Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 2 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камунар Магілёўшчыны”, 1933 год:

“Згодна пастанове Наркамасьветы БССР, ЦС таварыства “Прэч непісьменнасьць” з 15 верасьня павінны былі распачаць сваю работу лікпункты і школы для малапісьменных па горадзе і з 1 кастрычніка па раёне. Маецца чоткая пастанова СНК БССР ад 10 жніўня 1933 году аб ліквідацыі рэшткаў непісьменства да 1 студзеня 1934 году. Як-жа выконваецца гэта пастанова на Магілёўшчыне? Недапушчальнае ігнараваньне справы ўсенавуча, недаацэнка гэтага важнейшага этапа ў справе культурнай рэвалюцыі, якую праяўляе рад партыйных, комсамольскіх арганізацый, прывялі да таго, што па радзе месц усенавуч дарослых пад пагрозай зрыва”.

“Сталинская молодежь”, 1953 год:

“Сёньня пачаўся навучальны год у зноў створаным Беларускім інстытуце інжынэраў чыгуначнага транспарту. У ім тры факультэты: мэханічны, будаўнічы і эксплюатацыйны. На першы курс залічаныя 300 чалавек. Створанае таксама вечаровае аддзяленьне, на якім будуць займацца 75 работнікаў Гомельскага вузлу. У інстытуце створаныя розныя лябараторыі, абсталяваньне для іх перадаюць Маскоўскі, Ленінградзкі і Растоўскі транспартныя інстытуты. Маецца таксама бібліятэка з чытальнай заляй на 200 месцаў, вялікая гімнастычная заля. Заканчваецца будаўніцтва 49-кватэрнага жылога дому для прафэсарска-выкладчыцкага складу. У 1954 годзе пачнецца будова вялікага добраўпарадкаванага інтэрнату на 1200 месцаў”.

“Вечерний Минск”, 1973 год:

“Стадыён “Працоўныя рэзэрвы” ўчора прымаў футбалістаў Акадэмічнага імя Янкі Купалы і Расейскага драматычнага тэатру імя М.Горкага. Трыбуны напоўнілі шматлікія прыхільнікі іх сцэнічнага таленту, таварышы ў працы. Былі тут і выпадковыя гледачы, прыцягнутыя гукамі аркестру і радыёрэпартажу, які пачалі яшчэ да першага ўдару па мячу і працягвалі падчас усяго матчу народны артыст рэспублікі Расьціслаў Янкоўскі і камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Мікалай Петрапаўлаўскі. Перамагла зь лікам 4 да 1 каманда тэатру імя Янкі Купалы. У складзе каманды-пераможцы разам з заслужаным артыстам рэспублікі Аўгустам Мілаванавым і Генадзем Гарбукам іграў галоўны рэжысэр тэатру Валер Раеўскі. Два галы забіў рэжысэр Андрэй Андросік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG