Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 ЖНІЎНЯ НАБЫЎ СІЛУ НОВЫ ЗАКОН “АБ МАСАВЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАХ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле новага закону “Аб масавых мерапрыемствах”, прынятага Нацыянальным сходам і падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, арганізатары цяпер мусяць аплочваць працу міліцыі, “хуткай дапамогі” й камунальных службаў падчас акцыяў, прычым ня толькі палітычных, але й культурніцкіх ды рэлігійных. Любое парушэньне грамадзкага парадку ў часе шэсьця ці мітынгу можа прывесьці да ліквідацыі партыі-арганізатара акцыі. Істотна абмяжоўваюцца правы партыяў падчас выбарчых кампаніяў. Але гэтыя палажэньні закону ня дзейнічаюць ў дачыненьні да дзяржаўных органаў, што праводзяць масавыя акцыі.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка так пракамэнтаваў увядзеньне гэтага закону:

(Вячорка: ) “Гэты закон — нішто іншае, як спроба выштурхнуць ладжаньне любых масавых акцыяў па-за праўнае поле. Зрабіць любую масавую акцыю — больш за 3 чалавекі — падатнай на рэпрэсіі. Гэта складовая частка агульнай стратэгіі да выбараў 2006 году. І разам з усімі іншымі стратэгічнымі лініямі паводзінаў уладаў — перасьлед мэдыяў, зьнішчэньне свабоднай школы, закрыцьцё грамадзкіх арганізацыяў — усё гэта складаецца ў суцэльную карціну пабудовы дыктатуры”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што цяпер партыям трэба выпрацоўваць тактыку супрацьдзеяньня гэтаму закону:

(Лябедзька: ) “Гэта дэманстрацыя слабасьці, нішто іншае. Калі раней Лукашэнка раней любіў пакрасавацца на телевізіі, заяўляючы, нібыта беларуская апазыцыя ў такім стане, што ён гатовы насіць яе на руках, то цяпер мы такіх заяваў ня чуем… Мы толькі бачым, што прымаюцца захады каб звузіць легітымнае поле дзейнасьці палітычных апанэнтаў беларускага рэжыму. Стратэгія, абраная Лукашэнкам, скіраваная на стварэньне пераднадзвычайнай сытуацыі ў Беларусі.

Але гэта не азначае, што партыі спыняць сваю вулічную дзейнасьць. Я думаю, што партыі цяпер знаходзяцца ў тым стане, калі мы будзем выпрацоўваць мэханізмы супрацьдзеяньня вось гэтага “закону пятлі””.

Гэтую думку падзяляе й сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Перш за ўсё ён прыняты таму, што набліжаюцца выбары ў парлямэнт, і магчыма, будзе рэфэрэндум. Перад гэтым праводзіцца “зачыстка” палітычнага поля. Шукаецца нагода, каб хутчэй ліквідаваць партыйныя структуры ў Беларусі.

Мы думаем, як супрацьдзейнічаць. Найперш трэба даведацца расцэнкі, па якіх будзем плаціць. А па-другое, штурхаюць нас на тое, каб мы праводзілі нейкія акцыі, не пытаючыся дазволу. Трэба шукаць нейкія адэкватныя рашэньні, якія будуць намі разам прымацца”.

Дарэчы, кіраўніцтва ПКБ ужо выступіла з патрабаваньнем перагледзець закон “Аб масавых мерапрыемстах”. Камуністы таксама зьбіраюцца зьвярнуцца ў гэтай справе ў Канстытуцыйны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG