Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АДУКАЦЫІ АЛЯКСАНДАР РАДЗЬКОЎ ПРАВЁЎ ПРЭСАВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ


Любоў Лунёва, Менск

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў раней паведамляў у друку пра тое, што замест Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа ўтвораны Менскі гарадзкі ліцэй. Ні выкладчыкі Ліцэю, ні бацькі ліцэістаў не зразумелі, пра што йшла гаворка. Будынак Ліцэю зачынены і ахоўваецца міліцыянтамі. Без дазволу бацькоў асабовыя справы дзяцей накіравалі ў розныя навучальныя ўстановы, а выкладчыкам паведамілі, што ніводнага зь іх у новы ліцэй на працу ня возьмуць.

Міністар адукацыі так і не адказаў на пытаньне: дзе знаходзіцца Менскі гарадзкі ліцэй, нібыта створаны замест Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, каго прызначылі на пасаду дырэктара і дзе можна азнаёміцца са сатутам ліцэю.

(Радзькоў: ) “Вучэбныя ўстановы падпарадкоўваюцца мясцоваму кіраўніцтву. Зараз я, як міністар, павінен прагледзець, каб рашэньні ўрадавыя выконваліся ў адпаведнасьці з законам. Тут нейкае выйсьце трэба шукаць. Дарэчы, бацькам таксама, бо дзеці зь 1 верасьня павінны вучыцца. У тым будынку, гэта факт, вучыцца нельга. Мы прапанавалі побач з будынкам ліцэю гімназію. Дарэчы некаторыя бацькі пайшлі туды з задавальненьнем. Яны пойдуць туды з 1 верасьня”.

Міністар абверг інфармацыю пра тое, што асабовыя справы ліцэістаў разаслалі па розных навучальных установах. Наконт працаўладкаваньня выкладчыкаў Аляксандар Радзькоў паведаміў наступнае:

(Радзькоў: ) “Я зраблю спасылку на свайго намесьніка Фарыно Казімера Сьцяпанавіча. Ён асабіста выходзіў з прапановай да настаўнікаў гэтага ліцэя, каб яны да яго прыйшлі, зьвярнуліся, і ён вырашыў пытаньне з працаўладкаваньнем. Аднак, яны не пайшлі”.

Выкладчыкі абураныя адказам новага міністра. Гаворыць настаўніца ангельскай мовы Ірына Пятрова:

(Пятрова: ) “Хадзіў да намесьніка міністра ад усяго калектыву Ўладзімер Колас! Зь ім папросту ня сталі размаўляць!.. Паведамілі, што для кожнага настаўніка быў выдзелены час, а яны “прайгнаравалі і не прыйшлі”…”.

Ліцэісты адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі ладзілі пікет спачатку на вуліцы Кірава, а потым на праспэкце Францішка Скарыны, побач з рэклямнай расьцяжкай, на якой вялізнымі літарамі па-расейску было напісана: “З новым навучальным годам, дарагія менчукі!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG