Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ, ЯК І БІСМАРКУ, ПЕРАМОГУ ПРЫНЕСЬЛІ НАРОДНЫЯ НАСТАЎНІКІ…


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Далёка ня ўсіх выкладчыкаў толькі распачаты навучальны год сустрэў восеньскімі кветкамі. Шмат хто зь іх сёньня ў цяжкіх пошуках новае працы, нехта яшчэ не згубіў надзеі вярнуцца ў школу або інстытут праз суд... Хто гэтыя людзі? Чаму іх пазбаўляюць права вучыць? Якая атмасфэра пануе ў пэдагагічных калектывах?

Новыя тэндэнцыі грамадзкага жыцьця часьцей выразна фармулююць тыя, хто добра ведаюць сутнасьць працэсу, але мусяць назіраць за ім збоку. Вядомы беларускі палітык Анатоль Лябедзька калісьці сам працаваў у вясковай школе, таму ягоная ацэнка сытуацыі ў сфэры адукацыі не дылетанцкая:

(Лябедзька: ) “Калі ў свой час Бісмарку сказалі вялікае дзякуй за перамогу ў вайне, ён адказаў: перамог ня я — перамог народны настаўнік… Калі Лукашэнку сказалі, што, маўляў, хай і з фальшаваньнямі, але вы перамаглі на выбарах у мясцовыя саветы, то і ён мусіў сказаць: перамог ня я, а народны настаўнік… Бо, паводле нашага аналізу складу выбарчых камісіяў, практычна палову там складаюць людзі, што маюць дачыненьне да сыстэмы адукацыі.

Гэта вельмі прыкра. Яны, як правіла, не ўзначальваюць камісіі, але зьяўляюцца іхнымі сябрамі. Зь іх маўчаньня адбываюцца парушэньні і закону, і маралі”.

Балючы, крыўдны папрок для тых, хто імкнецца аберагаць прафэсію ад ідэалягічнага ўплыву. Аднак сам кіраўнік краіны пяты год запар, пакуль у Беларусі ідзе рэформа агульнаадукацыйнае школы, выказвае незадавальненьне настаўнікамі, іхным удзелам у палітычным жыцьці... На апошнім сэмінары па ідэалёгіі ён увогуле запатрабаваў перебудаваць сыстэму школьнага, студэнцкага выхаваньня, бо (цытую) “…інакш мы проста згубім нашую моладзь”.

Для тых, хто якраз хоча аберагчы школу ад агрэсіўнага ідэалягічнага ўплыву, гэта прагучала трывожным сыгналам. Аднак яны спадзяюцца выстаяць.

Слова дацэнту Мазырскага дзяржаўнага пэдунівэрсытэту Леаніду Арлову:

(Арлоў: ) “Вялікае значэньне надаецца настаўніцтву, выкладчыкам ВНУ. Але знайсьці сярод іх людзей, якія шчыра, ад душы зоймуцца ўмацаваньнем гэтай “вэртыкалі” ня надта лёгка”.

Лукашэнка пра такі настрой ведае і таму неўзабаве пагрозьліва заклікаў навучаць выкладчыкаў данасіць да юнацтва “асновы беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі”…

Як жа пачалося тое, з дазволу сказаць, “навучаньне”? Ды традыцыйна — з чысткі кадраў. Дакладней, з зачысткі тых, хто сёньня або заўтра можа паспрыяць няправільнаму (з гледзішча “вэртыкалі) ідэйна-выхаваўчаму працэсу. Уласна кажучы, пачалася канкрэтная рэалізацыя адпаведнай дырэктывы (зноў цытую): “Недапушчальна, калі чыноўнікі або выкладчыкі навучальных установаў не падзяляюць дзяржаўнай ідэалёгіі, а часам адкрыта выступаюць праціўнікамі ўлады... З тымі, хто ідзе ў разрэз зь дзяржаўнай палітыкай ці вагаецца, трэба, таварышы, рашуча разьвітвацца”.

На постсавецкай прасторы такі падыход характэрны для Туркмэніі, Казахстану, але аніяк не для Расеі, Украіны...

Размаўляем са спадаром Лябедзькам:

(Карэспандэнт: ) “Ці не падаецца Вам, што надзвычай пільная ўвага да пэдагагічных кадраў ідзе ад жаданьня падчысьціць школу з разьлікам на будучую яе актыўную дапамогу у якасьці агітатараў, прапагандыстаў — у якасьці моцнага ідэалягічнага зьвяна?”

(Лябедзька: ) “Беларускаму настаўніку не пашчасьціла, бо ён у адрозьненьне ад іншых працуе зь людзкім матэрыялам. Натуральна, улада зацікаўленая ў кланаваньні грамадзяніна, саўковага, хома-саветыкуса… І школа, натуральна — той канвэер, які можа пастаўляць такіх людей. Таму я й кажу: беларускаму настаўніку вельмі не пашанцавала — ён будзе знаходзіцца пад жорсткім прэсам”.

А зараз, так бы мовіць, “прэсавая” замалёўка з натуры. 28 жніўня загадчык Ганцавіцкага раённага аддзелу адукацыі Ўладзімер Муха выклікаў дырэктара Любашаўскай сярэдняй школы Ігара Друшчыца і паведаміў: кантракт зь ім вырашана не працягваць... Вось што кажа звольнены пэдагог:

(Друшчыц: ) “Гэтыя падзеі для мяне адназначна зьвязаныя з тым, што я не паслухаў сваё начальства і вылучыўся на выбарах у мясцовы Савет. Мяне тройчы выклікалі да начальніка аддзелу адукацыі, ды яшчэ розныя праверкі былі на мяне скіраваныя, фінансавыя ды іншыя. Мне ўжо тады сказалі: нават калі мяне ня ўдасца звольніць паводле вынікаў гэтых праверак да ці пасьля выбараў, то па завяршэньні кантракту буду ўсё ж звольнены”.

Ні ў Любашаўскай школе, што побач з горадам, ні ў саміх Ганцавічах, дзе й жыве спадар Друшчыц, месца яму не знайшлося. Прапанавалі на выбар тры школы, даволі аддаленыя ад райцэнтру. Апальнаму дырэктару нічога не заставалася, як пайсьці настаўнікам матэматыкі ў вёску Кукава:

(Друшчыц: ) “Так, выбар далі, але выбар ня самы лепшы. Можа гэта й нельга назваць высылкаю, але й аптымальным варыянтам назваць нельга. Можаце ўявіць сабе, што заняткі ў школе пачынаюцца а 8:30, а аўтобус прыходзіць сюды а шостай гадзіне раніцы”.

Што праўда, Ігар Друшчыц дзякуе кіраўніцтву Кукаўскай школы — адмыслова для яго расклад зрабілі больш-менш зручным. У новым калектыве разжалаванага ў шараговыя настаўнікі дырэктара ўспрынялі добра.

Але так адбываецца далёка не паўсюль. Экс-выкладчыкаў, якія так і ня здолелі ўладкавацца па спэцыяльнасьці, у Беларусі хапае. Сацыёлягі, праваабаронцы канстатуюць, што сыстэмныя звальненьні з-за палітычных матываў у сфэры адукацыі пачаліся адразу пасьля рэфэрэндуму 96-га году. Напрыклад, ніводны інстытут не пагадзіўся прыняць да сябе Станіслава Багданкевіча і Людмілу Гразнову.

Хапае зусім сьвежых фактаў і на рэгіянальным узроўні. Распавядае Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Можна назваць і прыклад спадара Ўласевіча, настаўніка з Астраўцу. Ён вызначыўся тым, што быў адзіным пэдагогам у раёне, які своечасова атрымліваў заробак — дабіўся гэтага праз суд. А пасьля актыўна ўдзельнічаў у кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы. Натуральна, такое не магло застацца па-за ўвагаю мясцовае “вэртыкалі” і зь ім не падпісалі кантракт. Зараз ён вядзе доўгую такую барацьбу за ўзнаўленьне на працы, але, на жаль, абсалютна беспэрспэктыўную, бо знаходзіцца ў «чорным сьпісе»”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкую дапамогу з боку палітычных структураў, з боку сябраў АГП або прафсаюзаў, калегаў ён адчувае? Ці чалавек змагаецца адзін?”

(Лябедзька: ) “Што да партыі, дык, натуральна, мы ніколі не пакідаем без увагі такія выпадкі. Вось і Ўласевічу акрамя інфармацыйнае падтрымкі дапамаглі тым, што ўзялі на сябе ўсе выдаткі па адвакацкіх паслугах…”

Аднак нават супольных намаганьняў праваабарончых структураў краіны ня хопіць, каб падтрымаць высілкі ўсіх звольненых людзей адстаяць сваё права на прафэсію. Тым больш, выцісканьне няўгодных не заўсёды выглядае выразна. Дзе ні дзе (асабліва ў спэцыфічных рэгіёнах) улада запужвае інтэлігенцыю дастаткова тонка. Напрыклад, у своеасаблівых прэвэнтыўных захадах узьдзеяньня на грамадзкую сьвядомасьць звальняюць не адкрытых іншадумцаў, а проста людзей незалежных, нязручных для начальства. Якія не пазыцыянуюць сябе сябрамі антылукашэнкавых структураў, аднак на ўсё глядзяць па-свойму, рубяць праўду бяз боязі, не зважаючы на бюракратычную гіерархію. І тады пад шумок ідэалягічнага ачышчэньня — гэта для інфармаваньня вышэйшага начальства — іх папросту звальняюць. Зводзячы рахункі з патэнцыйнымі палітычнымі апанэнтамі, паралельна як бы паказваюць на сумныя пэрспэктывы тым, хто ў рэальнай апазыцыі — маўляў, ня спыніцеся, дык не абароняць ні партыі, ні хартыі... Шмат дзе, сьцьвярджае Леанід Арлоў, такая тактыка спрацоўвае:

(Арлоў: ) “Прывяду некалькі прыкладаў. Пры выбарах у мясцовыя Саветы дырэктар вучэльні, ён жа старшыня камісіі, не хацеў займацца падтасоўкамі… І сам не займаўся, але заплюшчваў вочы. Другі прыклад. Дырэктар школы, які таксама быў старшынём камісіі, а зараз займаецца стварэньнем “вэртыкалі” ў сваёй школе… Дык вось, у душы ён не аўтакрат, нават больш дэмакрат. Але выконваць спушчаныя ўстаноўкі мусіць! Калі сустракае мяне ці маю жонку, шчыра клянецца, што ён дэмакрат і цалкам падзяляе нашыя погляды… І чым больш п’яны пры гэтым, тым больш шчыра раскайваецца ў зробленым…”

Вось гісторыя былога выкладчыка Горацкай сяльгасакадэміі 50-гадовага Ўладзімера Бубянцова. Катэдра земляробства, на якой ён працаваў асыстэнтам 15 гадоў, у жніўні аднагалосна зьліквідавала гэтую пасаду. Афіцыйная вэрсія — новы штатны расклад.

(Бубянцоў: ) “А сапраўдная прычына ў тым, што я няўгодны на гэтай катэдры. Што я занадта патрабую, занадта — як гэта кажуць, ва ўсе дзіркі лезу. Вось толькі з гэтага”.

Зьдзекам над сабой спадар Бубяноцоў лічыць і далейшыя крокі кіраўніцтва акадэміі:

(Бубянцоў: ) “Прапанавалі: 1-е — бібліятэкар, чым я зараз займаюся і павінен буду займацца, таму што не было куды падацца, і зараз я мушу стаяць ля ксэракса і капіяваць паперкі. 2-е — сантэхнік, дворнік і лябарант”.

Скарачэньне Бубянцова тлумачылася таксама на ягонай нізкай кваліфікацыяй. Звольнены ня згодны, у якасьці доказу паказвае кандыдацкую дысэртацыю, якую будзе абараняць у маскоўскай Ціміразеўскай сяльгасакадэміі. У сваю чаргу ён мае прэтэнзіі да калегаў:

(Бубянцоў: ) “Яны выкладаюць земляробства: як трэба пахаць, як трэба сеяць, а гэтага ніколі самі не рабілі! Іхная кар’ера складаецца з таго, што скончылі Акадэмію, затым асьпірантуру і сталі выкладаць. Поля ніколі ня бачылі!”

Бубянцоў адмаўляўся пісаць за студэнтаў працы і закрываць вочы на прыдуманыя ў аудыторыях дасьледваньні, пратэставаў супраць несапраўдных адзнакаў:

(Бубянцоў: ) “Вельмі сьмешна бывае, кур’ёзна… Нельга распаўсюджваць на ўсіх, але калі прыходзіш на поле з групай студэнтаў і пытаешся: “Колькі ў гэктары квадратных мэтраў?”, яны ня ведаюць. Гэта студэнты 3-га курсу!..

Я так лічу, што яны арыентуюцца на нейкі сярэдні ўзровень, які не патрабуе ніякіх намаганьняў у працы. Каб усё было добра, каб усе адзнакі былі толькі добрыя і выдатныя. Прасьцей жыць, ня трэба нічога рабіць”.

У выніку такога пэдадагічнага працэсу, лічыць Бубянцоў, маладыя спэцыялісты трапляюць у сельскія гаспадаркі й ня ведаюць, што ім там рабіць. Апанэнты ж настойваюць на тым, што ён — канфліктны чалавек, які ня можа ўжыцца ў калектыве. Бубянцоў спрабаваў зьвярнуцца ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, аднак яму адказвалі, што ў сяльгасакдэміі ўсё добра і скарацілі яго на законных падставах.

(Бубянцоў: ) “Знайсьці нейкае выйсьце праз зварот да дзяржаўных асобаў — гэта бессэнсоўна”.

Шэрагі прафсаюзу Бубянцоў пакінуў даўно і ня можа разьлічваць на абарону з гэтага боку. Аднак і не шкадуе, бо лічыць: прафсаюз адное толькі выконвае загады кіраўніцтва... Калегі змаўчалі, калі яго скарачалі, і ўсе, да каго зьвяртаўся Бубянцоў з просьбай аб размове з карэспандэнтам “Свабоды”, нават ананімнай, адмаўляліся.

(Бубянцоў: ) “Таму што ўсе баяцца той будучыні, якая іх чакае. Падаўленая воля ў калектыву”.

Разьлічваць на падтрымку дэмакратычнага асяродку Горак Бубянцову таксама не выпадае. Ён гаворыць, што мае асабісты погляд на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, яму гэта неабыякава, але казаць услых пра свае перакананьні адмаўляецца — баіцца перасьледу... Разважаючы над такімі гісторыямі, дацэнт Леанід Арлоў кажа:

(Арлоў: ) “Я хацеў бы зьвярнуцца да настаўнікаў, выкладчыкаў, да дырэктараў, іншых кіраўнікоў, каб яны ня надта адчувалі свой жах. Хай яны ўзгадаюць Біблейскія запаветы: не забі ды іншыя. Але там прапушчаны яшчэ адзін, на які зьвярнуў увагу нябожчык Алесь Адамовіч: запавет “ня бойцеся”… Прыйдзе наш час! Я ўпэўнены, што настаўніцтва яго чакае, яно адчувае сябе не ў сваёй талерцы”.

І гэта выразна праявілася, напрыклад, у пазыцыі пэдкалектыву Любашаўскай школы, што пад Ганцавічамі, які не пабаяўся выступіць у абарону свайго звольненага дырэктара — адпаведны пратэст настаўнікаў пайшоў ва ўсе інстанцыі ўключна да Міністэрства адукацыі. Сярод падпісантаў Алег Новік:

(Новік: ) “Аддзел адукацыі, увогуле кіраўніцтва раёну не цікавяць тыя посьпехі, якія былі ў школы. Галоўнае — уменьне глядзець уладзе ў рот... Чалавек са сваімі асабістымі думкамі, чалавек, які адстойвае іх, не патрэбны гэтай уладзе. І тое, што не працягнулі кантракт з адзіным у раёне дырэктарам школы, якую аддзел адукацыі сам прызнае лепшай у раёне навучальнай установай чатыры гады запар, паказвае: галоўнае — асабістая адданасьць гэтай уладзе.

Што ж не задаволіла Ганцавіцкі аддзел адукацыі? Ягоны кіраўнік Уладзімер Муха ад простага адказу ўхіляецца:

(Муха: ) “У сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту ён па ўласнай заяве пераведзены настаўнікам Кукаўскай сярэдняй школы. Ён ня звольнены, проста пераведзены па асабістай заяве...”

Ну й дзівосы! Атрымліваецца, дырэктар сам папрасіўся на паніжэньне! І ўсё ж чыноўнік кажа:

(Муха: ) “Ён мяне не задавальняе як кіраўнік школы. Цягам году да яго былі пэўныя прэтэнзіі: была аб’яўленая заўвага і вымова. Хай ён вам растлумачыць...”

А намесьнік спадара Мухі Міхаіл Пішч 30 жніўня падчас настаўніцкай канфэрэнцыі настаўнікаў на вачох ва ўсіх сілком выцягнуў з залі журналіста мясцовае незалежнай газэты Пятра Гузаеўскага. Яму слова:

(Гузаеўскі:) “Старшыня райвыканкаму папрасіў мяне выйсці, бо будзе, нібыта, агучвацца нейкая сакрэтная інфармацыя. Я зрабіў спасылку на артыкул 34-ты Канстытуцыі, на артыкулы 32-гі і 39-ты Закона “Аб друку і сродках масавай інфармацыі”, патлумачыўшы, што знаходжуся тут на законных падставах, і адмовіўся выходзіць. Бо гэта ўжо не ўпершыню, калі мяне выдаляюць з розных мерапрыемстваў, нават самых, здавалася б, бяскрыўдных”.

Не рызыкнулі выкарыстаць нейкія меры ўзьдзеяньня нават прысутныя на мерапрыемстве міліцыянты (можа таму, што трохі ведаюць законы). Але знайшоўся “дабрахвотнік”, спадар Пішч...


(Гузаеўскі: ) “Кінуўся са сцэны, схапіў мяне за вопратку і пацягнуў да выхаду. Справа ў тым, што ў зале прысутнічала больш за дзвесьце чалавек інтэлігенцыі. Я проста ня ведаў што рабіць, і быў змушаны пакінуць залю. Па-першае, быў уражаны такім стаўленьнем. Тым больш, шчыра кажучы, не чакаў, што так вось могуць выдаліць на вачах у такой паважанай аўдыторыі. Я быў проста шакаваны”.

Цяпер у раённай пракуратуры ляжыць заява Пятра Гузаеўскага на беззаконныя паводзіны намесьніка загадчыка аддзела адукацыі. Хоць журналіст не асабліва спадзяецца, што чыноўнік будзе пакараны. Замест камэнтару — дыялёг з Анатолем Лябедзька:

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка таксама ж настаўнік паводле адукацыі… І Анатоль Лябедзька па сваёй адукацыі — таксама настаўнік…”

(Лябедзька: ) “Мне больш пашчасьціла, бо па другой адукацыі я юрыст і доўгі час займаўся юрыспрудэнцыяй, добра ведаю, што такое праўнае поле… А Аляксандар Рыгоравіч мае другой адукацыяй сельскагаспадарчую. Нажаль, відаць, яна не прывіла яму павагі да вышэйазначаных прынцыпаў…”

(Карэспандэнт: ) “…Што людзей садзіць, што бульбу…”

(Лябедзька: ) “Так, усё аднолькава. На вялікі жаль…”

Такім чынам, корпус выкладчыкаў перад выбарам: скарыцца волі “вэртыкалі” ды зноў пачаць жыць паводле савецкіх законаў школы нянавісьці да іншадумства або адстаяць прафэсійную самапавагу. Урэшце рэшт задача пэдагога — выхаваньне адметнай індывідуальнасьці вучня, навучэнца, студэнта. Яна рэальная, калі настаўнік сам зьяўляецца асобаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG