Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗМОВЫ ПРА ЗЬНІЖЭНЬНЕ КОШТУ “БЕЛТРАНСГАЗУ” НЯМА


Валер Каліноўскі, Менск

А вось зрухаў у расейска-беларускіх газавых перамовах пакуль няма, хаця беларускі бок і выказвае гатовасьць ісьці на капрамісы.

Большая частка расейскага газу, які накіроўваецца празь Беларусь у Эўропу, транспартуецца праз новы газаправод “Ямал-Эўропа”. Паводле вынікаў году, гэты транзыт чакаецца ў аб’ёме каля 26 мільярдаў кубамэтраў газу. Газаправод належыць Расеі, але апэратар на ім — “Белтрансгаз”. Цяпер на гэтым участку дзейнічае толькі адна кампрэсарная станцыя — нясьвіская, аднак на будучы год заплянаваны ўвод крупскай і слонімскай станцыяў, на 2006 год — будаўніцтва аршанскай і менскай кампрэсарных станцыяў. Тады магутнасьць газаправоду значна ўзрасьце.

Магчыма, таму сёлета Менск быў абраны месцам правядзеньня штогадовай нарады наконт умоваў эксплюатацыі газаправоду “Ямал-Эўропа” прадстаўнікоў расейскага, беларускага, польскага і нямецкага газавых канцэрнаў.

Але кіраўнік “Белтрансгазу” Пётар Пётух усё ж болей апякуецца масквічамі — прадстаўнікамі “Газпрому”. Ня выключана, што ў сераду ён сам паедзе на чарговы раўнд перамоваў наконт кошту і аб’ёмаў паставак расейскага газу ў Беларусь у наступным годзе, — аб гэтым паведамілі ў “Белтрансгазе”. А паводле папярэдняй інфармацыі зь Мінэнерга Беларусі, чарговыя кансультацыі паміж расейскім і беларускім бакамі на газавую тэму пройдуць 7 кастрычніка падчас тэлеканфэрэнцыі.

Тым часам кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Ігар Валабуеў кажа, што дата наступнага раўнду перамоваў ня вызначаная. Як няма пакуль канчатковага рашэньня і аб рэструктурызацыі беларускага доўгу за газ — 120 мільёнаў даляраў, хаця прадстаўнікі беларускага ўраду казалі, што вынік будзе яшчэ на мінулым тыдні.

Расейскі бок чакае саступак ад Менску. Зь беларускага ўраду накіраваны новы варыянт прапановаў аб акцыянаваньні “Газпромам” “Белтрансгазу”. Аднак размовы аб зьніжэньні цаны няма, — зазначыў першы віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Агенцтва “Інтэрфакс” сёньня са спасылкай на намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі Пятра Жабка паведаміла, што Беларусь “зь вялікай доляй верагоднасьці перагледзіць ў бок памяншэньня рынкавы кошт “Белтрансгазу”. Пазьней спадар Жабко ў інтэрвію Свабодзе абверг гэтую цытату, зазначыўшы, што ён такога не казаў і казаць ня мае права, што размова ідзе аб кампрамісе ўвогуле:

(Жабко: ) “Я казаў аб тым, што разглядаюцца ў краіне пытаньні аб тым, каб знаходзіць кампраміснае рашэньне гэтых праблемаў. Але гэта ня значыць, што цану зьменшыць ці нешта іншае зрабіць, кампраміснае рашэньне — гэта пытаньне двух суб’ектаў гаспадараньня”.

Разам з тым, спадар Жабко пацьвердзіў магчымасьць адмовы ад патрабаваньня беларускага боку, каб “Газпром” унёс у статутны фонд стваранага СП беларускі ўчасткак газаправоду “Ямал-Эўропа”.

Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў таксама заклікае расейскі бок “шукаць узаемапрымальны варыянт стварэньня СП зь “Белтрансгазам”. Але відавочна, што на гэты момант ёсьць толькі дамоўленасьць весьці перамовы, прычым невядома, калі яны працягнуцца.

Тое, што сытуацыя гэтак замарозілася, нявыгадна Беларусі, — лічыць прадстаўнік Мінэнэрга Беларусі Валянцін Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Для нас падвешанасьць гэтая вельмі небясьпечная, ужо хутка 15 кастрычніка, і чым далей, тым больш складаная пазыцыя ў нас будзе. Гэтае зацягваньне — я ўвогуле баюся, каб мы на 1 студзеня мелі дамову. Здаецца, таму дамова з “Ітэрай” падпісаная бяз цэнавага складніку, каб была гарантыя пастаўкі, а ўжо кошт будзе потым разглядацца”.

Зь іншага боку, кажа Валянцін Мацкевіч, новыя ўмовы энэргазабесьпячэньня патрабуюць эканамічных пераўтварэньняў. Тым часам генэральны дырэктар канцэрну “Белэнэрга” Сяргей Белы заклікаў “у сувязі зь няўстойлівай цэнавай палітыкай расейскіх партнэраў” болей будаваць электрастанцыяў, што працуюць на вуглі ды іншых альтэрнатыўных крыніцах энэргіі — торф, дровы, мазут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG