Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЎРАД СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО ГАЗАВЫ КАНФЛІКТ БУДЗЕ ВЫРАШАНЫ ПАДЧАС ПЕРАМОВАЎ ПУЦІНА І ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

У беларускім урадзе, Мінэнэрга і “Белтрансгазе” адмаўляюцца ад падрабязных камэнтароў сытуацыі вакол прыватызацыі “Белтрангазу” “Газпромам” і магчымага падвышэньня цаны на газ для Беларусі. Чыноўнікі наўпрост кажуць, што трэба дачакацца вынікаў сустрэчы А.Лукашэнкі й У.Пуціна, якая заплянаваная на 15 верасьня ў Сочы. Тым ня менш кансультацыі з ”Газпромам” працягваюцца, чыноўнікі зь Менску рэгулярна наведваюць Маскву. У бліжэйшы час у штаб-кватэру “Газпрому” павінен накіравацца генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пятро Пётух.

Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Беларусі Лілія Дулінец:

(Дулінец: ) “Нягледзячы на разнагалосьсі, што паўсталі ў пытаньнях стварэньня супольнага беларуска-расейскага газатранспартнага прадпрыемства, пошукі кампрамісу зусім не вычарпаныя. Цяпер бакі, што дамаўляюцца, а менавіта Ўрад Рэспублікі Беларусь, Міністэрства энэргетыкі прыкладаюць значныя намаганьні для пошуку ўзаемапрымальнага рашэньня”.

Прадстаўнік Мінэнэрга Лілія Дулінец кажа, што працэс гандлю акцыямі “Белтрансгазу” ідзе зусім нармальна, пакупнік хоча купіць таньней, прадавец — прадаць даражэй:

(Дулінец: ) “Як на рынку гандлюемся. Можа быць, і сыйдземся дзе-небудзь пасярэдзіне”.

Прэсавая сакратарка А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч сёньня пацьвердзіла, што 14 верасьня той сапраўды накіроўваецца ў Сочы для сустрэчы з У.Пуціным. Пра асабістую сустрэчу і тэмы перамоваў прэзыдэнты дамовіліся сёньня ў тэлефоннай гутарцы.

Сярод тэмаў, апрача вострых газавых праблемаў, — кампэнсацыі Беларусі стратаў ад увядзеньня расейскага рубля, а таксама ад нявыгаднага парадку абкладаньня падаткам на даданую вартасьць тавараў, што з Расеі паступаюць у Беларусь.

У актыве беларускага кіраўніка на гэтых перамовах будзе праект указу на ўвядзеньні ў Беларусі зь 1 кастрычніка безнаяўнага расейскага рубля. Гаворыць прадстаўнік прэсавай службы Нацбанку Міхаіл Журавовіч.

(Журавовіч: ) “Праект указу знаходзіцца ў прэзыдэнта. На паседжаньні Савету Міністраў ён быў ухвалены, і зноў паданы кіраўніку дзяржавы. А калі ён падпіша, і зь якога моманту ён будзе дзейнічаць, вырашыць сам прэзыдэнт”.

Міхаіл Журавовіч кажа, што Нацбанк гатовы да выкананьня гэтага ўказу.

Калі ж будзе падпісаны гэты ўказ, відавочна, залежыць ад выніку сочынскіх перамоваў. Праект указу пра безнаяўнае абарачэньне расейскага рубля ў Беларусі прадугледжвае, што зь 1 кастычніка беларускія юрыдычныя асобы змогуць карыстацца ім без абмежаваньняў, і што зь 1 ліпеня наступнага году можна будзе нават плаціць падаткі расейскімі рублямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG