Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІ ЎПЛЫЎ АКАЗАЛА ТРАГЕДЫЯ 11 ВЕРАСЬНЯ НА БЕЛАРУСЬ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Карбалевіч: ) “Некаторыя публіцысты сьцьвярджаюць, што пачатак ХХІ стагодзьдзя трэба адлічваць ад 11 верасьня 2001 году. Сапраўды, гэтая дата стала пунктам адліку новага этапу гісторыі сьвету. Нават праз два гады пакуль яшчэ дрэнна зразуметы сапраўдны зьмест гэтага этапу. Але відавочна, што сьвет стаў іншым. 11 верасьня зрушылі зь месцу шмат якія працэсы, што да таго часу былі ў замарожаным стане, вызначыліся новыя тэндэнцыі ўсясьветнай гісторыі.

А як беларускае грамадзтва ўспрыняла гэтыя падзеі? Ці адчула яно іх гістарычную значнасьць? Ці адчула Беларусь сваю датычнасьць да трагедыі ў Нью-Ёрку?”

(Сіліцкі: ) “Падчас гэтых падзеяў два гады назад быў велізарны стан шоку. Інфармацыйны ўплыў быў такі, што прэзыдэнцкая кампанія, якая закончылася два дні перад гэтым, была забытая.

Я ня думаю, што беларускае грамадзтва неяк моцна зрэагавала на гэтую сытуацыю. Быў жах ад таго, што людзі ўбачылі на тэлевізіі. А праз пэўны час гэта ніяк не адбілася на беларусах”.

(Грыцанаў: ) “Па-першае, сапраўды, беларусы перажылі жах. Інтэлектуалы пачалі меркаваць, што будзе з сусьветам, зь Беларусьсю. Усе адчувалі, здарылася нешта такое, што ня мае аналягаў у мінулым. Усе задумаліся пра фэномэн тэрарызму. Я ўпэўнены, што наконт падзеяў у Нью-Ёрку размаўлялі на кожнай кухні. Але ня больш за тое”.

(Карбалевіч: ) “Пытаньне пра рэакцыі беларускага грамадзтва на падзеі 11 верасьня — гэта пытаньне пра ступень інтэграванасьці Беларусі ва ўсясьветныя працэсы, у працэс глябалізацыі. І слабая рэакцыя — гэта ня толькі сьведчаньне таго, што Беларусь слаба ўпісаная ва ўсясьветны кантэкст. Гэта прыкмета адсутнасьці ў краіне грамадзянскай супольнасьці. Беларускае грамадзтва ня здольнае рэагаваць нават на значныя падзеі ў нутры краіны. Што казаць пра падзеі у сьвеце?

Рэакцыя была на ўзроўні цікавасьці да незвычайнай падзеі. Публічная рэакцыя была слабая. Колькасьць людзей, якія прыходзілі ў амэрыканскую амбасаду, была ня вельмі вялікай.

А як адрэагавала на падзеі 11 верасьня беларуская дзяржава, кіраўніцтва краіны? Можа, яно выявілася больш дальнабачным, змагло выкарыстаць новую сытуацыю, што паўстала пасьля трагедыі ў Нью-Йорку на карысьць краіны? Расея, і нават некаторыя дзяржавы Цэнтральнай Азіі, дзе сытуацыя з дэмакратыяй і чалавечымі правамі ня лепей, чым у Беларусі, здолелі стаць амаль што сябрамі ЗША. А што Беларусь?”

(Сіліцкі: ) “Для Беларусі важныя былі не самыя падзеі 11 верасьня, а тое, што адбылося пасьля іх — на Беларусі гэта адбілася наўпрост. Існаваўшы да таго часу кантэкст “халоднай вайны” канчаткова зьнік. Новая мяжа падзелу ўжо не праходзіць па “лініі Керзона”, якая супадала з заходняй мяжой Беларусі.

Новая сытуацыя ў сьвеце пасьля 11 верасьня — не на карысьць кіраўніцтва Беларусі. Я ўпэўнены, што ўсе тыя падзеі з “мухамі й катлетамі”, якія мы перажылі за апошнія два гады — гэта ў чымсьці наступствы трагедыі ў Нью-Ёрку.

У афіцыйнага Менску была надзея, што вернецца сытуацыя да 11 верасьня. І ў гэтым сэнсе галоўную надзею кіраўніцтва Беларусі ўскладвала на ірацкую кампанію. Але яна ня спраўдзіліся.

Калі казаць, не пра інтарэсы рэжыму, а пра нацыянальныя інтарэсы Беларусі, то ў доўгатэрміновай пэрспэктыве новая сытуацыя ў сьвеце пасьля трагедыі разьвіваецца ў станоўчым кірунку”.

(Карбалевіч: ) “То бок, я зразумеў з рэплікі спадара Сіліцкага, што падзеі 11 верасьня зьмянілі геапалітычную сытуацыю ў сьвеце, адбіліся на палітыцы нашых суседзяў, прынамсі, палітыцы Расеі. Але яны амаль не адбіліся на ўнутранай і замежнай палітыцы Беларусі. Ці згодныя Вы з такім меркаваньнем, спадар Грыцанаў?..”

(Грыцанаў: ) “Сапраўды, у Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі ня самыя лепшыя аналітыкі. І таму кіраўніцтва ніяк не зрэагавала на новую сытуацыю.

Большая частка насельніцтва адчула толькі жах і жаданьне збудаваць як мага большую сьцяну паміж Беларусьсю і астатнім сьветам. І таму, калі цяпер Лукашэнка аб’явіць нэйтралітэт Беларусі, то шмат хто падтрымае. Таму што ўсе баяцца, каб не пачаліся выбухі ў нас. Таму нейкая штучная самаізаляцыя — гэта дрэнна з пункту гледжаньня міжнародных інтарэсаў Беларусі. Але для беларускага электарату — гэта ня самы горшы ход з гледзішча інтарэсаў рэжыму. Лукашэнка скарыстаў тое, што ў беларусаў абудзіліся архетыповыя жахі”.

(Карбалевіч: ) “Так, беларускае кіраўніцтва ня здолела або не захацела выкарыстаць гэтыя трагічныя падзеі для нармалізацыі дачыненьняў з Злучанымі Штатамі. Так афіцыйна Беларусь асудзіла тэрарызм, заявіла падтрымку антытэрарыстычнай кааліцыі. Але, як заяўляў Лукашэнка, ЗША самі вінаватыя, яны сваёй палітыкаю садзейнічалі ўзмацненьню тэрарызму. А падчас ірацкага крызысу ЗША ўвогуле сталі галоўным ворагам Беларусі. І нават учора, напярэдадні 11 верасьня беларуская тэлевізія зрабіла чарговыя антыамэрыканскія прапагандысцкія выпады. І ўсё ж цяпер, праз два гады, якія ўрокі для Беларусі вынікаць з гэтай амэрыканскай трагедыі?”

(Сіліцкі: ) “Найперш адзначыў бы, што тут урокі вынікаюць амаль для кожнага чалавека, а ня толькі для дзяржавы. Бо сапраўды, сьвет робіцца ўсё больш небясьпечным. І з гэтым трэба неяк жыць.

Што тычыцца палітыкі дзяржавы. Я мяркую, што ўсе тыя непазьбежныя і безумоўна неабходныя захады, якія робяць дзяржаўныя інстытуты (узмацненьне аховы, парадку і інш.) не зьяўляюцца альтэрнатываю больш разумнай і ўзважанай замежнай палітыцы. Бо небясьпека тэрарызму сыходзіць з-за мяжы. І без узаемадзеяньня зь іншымі дзяржавамі не абыйсьціся. Трэба па-іншаму паглядзець і на пытаньне продажу зброі”.

(Грыцанаў: ) “Добра тое, што ўсе асэнсавалі неабходнасьць змаганьня з тэрарызмам. І важна тое, што ЗША разумее гэта больш за іншых. Але праблема ў тым, што на хвалі барацьбы з тэрарызмам пэўныя колы спрабуюць прапіхнуць свае карпаратыўныя ды іншыя інтарэсы. Найперш я маю на ўвазе ваенна-прамысловыя колы ўсіх краінаў. І гэта дае падставу да падазрэньняў. Напрыклад, у Чачэніі Расея ваюе доўга, але канца вайне нябачна. Відаць камусьці гэтая вайна выгадная? Таму, магчыма, і бен Ладэна доўга будуць шукаць… Важна таксама, каб мы не пераблыталі добрую справу барацьбы з тэрарызмам і працэс амэрыканізацыі сьвету, які ня ўсім падабаецца.

Калі казаць пра ўрокі для Беларусі, то па-першае, трэба пралічваць кожны крок замежнай палітыкі. Па-другое, можна глядзець на Пуціна і рабіць памылкі. Па-трэцяе, Беларусі трэба быць самастойнай у прыняцьці важных рашэньняў і вучыцца сапраўднай сучаснай мадэрновай палітыцы. Пакуль што палітыка Беларусі — гэта палітыка 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, тыя ўсясьветныя працэсы і тэндэнцыі, якія падштурхнулі падзеі 11 верасьня 2001 году, тым ці іншым чынам закранулі Беларусь. Прычым, незалежна ад жаданьня і беларускага грамадзтва, і кіраўніцтва краіны. Аб’ектыўны ход разьвіцьця выштурхоўвае Беларусь у глябальныя працэсы, і, чым далей, тым больш супярэчыць той палітыцы самаізаляцыі, якую праводзіць кіраўніцтва краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG