Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ МУЗЫКІ ЗАПАТРАБАВАЛІ АКТЫЎНЕЙ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ НА РАДЫЁ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ КАМПАЗЫЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Удзельнікі круглага стала лічаць ненармальнай сытуацыю, калі ў эфіры беларускіх радыёстанцыяў фактычна не гучаць беларускамоўныя музычныя кампазыцыі. З гэтай нагоды яны накіравалі адмысловы зварот да міністра інфармацыі й прынялі заяву да кіраўніцтва ўсіх FM-станцыяў Беларусі.

Прычынай правядзеньня круглага стала стаў загад міністра інфармацыі, паводле якога з 1 ліпеня ўсе беларускія FM-станцыі абавязаныя 50% свайго эфіру аддаць беларускай музыцы. З такой ініцыятывай выступілі актывісты ТБМ.

Кіраўніцтва станцыяў з гэтым загадам быццам бы пагадзілася, але пад выглядам беларускай музыкі ў эфіры сталі круціць збольшага расейскамоўныя запісы выканаўцаў, якія паходзяць зь Беларусі, але ўжо даўно перабраліся ў Маскву. Прычым музыку гэную перадаюць пераважна ноччу. Як нарадзілася ідэя гэтага круглага стала, распавёў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Ідэя гэтага круглага стала нарадзілася даволі нечакана. Гарачыя галовы ў Маладым Фронце прапаноўвалі ставіць пікеты каля тых FM-станцыяў, якія ня круцяць нічога беларускага. Яны ўжо былі гатовыя на такія радыкальныя дзеяньні, калі мы сабраліся й вырашылі, што лепш будзе сабраць усіх зацікаўленых асобаў, пагутарыць зь імі. Магчыма, ёсьць нейкія пытаньні акрамя самой квоты. Можа, ёсьць пытаньні ўнутры беларускамоўнай музыкі й з самой музыкай”.

Акрамя актывістаў Маладога Фронту, Партыі Свабоды і журналістаў, у круглым стале ўдзельнічалі вядомыя беларускія музыкі Піт Паўлаў, Аляксандар Кулінковіч і Кася Камоцкая. Ніхто з кіраўніцтва радыёстанцыяў на круглы стол не прыйшоў, хаця й былі запрошаныя. Прысутнічала толькі каардынатарка праекту “Наша музыка” на “Альфа-радыё” Аляксандра Рогач.

Кіраўнікі FM-станцыяў заўсёды аргумэнтуюць адсутнасьць у эфіры беларускамоўных кампазыцыяў тым, што слухачы гэтага ня вельмі хочуць, а таксама сьцьвярджаюць, што ў Беларусі вельмі мала ствараюць якаснай папулярнай музыкі.

Гітарыст гурту “NRM” Піт Паўлаў нязгодны:

(Паўлаў: ) “У нас няма рынку, і ўсе рэдактары гэтых станцыяў не жывуць у рынкавай сытуацыі. Гэта іхнае віртуальнае ўяўленьне аб кан’юнктуры, якое насамрэч не адпавядае сапраўднаму стану. Бо ну хто слухае станцыі — тыя, хто любіць музыку. А тыя, хто слухае музыку, яны ўсё ж разьбіраюцца ў ёй. Таму мне здаецца, што ў Менску вялікая частка аўдыторыі іх ня слухае. Вырашэньне гэтай праблемы, на мой погляд, — стварэньне рэальнай рынкавай сытуацыі”.

Піт Палаў нават паабяцаў пісаць больш беларускамоўных папулярных кампазыцыяў для фармату FM-станцыяў.

Удзельнікі дыскусіі доўга спрачаліся, што лічыць беларускай музыкай — беларускамоўную, ці ўсю тую, што робіцца ў Беларусі. Як вынік, амаль усе ўдзельнікі круглага стала пагадзіліся, што любая створаная ў Беларусі музыка — беларуская. Таксама ўдзельнікі прызналі, што добрай беларускай музыкі цяпер робяць вельмі мала, а таксама віталі рашэньне ўладаў аб абавязковай квоце 50% для айчыннай музыкі ў FM-эфіры.

Удзельнікі дыскусіі прынялі зварот да міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча з заклікам у рамках 50%-й квоты для беларускай музыкі аддаць 25% гэтага эфірнага часу беларускамоўным выканаўцам. Прычым беларускамоўныя кампазыцыі мусяць гучаць у эфіры раўнамерна цягам дня. Кіраўнікоў FM-станцыяў удзельнікі круглага стала заклікалі да дыялёгу, актыўна абмяркоўваць гэтую праблему, а таксама больш сьмела рэалізоўваць у эфіры беларускамоўныя праекты.

Больш падрабязна пра гэтую праблему слухачы змогуць даведацца ў наступнай праграме Беларускай Свабоды “Па-за тактам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG