Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЎРАД НЕ МЯНЯЕ СВАЮ ПАЗЫЦЫЮ АДНОСНА АКЦЫЯНАВАНЬНЯ “БЕЛТРАНСГАЗУ”


Валер Каліноўскі, Менск

Да сёньняшняга паседжаньня Савету Міністраў была падрыхтаваная адмысловая справаздача спэцыялістаў Мінэнэрга і “Белтрансгазу”, зь якой вынікае, што беларускі бок дакладана выконваў і выконвае палажэньні расейска-беларускіх пагадненьняў у газавай галіне. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла прэсавая сакратарка Мінэнэрга Лілея Дулінец.

Такім чынам, урад Беларусі не зьбіраецца мяняць умовы прыватызацыі “Белтрансгазу”, і ў прыватнасьці пераглядаць названы кошт прадыпрыемства, бо гэты кошт — 5 мільярдаў даляраў — разьлічаны Інстытутам нерухомасьці і ацэнкі Мінэканомікі Беларусі згодна з узаконенымі мэтодыкамі. Гаворыць намесьнік начальніка інвэстыцыйнай управы Мінэнэрга Валянцін Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “Абсалютна няма ніякіх падставаў пераглядаць пазыцыю па “Белтрансгазу”. На маю думку, увогуле “Белтрансгаз” больш каштуе, таму што калі ўзяць адную расейскую трубу (206 кілямэтраў ад Нясьвіжу да польскай мяжы), яна каштуе звыш мільярда даляраў. А колькі каштуюць тады нашыя тры газапровады? Няма ніякіх падставаў для перагляду, пагадненьне якраз выконваецца намі, а парушэньні йдуць з расейскага боку. Расея не выконвае тое, што падпісвае,— сказаў супрацоўнік Мінэнэрга Валянцін Мацкевіч.

Тым ня менш міністар энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец учора публічна заявіў, што разьлічвае на перамоўны працэс з расейскім бокам і дасягненьне кампрамісу. Для такіх перамоваў у беларускім урадзе рыхтуюць пэўныя аргумэнты, адказ на ультыматум кіраўніцтва “Газпрома”. У прыватнасьці, ва ўрадзе падлічылі, што “Газпром” атрымаў ад беларускага боку ільготаў на 169 мільёнаў даляраў — нявыплачаныя ім падаткі на даданую вартасьць і мыты пры будаўніцтве газаправоду Ямал—Эўропа з 1996 году. Акрамя таго вядома, што беларускі бок бярэ за транзыт газу ўдвая меней, чым Украіна. Афіцыйны Менск можа нагадаць Маскве і пра адсутнасьць мытняў, і пра вайсковыя аб’екты РФ на тэрыторыі Беларусі, і г.д . Беларуская пазыцыя таксама можа быць жорсткай, але з гэтым выпадае выступіць асабіста А.Лукашэнку. Пакуль ён маўчыць, рыхтуецца да сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якая заплянаваная на 15 верасьня ў Сочы.

Тым часам незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць цалкам верагодным, што ў наступным годзе Расея будзе прадаваць Беларусі газ па камэрцыйным кошце, да 80 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Як гэта паўплывае на эканоміку Беларусі? Гаворыць Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Доля энэрганосьбітаў у сабекошце прадукцыі складае ад 14% да 20% — у залежнасьці ад галіны адмысловасьці. Калі гэтая доля падвысіцца двойчы ці тройчы — гэта будзе азначаць рост сабекошту беларускіх тавараў адсоткаў на 20. Гэта значыць, што згубіць канкурэнтаздольнасьць у Расеі яшчэ нейкая частка беларускай прадукцыі, падаражэе яна і на ўнутраным рынку”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў таксама кажа, што падвышэньне кошту расейскага газу адаб’ецца і на кашальках грамадзянаў — у ацяпляльны сэзон ім давядзецца плаціць за трохпакаёвую кватэру да 100–120 тысячаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG