Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ АПАЗЫЦЫЯ ХОЧА ПАДАРЫЦЬ АСАДКУ І НАТАТНІК, КАБ ЁН БРАЎСЯ ЗА МЭМУАРЫ


Ігар Карней, Менск

У свой дзень нараджэньня Аляксандар Лукашэнка будзе працаваць. Адно, што зробіць традыцыйны суботні перапынак, каб згуляць у хакей, дзе, відавочна, прыме віншаваньні ад сваіх сыноў — Віктара і Дзьмітрыя. Што да астатніх, то, як паказвае досьвед, зь віншаваньнямі да Аляксандра Рыгоравіча ня кожны рызыкне падыйсьці: панібрацтва ў рэзыдэнцыі не вітаецца. Многія з атачэньня ўзгадваюць, зь якім выразам на тавары Лукашэнка летась сустракаў падначаленых, якія падносілі то дываны зь ягонымі партрэтамі, то расьпісаную пад беларускія матывы “гжэль” і “хахламу”. Нават прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч лічыць: лепей пераканацца, што ў прэзыдэнта адпаведны настрой…

(Пяткевіч: ) “Я — настаўніцкае дзіця, таму прывыкла трымацца гіерархіі. І такія адносіны падначаленых да кіраўнікоў — гэтая рэч некарэктная. Дзень нараджэньня ў жыцьці любога чалавека — адметная дата, але для краіны гэта будзе звычайны працоўны дзень кіраўніка дзяржавы. Таму Аляксандар Лукашэнка, як заўсёды, адзначыць дзень нараджэньня працай; ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў з гэтай нагоды ніколі не праводзілася, і прэзыдэнт гэтага вельмі ня любіць. Будзе звычайны працоўны дзень”.

Былы лукашэнкавы ідэоляг Іван Пашкевіч колісь гэтаксама адзначаў дзень нараджэньня кіраўніка дзяржавы. Цяпер ён ад такіх сьвятаў дыстанцыюецца.

(Пашкевіч: ) “Ёсьць, натуральна, розныя людзі. Некаторыя запрашаюць на дзень нараджэньня сваіх начальнікў, каб потым вырашыць нейкія пытаньні. Ёсьць людзі, якія сябе лепш адчуваюць, калі вакол іх сотні людзей, нават малавядомых. А я адношу сябе да тых, хто гэтае сьвята адзначае ў вельмі вузкім коле родных і сяброў. Таму нават гіпатэтычна не магу ўявіць, што я быў бы на прыёме ў Лукашэнкі і рабіў бы яму падарункі”.

А вось новы ідэоляг улады, асабісты біёграф Лукашэнкі, пісьменьнік Эдуард Скобелеў у прэзыдэнцкім кабінэце госьць часты. Ці зьбіраецца ён 30 жніўня адзначыцца адметным падарункам?

(Скобелеў: ) “Безумоўна, ёсьць людзі, якія аддаюцца задавальненьням. Але Аляксандар Рыгоравіч ня той катэгорыі кіраўнік. Напэўна, будзе працаваць у гэты дзень яшчэ з большай напругай, і больш з нас будзе патрабаваць, мы ведаем гэта па мінулых гадах. А што тычна падарункаў? Усе нашыя справы, збор ураджаю, іншыя дасягненьні рэспублікі — гэта і ёсьць наш агульны падарунак. Адмыслова ніякія паднашэньні не практыкуюццца, ён ня выносіць такія штукі. У гэты дзень ён заўсёды працуе. І, наколькі мне вядома, застольляў ніякіх не бывае — гэта звычайнае абыватальскае меркаваньне. Насамрэч, усё вельмі строга. Ён, як прэзыдэнт, заўсёды мусіць быць напагатове. Тут зусім іншыя кандыцыі жыцьця: вашыя ці мае ўмовы жыцьця кардынальна розьняцца зь ягонымі”.

Ранейшыя гады апазыцыя гэтаксама адзначала дзень нараджэньня Лукашэнкі — звычайна, пэрформансам: то квіток да Шклова набудуць, то клюшку... Перадаць асабіста ў рукі, праўда, было праблематычна. Відавочна, ня дойдуць падарункі й сёлета. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька спадзяецца, што, адрозна ад Туркмэніі ці Паўночнай Карэі, у Беларусі гэта сьвята і надалей застанецца вельмі вузкакарпарацыйным.

(Лябедзька: ) “Камуністы не заўсёды дзень нараджэньня Леніна адзначаюць, а што ж мы будзем адзначаць? Ну, а што б мог падарыць яму гіпатэтычна?.. Відаць, нататнік і асадку для напісаньня мэмуараў. У яго вельмі бурнае атрымалася жыцьцё, так што лепей, каб ён зараз заняўся асэнсаваньнем таго, што зрабіў. А яшчэ можна паднесьці камплект садоўніка — зямля супакойвае нэрвы, а яму гэта патрэбна. Яму ўвогуле зараз лепей адпачываць, пісаць мэмуары, капацца ў градах...”

Як распавялі ў прэзыдэнцкім атачэньні, застольных сустрэчаў са сваякамі ў Лукашэнкі на суботу не заплянавана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG