Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ МЕНСКАГА СПЭЦПРЫЁМНІКУ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ ЛІДЭР БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ С.ВЫСОЦКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каля брамы спэцпрыёмніку лідэра Партыі свабоды сёньня сустракалі каля 10 чалавек ягоных родных і сяброў. Усе 10 сутак зьняволеньня Сяржук Высоцкі трымаў галадоўку. Ён патрабаваў, каб улады Беларусі спынілі ўсялякія спробы будаваньня “саюзнай дзяржавы” з Расеяй, а таксама ліквідавалі на тэрыторыі краіны расейскія вайсковыя базы. Вось што распавёў Сяржук Высоцкі пра сваё знаходжаньне ў турме:

(Высоцкі: ) “Рэжым мне даў зразумець, што баіцца мяне нават больш, чым я сябе ацэньваў. Мяне ня білі — гэта праўда, але кантроль быў проста татальны. Я шакаваны такой ступеньню кантролю, і гэта я адчуваў увесь час. Кантроль быў за кожным словам, за кожным учынкам.

Наконт галадоўкі. На самой справе вельмі цяжкая працэдура была. Бо галадуеш, але яны мне ўсё роўна прыносілі ежу. Я адмаўляюся, а яны засоўваюць ежу ў камэру. Выкідаць яе я не хацеў, бо гэта такая скрайняя манера паводзінаў, таму аддаваў яе хлопцам. Я чалавек фізычна здаровы, моцны, займаюся спортам. Я думаю, 10 дзён галадоўкі любы чалавек вытрымае, гэта не такое ўжо моцнае выпрабаваньне”.

Пры гэтым С.Высоцкі дадаў, што ў камэры за дзень да ягонага выхаду на волю таямнічым чынам зьніклі ўсе дзёньнікавыя запісы, якія спадар Высоцкі вёў 10 сутак.

Сяржук Высоцкі гаворыць, што хаця дачыненьні з сукамэрнікамі ў яго былі вельмі добрыя, адміністрацыя прыёмніку рабіла ўсё, каб сядзелася яму ня надта добра. Напрыклад, у камэру, дзе ён сядзеў, зьмясьцілі двух чалавек, хворых на сухоты і пранцы.

Разам з тым, Сяржук Высоцкі не шкадуе, што арганізаваў пікет супраць вайны ў Чачэніі, бо, на ягоную думку, трэба пастаянна нагадваць грамадзянам, што можа чакаць Беларусь у выпадку яе аб’яднаньня з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG