Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ І РАСЕЙСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ ЗАКЛІКАЛІ РАСЕЮ СПЫНІЦЬ РУСІФІКАЦЫЮ ІХ КРАІНАЎ


Ганна Соусь, Менск

Супольны зварот беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў накіраваны на адрас Уладзімера Пуціна, у Дзяржаўную Думу, ва ўрад і дзеячам навукі й культуры Расеі. “У выніку адкрытай палітыкі русіфікацыі цяперашніх уладаў, запазычанай у чыноўнікаў царскай Расеі і Савецкага Саюзу, мноства дзяцей беларусаў пазбаўлены магчымасьці вучыцца на сваёй мове. Толькі за апошні год ў краіне зачыненыя 152 беларускія школы,” – гаворыцца ў звароце.

Беларускія й украінскія пісьменьнікі заклікаюць прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі Расеі ўзьняць свой голас ў падтрымку моваў і культураў народаў Украіны і Беларусі, а таксама выступіць супраць спробаў гвалтоўнай русіфікацыі насельніцтва ў суседніх краінах.

Гаворыць адзін з ініцыятараў звароту пісьменьнік Васіль Якавенка.

(Якавенка: ) “Да гэтага ліста нас падштурхнула нашае даўняе сяброўства з многімі ўкраінскімі пісьменьнікамі, з расейскімі пісьменьнікамі, хаця сярод расейскіх пісьменьнікаў вельмі мала тых, хто нас разумее й падтрымлівае. Адыйшоў Астаф’еў… Тым ня менш мы стукаемся ва ўсе дзьверы, дзе нас могуць зразумець, дзе нас могуць падтрымаць”.

Апроч Васіля Якавенкі, свае подпісы пад зваротам паставілі Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Алесь Пашкевіч ды іншыя беларускія пісьменьнікі.

Як адзначыў для Радыё Свабода адзін з падпісантаў звароту паэт Леанід Дранько-Майсюк, Беларусь і Ўкраіна знаходзяцца пад бясконцым русіфікатарскім прэсам, і калі кіраўніцтва Расеі ўспрымае такое становішча як норму, то пісьменьнікі Беларусі й Украіны так ня лічаць.

(Дранько-Майсюк: ) ”Ліст мае дастаткова сымбалічны сэнс. Гэты зварот можа быць пачаткам новай грамадзскай ініцыятывы, паводле якой у Беларусі й Украіне і, магчыма, ў самой Расеі русіфікацыя будзе ўспрымацца як ганенбная зьява”.

Гэта быў паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Як распавёў для Радыё Свабода намесьнік Нацыянальнага Саюзу пісьменьнікаў Украіны Вячаслаў Мядзьвідзь, ідэя супольнага звароту да расейцаў узьнікла яшчэ тады, калі ён прыяжджаў на пахаваньне Васіля Быкава.

(Мядзьведзь: ) ”На сёньняшні дзень украінскіх пісьменьнікаў турбуе, што ў некаторых рэгіёнах Украіны, прыкладам у Данецкім рэгіёне закрываюць украінскія школы. На жаль, хаця ўкраінская мова й лічыцца дзяржаўнай ва Ўкраіне, большасьць тэлеканалаў трансьлюецца на расейскай мове, большасьць газэтаў у Кіеве выходзяць на расейскай мове. Расейскае насельніцтва ва Ўкраіне вельмі часта заяўляе пра тое, што расейская мова таксама мае статус дзяржаўнай. Украінская мова насамрэч прыніжаная ва Ўкраіне. Але нашая сытуацыя значна лепшая за беларускую. Украінская інтэлігенцыя, сярод іх і дэпутаты-пісьменьнікі, і такія вядомыя пісьменьнікі як Паўло Заграбельны, Мікола Жулінскі, Раман Лубкіўскі, Дзьмітро Паўлычка, Іван Драч паставілі свае подпісы пад нашай супольнай дэклярацыяй”.

Гэта быў адзін зь ініцыятараў звароту, намесьнік старшыні Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны Вячаслаў Мядзьвідзь.

Дэпутацкая група “Рэспубліка” гэтаксама накіравала ліст у падтрымку супольнага звароту беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. Дэпутат Сяргей Скрабец ад імя групы заклікае расейскіх кіраўнікоў “публічна выказацца ў падтрымку беларускай інтэлігенцыі і, у першую чаргу, выступіць супраць закрыцьця Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуб Коласа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG