Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПСЫХІЧНЫЯ ЗАХВОРВАНЬНІ РОЗНАЙ ЦЯЖКАСЬЦІ ВЕЛЬМІ РАСПАЎСЮДЖАНЫЯ Ў БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Курс, Менск

23-гадовы Аляксандар патрапіў у адну з гарадзенскіх псыхіятрычных клінік не з уласнае ахвоты. Зачапіўся зь міліцыяй, якая склала пратакол пра неадэкватныя паводзіны затрыманага на дыскатэцы хлопца. Як вынік — лячэбны курс на 20 сутак.

(Аляксандар: ) “Працэдуры, уколы. Курс лячэньня прайшоў — і вольны. Празь міліцыю патрапіў туды. Міліцыя як робіць? Яна забірае чалавека, і калі той пачынае “качаць правы” альбо буяніць, пішуць паперку: “хадзіў, размаўляў сам з сабою” і г.д. І — на 20 сутак адпраўляюць”.

Псыхіятры не хаваюць таго, што чалавека, які трапіў да іх аднойчы, на ўсё жыцьцё ставяць на адмысловы ўлік. Аляксандар ведае, што й ён стаіць на ўліку, але гэта яму пакуль не зашкодзіла ні ў кар’еры, ні ў вучобе. Дый побыт у клініцы не падаўся яму жахлівым. Кармілі добра і ставіліся па-людзку.

(Аляксандар: ) “Такія вялізныя люміновыя каструлі наліваюць і развозяць конікам у драўлянай будачцы. Чаргуюць боршч, малочныя супы, “шчы” са сьвежай капусты, гарохавы суп. На другое бульба, грэчка й рыс. Катлеты, падліва з кавалачкамі мяса. Чаргуюць рыбу, птушку, ялавічыну й сьвініну”.

Прымаюцца й меры перасьцярогі. Гэтак, у некаторых аддзяленьнях пацыентам не выдаюць нажоў, а ў палатах няма дзьвярэй або ручак на іх.

(Аляксандар: ) “Прыборы — лыжка й відэлец. Можа, мне й далі б нож, каб папрасіў. Гэта ў залежнасьці ад таго, якое аддзяленьне. Фіранкі, кветкі. У пакоях, дзе санітары й загадчыца аддзяленьня, дзьверы бяз ручак. У палатах дзьвярэй зусім няма. Усё пад наглядам санітараў”.

У Аляксандра ёсьць сяброўка, 35-гадовая Сьвятлана. Яны пазнаёміліся ў гарадзенскай клініцы і цяпер жывуць разам. Сьвятлана рэгулярна зьвяртаецца ў клінікі з прычыны дэпрэсіяў, на якія пакутуе да чатырох месяцаў штогоду. Яна сьцьвярджае, што побыт гарадзенскіх і менскіх псыхіятрычных клінікаў нічым ня розьніцца ад побыту ў звычайных шпіталях. Ціха, чыста, небагата, але ўсё неабходнае ёсьць. Лечаць нэўралептыкамі й антыдэпрэсантамі, дазволенымі Міністэрствам аховы здароўя. Праўда, тут ёсьць свае сакрэты: калі гэтыя лекі не ўраўнаважваць рэчывамі-карэктарамі, чалавека сапраўды можна давесьці да вар’яцтва. Аднак пра такія выпадкі ні Аляксандар, ні Сьвятлана ня чулі.

(Сьвятлана: ) “Увогуле, у гэтых установах да чалавека ставяцца нармалёва. Усе ж разумеюць, што пры такім жыцьці, як у нас цяпер, туды кожны патрапіць можа. Бывае, што санітарка ці хто іншы з пэрсаналу незалюбіць хворага, тады пачынаецца гісторыя. Але ўвогуле я не заўважыла розьніцы паміж абыходжаньнем у звычайным шпіталі і ў псыхіятрычным. Ветлівасьць і беспардоннае хамства і там, і там сустрэнеш. Але я ж цалкам здаровая, у мяне памежны стан — дэпрэсія. А вось зь бездапаможнымі хворымі, як мне здаецца, абыходзяцца ня надта добра. Іх і б’юць, і да ложка без дайпатрэбы прывязваюць”.

Пры адведваньнях абласных клінікаў мне не ўдалося знайсьці фактаў, каб бездапаможных хворых крыўдзіў пэрсанал. Гэтак жа і ў раённых больнічках.

Доктарка Астраўлянскага псыхіятрычнага шпіталю, што ў Лідзкім раёне, лічыць, што карная псыхіятрыя ў сучаснай Беларусі адышла ў мінуўшчыну разам з СССР:

(Доктарка: ) “Пасьля выхаду закону “Аб псыхіятрыі і гарантыі правоў грамадзянаў пры аказаньні псыхіятрычнай дапамогі” ў нас зрабілася вельмі дэмакратычнае стаўленьне да пацыентаў. Калі яны паступаюць да нас у стане актыўных разладаў, пасьля купіраваньня мы дазваляем карыстацца ўсім, весьці вольны лад жыцьця. Мы праводзім анкетаваньне: як вам тут падабаецца, што б вы хацелі зьмяніць. Кормяць тых, хто можа параўнаць, смачна, разнастайна. У нас добрыя кухары”.

Кіраўніцтва славутага менскага псыханэўралягічнага шпіталю “Навінкі” скардзіцца толькі на недахоп пэрсаналу. Людзі мала зарабляюць, таму часта сыходзяць. Побыт жа хворых цалкам забясьпечаны, карных мэтодык не ўжываюць, сьцьвярджае намесьнік начальніка “Навінак” Павал Саладуха.

(Саладуха: ) “Мэню зацьверджанае: першае, другое, трэцяе. Ёсьць аддзяленьні, дзе яшчэ дадатковае мэню ідзе — напрыклад, псыхатубэркулёзнае. Па мэню ёсьць спэцкарткі, і ўсё гэта строга выконваецца”.

“Навінкі” — найвялікшы ў Беларусі псыханэўралягічны шпіталь, дзе лечацца каля паўтары тысячы чалавек. Гэта й найбольш пасьпяховы шпіталь, у якім збольшага хапае рэсурсаў. А вось у малых мясцовых больнічках хворых забясьпечваюць паводле рэшткавага прынцыпу. Доктарка са шпіталю “Жодзішкі”, што на Астравеччыне, кажа, што кормяць пацыентаў посна й небагата, але дастаткова, каб выжыць і не захварэць.

(Доктарка: ) “На сёньняшні дзень у нас 130 пацыентаў. Цяпер ня надта што й выбераш са страваў. Што паступае — тое й ядуць. Нас забясьпечваюць — мы й кормім”.

Яшчэ сьціплейшае “першае-другое-трэцяе” ядуць пацыенты псыханэўралягічных дыспансэраў інтэрнатнага тыпу — там, дзе псыхахронікі праводзяць усё жыцьцё. Разам з прадстаўніком Беларускага Гэльсынскага камітэту Алегам Гулаком мы пабывалі ў Пінкавіцкім псыхдыспансэры. Спадар Гулак лічыць, што ўмовы ў дыспансэры прымальныя.

(Гулак: ) “Я чакаў, што будзе горш. А тут уражаньне як ад звычайнага чалавечага жыльля, з пэўнымі матэрыяльнымі праблемамі, натуральна”.

Кіраўніцтва Пінкавіцкага інтэрнату з усяе моцы стараецца забясьпечыць хворых усім неабходным. Тут утрымліваецца каля 120 пацыентаў. Сярэдні ўзрост — 80 гадоў, але псыхдыспансэр вядзе сваю гаспадарку, людзі даглядаюць каровак, вырошчваюць у цяпліцы гародніну.

Сьвятлана скардзіцца, што апошнім часам харчаваньне ў шпіталях значна пагоршала. Сапраўды, летась бальшыня псыхдыспансэраў краіны ўпершыню завінаваціліся за харчы й ацяпленьне. У некаторых зь іх час ад часу адлучаюць цяпло й сьвятло. Ёсьць праблемы з вопраткай, пасьцельнай бялізнай, абуткам, мэбляю, мыйнымі сродкамі. Дзяржаўныя нормы на забесьпячэньне вельмі нізкія, а пацыенты псуюць маёмасьць — рвуць вопратку на мэтлухі, вышчыкваюць вату з матрасаў. Таму адміністрацыі такіх установаў вітаюць усіх, хто перадае вопратку для хворых. Часьцей за ўсё сюды аддаюць апранку памёрлых.

Галоўная праблема такіх установаў — сум. Аляксандар кажа, што адзіная даступная для хворых забава — карміць і дрэсаваць катоў ды сабак, што бегаюць па тэрыторыі. У аналягічных установах Швэцыі й Ірляндыі нават людзі з глыбока пашкоджанай псыхікай аб’ядноўваюцца ў размаітыя гурткі па інтарэсах. Псыхічна ўражаных людзей імкнуцца максымальна інтэграваць у грамадзтва, ствараюць адмысловыя вёскі, дзе зь імі працуюць валанцёры.

Як зазначаюць праваабаронцы, сыстэма псыхіятрычнай дапамогі ў Беларусі застаецца недастаткова адкрытай. Што спараджае показкі ды міты пра “дурдомы” й “псыхушкі”.

Аднак Сьвятлана не саромеецца свайго побыту ў клініцы.

(Сьвятлана: ) “Я не хаваю таго, што у мяне бываюць разлады кшталту дэпрэсіі альбо нэўрозу. Без дапамогі лекараў я б ня здолела паўнавартасна жыць. Бываюць дні, калі я, што б ні рабіла, мару пра сьмерць, зьнікненьне. Штодзённая бітва за кавалак хлеба, за пару абутку так стамляе. Людзі з разуменьнем ставяцца да таго, што я была ў клініцы. Яны сталі са мной больш беражліва абыходзіцца. А сваю працу — я галоўны інжынэр на невялікім прадпрыемстве — я сама адмовілася рабіць. Пайшла на паніжэньне, і не шкадую. У грашох я прайграла тысяч 20, а галаўнога болю меней…”

З гледзішча спэцыялістаў, усе людзі на працягу жыцьця перажываюць больш ці менш трывалыя разлады псыхічнай дзейнасьці. І на добры лад, псыхіятрычная, псыхатэрапэўтычная дапамога патрэбная кожнаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG