Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОРАДНЮ НАВЕДАЎ МАРШАЛАК СЭНАТУ РЭСПУБЛІКІ ПОЛЬШЧА ЛОНГІН ПАСТУСЯК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Лонгін Пастусяк, прадстаўнік Саюзу дэмакратычнай левіцы, нарадзіўся ў 1935 годзе ў Лодзі. Вучыўся ў Злучаных Штатах, а таксама на факультэце журналістыкі Варшаўскага Ўнівэрсытэту, доктар навук, прафэсар. У 1991-2001 гадах быў дэпутатам польскага Сойму. Займае пасады ў міжнародных арганізацыях, сябрам якіх зьяўляецца Рэспубліка Польшча.

А палове 11-й раніцы Лонгін Пастусяк прызямліўся ў гарадзенскім аэрапорце “Абухава”. Яго сустракалі намесьнік старшыні аблвыканкаму Марыя Бірукова, амбасадар Польшчы Тадэвуш Паўляк, польскі генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі, старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі. У Горадню высокі госьці прыбыў на запрашэньне кіраўніка Саюзу палякаў.

Трэба зазначыць, што ўзаемныя візыты кіраўнікоў Польшчы і Беларусі спыніліся гадоў восем таму з-за пазыцыі беларускага боку. Праўда, візыт маршалка Сэнату неафіцыйны. Госьць наведае яшчэ сталіцу, як паведамляецца, на запрашэньне кіраўніка нацыянальнага сходу Генадзя Навіцкага.

Лонгін Пастусяк сёньня пабываў у школе N36 з польскай мовай навучаньня, а затым ў аблвыканкаме, дзе сустрэўся зь ягоным кіраўніком Уладзімерам Саўчанкам. А 13-й гадзіне госьці і абласное начальства прыбылі ў Саюз палякаў. Праз 15 хвілінаў Уладзімер Саўчанка выйшаў, сеў у машыну ДАІ і зьехаў. Астатняе начальства паўтары гадзіны чакала высокага госьця на вуліцы.

Унутры адбывалася сустрэча Лонгіна Пастусяка з Тадэвушам Кручкоўскім і ганаровым старшынём Саюзу палякаў Тадэвушам Гавіным. Сустрэчу заплянавалі ўчора на просьбу польскага боку. Перад ёй Тадэвуш Гавін сказаў мне, што высокі госьць паспрабуе прымірыць іх з Кручкоўскім. Спрэчка паміж імі даўно выйшла на старонкі урадавай газэты Rzecz Pospolita.

Гавін заўсёды падтрымліваў апазыцыйныя беларускія арганізацыі, выступае за незалежную дэмакратычную Беларусь. Сп. Кручкоўскі лічыць, што Саюз палякаў павінен займацца выключна справамі польскай меншасьці. Апошнім часам у Саюзе палякаў працавалі сьледчыя, былі выяўленыя некаторыя фінансавыя махінацыі.

Між іншым, сёньня ў Саюзе палякаў шмат хто з супрацоўнікаў не павітаўся з Тадэвушам Гавіным, які гэты Саюз стварыў. Адзін зь сябраў Саюзу мне сказаў, што яны баяцца прылюдна паказваць сваю ляяльнасьць да Гавіна.

Сустрэча з Лонгіным Пастусякам мела закончыцца праз 15 хвілінаў, але зацягнулася болей як на гадзіну. Пасьля яе Тадэвуш Гавін сеў у машыну польскага амбасадара, а спадар Кручкоўскі—у мініаўтобус зь іншай публікай. Яны паехалі ў Новы замак на фуршэт, які адбыўся ў Сэнатарскай зале, дзе днямі адкрылася выстава, прысьвечаная каралю Стэфану Баторыю.

Пры канцы дня госьць вярнуўся ў польскую школу, дзе заплянавана была сустрэча з польскай дыяспарай, а каля 19 гадзінаў—кароткая прэсавая канфэрэнцыя. Затым маршалак польскага Сэнату Лонгін Пастусяк павінен быў накіравацца ў Менск, дзе заўтра возьме ўдзел у адкрыцьці помніка Адаму Міцкевічу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG