Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЗЛОЎЖЫВАНЬНІ СЛУЖБОВЫМ СТАНОВІШЧАМ З НАНЯСЕНЬНЕМ ВЯЛІКАЙ ШКОДЫ ДЗЯРЖАВЕ ВІКТАР РАХМАНЬКО АТРЫМАЎ МІНІМАЛЬНАЕ ПАКАРАНЬНЕ І ЗАСТАНЕЦЦА НА ВОЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Завершыўся адзін з найбольш гучных крымінальных працэсаў з шэрагу справаў карумпаваных гаспадарчых кіраўнікоў. Віктара Рахманька, былога начальніка беларускай чыгункі й дэпутата верхняй палаты парлямэнту, прыцягнулі да судовай адказнасьці паводле абвінавачваньняў у карысьлівых злачынствах і хабарніцтве. Прысуд яму мусілі абвесьціць два тыдні таму. Тады чакалася, што суд амаль цалкам задаволіць патрабаваньне пракуратуры пакараць Рахманька 9 гадамі турмы, але нечакана абвяшчэньне прысуду было адкладзенае на 2 тыдні. І калі сёньня, 22 жніўня, прысуд нарэшце прагучаў, ён зьдзівіў многіх у судовай зале.

Віктар Рахманько хаця й быў прызнаны вінаватым ў шэрагу сур’ёзных злачынстваў — у прыватнасьці, у злоўжываньні службовым становішчам у карысьлівых мэтах з нанясеньнем вялікай шкоды дзяржаве, службовым падмане ды іншых — але атрымаў мінімальнае пакараньне і застанецца на волі.

Агулам тэрмін пакараньня, паводле прысуду, павінен скласьці 1 год і 9 месяцаў. Але судзьдзі вырашылі, што саджаць яго ў турму ня трэба. Кожны дзень, які Рахманько правёў у сьледчым ізалятары, яму палічылі за два дні турмы, дадалі да гэтага амаль год пад хатнім арыштам, і такім чынам атрымалася, што сваё пакараньне былы чыноўнік ужо адбыў. Адметна, што суд не наклаў на Рахманька пакараньня ў выглядзе канфіскацыі маёмасьці, якое звычайна суправаджае прызнаньне віны ў карысьлівым злачынстве. Суд абмежаваўся пазбаўленьнем права цягам 5 гадоў займаць кіраўніцкія пасады.

Даведацца, як ставіцца Віктар Рахманько ды прысуду, не ўдалося, бо з журналістамі ён кантактаваць адмовіўся. “Не хачу з вамі размаўляць. Бо трэба падчас усяго працэсу быць у судзе, а ня толькі напачатку і ў апошні дзень“,— заявіў Віктар Рахманько прадстаўнікам мэдыяў. Між тым, зазначу, што працэс над ім цягнуўся больш за 10 месяцаў, і падчас гэтага рэкорднага для беларускай судовай сыстэмы тэрміну абвінавачваны ўпарта адмаўляўся ад кантактаў з прэсай.

Падобна, што разгубленым выглядаў прадстаўнік пракуратуры Сьцяпан Міхальчук, да якога я зьвярнуўся з пытаньнем, ці ня лічыць ён такі прысуд пройгрышам пракуратуры. Сьцяпан Міхальчук адказаў каротка…

(Міхальчук: ) “Трэба асэнсаваць тое, што прагучала ў судзе”,— сказаў прадстаўнік Рэспубліканскай Пракуратуры Сьцяпан Міхальчук.

Разам зь Віктарам Рахманьком судзілі яшчэ 4 чалавек. Тры зь іх прызнаныя вінаватымі, але пакараныя ўмоўна, адзін амніставаны.

Нагадаю, менавіта затрыманьнем Віктара Рахманька ўлетку 2001 году ў Беларусі пачалася чарговая гучная кампанія барацьбы з карупцыяй у вышэйшых уладных колах, якая стала адным са складнікаў праграмы Аляксандра Лукашэнкі на другіх прэзыдэнцкіх выбарах. На працягу неколькі месяцаў пасьля выбараў ахвярамі гэтай барацьбы сталі дырэктар “Атланту” Леанід Калугін, дырэктар менскага трактарнага заводу Міхаіл Ляонаў, прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека ды шэраг іншых кіраўнікоў, якіх арыштавалі паводле абвінавачваньняў у карупцыі. Пакуль зь іх найбольш не пашанцавала Віктару Казеку — яго прызналі хабарнікам і далі 12 гадоў турмы. Міхаіла Ляонава яшчэ судзяць, а Леаніда Калугіна амніставалі.

Абвінавачаньне ў хабарніцтве зараз зьнятае і зь Віктара Рахманька. Між тым, паводле Пракуратуры, ён атрымаў як хабар ад мясцовага калгасу ажно некалькі кілямэтраў асфальтавай дарогі да свайго ляснога лецішча. Цяпер суд палічыў гэты хабар недаказаным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG