Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ ДА 4-Й ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ГАНЧАРА І КРАСОЎСКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Каля 100 менчукоў правялі акцыю Ланцуг неабыякавых людзей на Кастрычніцкай плошчы Менску. Людзі пасталі ўздоўж праспэкту Скарыны з партрэтамі зьніклых, а восем актывістаў маладзёвага руху “Зубр” выйшлі на плошчу зь вялікімі чырвонымі літарамі “Мы помним”. Актывіст “Зубру” Яўген патлумачыў, чаму ён лічыць неабходным стаяць ў гэтым ланцугу:

(Яўген: ) “У дзяржаўных сродках інфармацыі гэтая тэма замоўчваецца альбо людзей проста падманваюць. І таму мы за тое, каб праводзіць такія акцыі, нагадваць людзям, судам, ураду пра гэтую праблему”.

Ад пачатку акцыі у ёй узялі ўдзел лідэры грамадзкіх і палітычных арганізацыяў — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня БНФ Вінцук Вячорка, лідэр “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, кіраўнік камуністаў Сяргей Калякін, прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў ды іншых апазыцыйных плыняў. Аднак агульная колькасьць “неабыякавых” спачатку была меншай, чым чакаў паэт Уладзімер Някляеў. І гэта яго заўважна засмуціла:

(Някляеў: ) “Гляджу цяпер на партрэт Віктара Ганчара, зь якім некалі сустракаўся, сядзеў у застольлі, я ўжо не кажу пра розную палітыку — і ня ведаю, дзе ён… Партрэт ёсьць, а ўсё астатняе віртуальнае. І тое, што сёньня людзей гэтак мала, мяне ўжо не зьдзіўляе. Бо за гэтыя 10 гадоў барацьбы ня толькі людзі стаміліся, але адбылася мімікрыя барацьбы ва ўладу ды ўлады ў барацьбу. А гэта якраз спараджае абыякавасьць і безвыходнасьць. Найстрашнейшае, што можна ўявіць — гэта калі вось ёсьць чалавек, і яго ўжо няма”.

Тым часам да акцыі далучыліся новыя ўдзельнікі, і ланцуг з партрэтаў зьніклых удалося расьцягнуць на палову даўжыні Кастрычніцкай плошчы. А пры канцы да чатырох партрэтаў былі прывязаныя паветраныя шары, якія і паднялі выявы Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадзкага над Кастрычніцкай плошчай у Менску. Жонка зьніклага бізнэсоўца Ірына Красоўская патлумачыла, які сэнс яна бачыць у гэтым дзеяньні:

(Красоўская: ) “Гэтыя шары і партрэты ўзьняліся ў неба, каб нагадаць людзям пра тое, што адбылося. І ня толькі тым, хто на плошчы, але і тым, хто сядзіць у кабінэтах насупраць, хто праяжджае праз плошчу. Каб яны наднялі вочы ў неба і зразумелі, што адбываецца на зямлі”.

Як стала вядома пазьней, міліцыяй падчас акцыі былі затрыманыя два актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гэта Андрэй Казёл і Андрэй Абалевіч. На іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрыцыйным парушэньні — нібыта за распаўсюд незарэгістраваных друкаваных матэрыялаў.

Сёньня ж Зінаіда Ганчар, якая ня брала ўдзелу ў акцыі з прычыны хваробы, распаўсюдзіла праз інфармацыйны аддзел праваабарончага цэнтру “Вясна” свой зварот да дэпутатаў беларускага парлямэнту. Яна нагадала дэпутатам, што за чатыры гады расьсьледаваньня пракуратура гэтак і не знайшла скрадзеных палітыкаў, а таксама ня высьветліла, хто вінаваты ў гэтым злачынстве.

Зінаіда Ганчар заклікала дэпутатаў сумленна выконваць свой грамадзянскі абавязак. “Ад вашых дзеяньняў ці бязьдзеяньня залежыць лёс краіны і яе грамадзянаў”, — нагадала дэпутатам жонка зьніклага былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG