Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І “ГАЗПРОМ” АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ГАЗАВЫЯ ДАЎГІ


Валер Каліноўскі, Менск

Прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў пасьля паседжаньня саюзнага Саўміну зазначыў, што расейскі газ можа зноў прадавацца ў Беларусь паводле ўнутрырасейскіх коштаў — калі беларускі бок прапануе “Газпрому” прымальныя ўмовы прыватызацыі “Белтрансгазу”. У “Газпроме” таксама не выключаюць такога разьвіцьця падзеяў. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Усё будзе залежаць ад канструктыўных прапановаў беларускага боку ў справе працягу гэтых перамоваў”.

Ігар Валабуеў паведаміў, што на гэты момант такіх прапановаў зь Менску яшчэ не было.

Расейскі бок дамагаецца саступак у цане акцыяў “Белтрансгазу” і ня хоча выконваць шэрагу патрабаваньняў беларускага боку, нарыклад, аб уключэньні ў статутны фонд сумеснага прадпрыемства беларускай часткі газаправоду “Ямал-Эўропа”.

У Мінэнэрга Беларусі на апошнія заявы Касьянава адказалі, што зусім не выключаюць магчымасьці пошуку нейкіх кампрамісных рашэньняў. Гаворыць намесьнік міністра энэргетыкі Пётар Жабко:

(Жабко: ) “Гэта нармальнае жаданьне аднаго боку прадаць даражэй, а іншага — купіць таньней. Альбо зусім было б нядрэнна — бясплатна. Ды такога не бывае. Ня трэба тут будаваць нейкія здагадкі, гэта нармальны працоўны працэс, і разглядаючы гэтыя пытаньні, трэба сядаць за стол перамоваў і знаходзіць разумны кампраміс”.

Пётар Жабко спадзяецца на вырашэньне найбольш актуальных газавых праблемаў краіны, у тым ліку па цане на газ, да канца кастрычніка.

Тым часам расейская кампанія “Ітэра” і “Белтрансгаз” дамовіліся пра павялічаную пастаўку газу ў Беларусь у будучым годзе на 7,5 мільярда кубамэтраў. Гэта каля 40% патрэбнасьці краіны. Але канчаткова кантракт яшчэ не падпісаны, бо для ягонай рэалізацыі патрэбная згода “Газпрому”, па трубах якога гэты газ будзе перапампоўвацца. Адпаведна невядомы і кошт газу ад “Ітэры”, — паведамілі ў Мінэнэрга Беларусі. У “Газпроме” не супраць пралянгацыі кантракту на пракачку газу “Ітэры” ў Беларусь, — гаворыць кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Заўсёды пытаньне ўпіраецца ў тэхнічныя магчымасьці транспартоўкі. Калі ня будзе перашкодаў у гэтай, тэхнічнай частцы, то ніякіх пытаньняў”.

У “Белтрансгазе” тым часам занятыя ня толькі перамовамі з “Газпромам”, але і падрыхтоўкай да зімы, — паведаміла прэсавы сакратар канцэрна Таісія Бародзіч:

(Бародзіч: ) “А другое пытаньне, якое штодзённа, штогадзінна гучыць з вуснаў і генэральнага дырэктара, і галоўнага інжынэра, — грошы, эканомія. Калі ёсьць магчымасьць, давайце рабіць неяк іначай, давайце ўкараняць нешта новае, каб неяк выйсьці з гэтага становішча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG