перагледзець сыстэму падбору дэпутатаў. На жаль, нашыя законы — яны адарваныя, яны сухія, яны не апрабаваныя жыцьцём”.

Калі гэта разумеюць ня толькі апазыцыянэры, але й функцыянэры, значыць, сапраўды насьпеў час пераменаў. І вялікае пытаньне, казалі многія нашыя суразмоўцы: ці ўпішацца ў іх дэпутат з васьмігадовым стажам, ці ня лепш яму заняцца мэмуарамі пра дэпутацтва ў цішыні лецішча... Аднак спадар Касьцян — чалавек устойлівых перакананьняў, з тых, хто лічыць: камністы не здаюцца!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG