Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” МОЖА ПРАДАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ДАЎГІ


Валер Каліноўскі, Менск

Выканаўца абавязкаў віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімер Сямашка, кіраўнік “Белтрансгазу” Пётар Пётух, намесьнік міністра энэргетыкі Пётар Жабко сёньня праводзілі перамовы ў расейскім “Газпроме” наконт доўгу, а таксама аб’ёму і кошту паставак газу ў Беларусь на наступны год, паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні зьнешніх сувязяў “Белтрансгазу”:

(Чыноўнік: ) “Генэральны дырэктар знаходзіцца ў Маскве з гэтым пытаньнем у Мілера. Яны абмяркоўваюць пытаньне цаны і аб’ёмаў на газ. Тут няма чаго хвалявацца, што датычыць газу, то ён будзе, пытаньняў няма. У нас заключаны кантракт да новага году, усё будзе, як ёсьць. У нас і аб’ёмаў дастаткова, і цана прымальная на чацьверты квартал. Тут мы забясьпечаныя на ўсе 100 адсоткаў. А далей ужо будзем бачыць. Тут як ужо дамовяцца ўрады. Сёньня ў перамоўным працэсе ўдзельнічае ня толькі Пётух, ле і прадстаўнікі ўраду, міністэрстваў”, — паведаміў адказны чыноўнік “Белтрансгазу”.

Першапачаткова паведамлялася, што перамовы аб новых, рынкавых коштах на газ для Беларусі пачнуцца толькі ў кастрычніку. Аднак выявілася пільная патрэба для перамоваў ужо цяпер — перш за ўсё наконт рэструктурызацыі беларускага доўгу за газ, які складае больш як 120 мільёнаў даляраў. Беларускія чыноўнікі пасьпяшаліся ў Маскву, бо расейскі бок выявіў жаданьне прадаць беларускі доўг расейскім камэрцыйным структурам, хутчэй за ўсё гэта будуць кампаніі, зьвязаныя з “Газпромам”, — паведамілі ў Мінэнэрга Беларусі.

У “Газпроме” ўскосна пацьвердзілі намеры прадаць беларускі доўг. Гаворыць прэсавы сакратар “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Мы гатовыя разглядаць любыя формы працы з нашай дэбіторскай запазычанасьцю, калі гэта прынясе карысьць нашым акцыянэрам, дзейнічае ў інтарэсах нашых акцыянераў”.

Паводле прэсавага сакратара “Газпрому” Ігара Валабуева, у сёньняшніх перамовах зь беларускай дэлегацыяй узялі ўдзел старшыня “Газпрому” Аляксей Мілер, ягоны намесьнік Аляксандар Разанаў. Абмяркоўваюцца ня толькі пытаньні запазычанасьці, але і кошту на газ для Беларусі на наступны год. Пра вынікі будзе паведамлена пазьней.

Ігар Валабуеў кажа, што “Газпром” ня супраць працягнуць перамовы наконт удзелу ў прыватызацыі “Белтрансгазу”.

(Валабуеў: ) “Усё будзе залежаць ад пазыцыі беларускага боку, калі мы зноў пачнем з таго, чым закончылі, і да таго ж прыйдзем, то я баюся, што мы ні аб чым не дамовімся”, — сказаў Ігар Валабуеў з “Газпрому”. У беларускім урадзе тым часам не гатовыя да зьмены пазыцыі ў гэтым пытаньні.

Беларускі эканаміст Леанід Заіка кажа, што расейскім пасярэднікам вельмі выгадна, каб “Газпром” прадаў ім беларускія даўгі:

(Заіка: ) “Менавіта для расейскага капіталу гэта, відаць, самае ўдалае рашэньне, што ж да нашых даўжнікоў, то гэта як правіла дзяржаўныя прадпрыемствы. Ім давядзецца разьлічвацца заніжанымі цэнамі на сваю прадукцыю”.

На думку Леаніда Заікі, страты беларускай эканомікі ў такім выпадку складуць 5–10% ад кошту прадукцыі, якая пойдзе на пагашэньне запазычанасьці. Варыянт продажу беларускага доўгу “Газпромам” нельга лічыць нейкім ціскам на афіцыйны Менск з мэтай прыватызацыі “Белтрансгазу”, — мяркуе Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Ім надакучыла, як казаў Пуцін, соплі жаваць, ім надакучыла мець справу зь незгаворлівам партнэрам, але нешта трэба прапаноўваць, магчыма, што гэта адзін з апошніх варыянтаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG