Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ ЗАБАРАНІЎ ДАДАТКОВЫ НАБОР НА ПЛАТНАЕ НАВУЧАНЬНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Лета заканчваецца, а 18-гадовы мянчук Сяргей Антонаў гэтак і ня стаў абітурыентам. Ён спрабуе паступіць у Беларускі інстытут прававых ведаў — гэта камэрцыйная навучальная ўстанова, вучоба ў якой на год каштуе больш за 800 даляраў. Але нават за ўласныя грошы Сяргею, відаць, вучыцца ў гэтым годзе не давядзецца.

(Сяргей: ) “Каторы дзень прыходжу сюды, каб здаць дакумэнты, але мне кожны раз кажуць, што ня ведаюць, калі будзе адноўлены прыём”.

Раней штогоду ВНУ краіны на пачатку жніўня абвяшчалі пра дадатковы набор абітурыентаў на платную форму навучаньня. Ведаючы пра гэта, тысячы юнакоў і дзяўчат, каб не марнаваць час, у ліпені не падавалі заяваў на паступленьне ў інстытуты, чакаючы жніўня. Цяпер пра гэта ім даводзіцца шкадаваць. Бо ў інстытуцкія парадкі ўмяшалася камісія кантролю за іспытамі Камітэту дзяржаўнага кантролю. Гэтая камісія адмяніла распараджэньне Міністэрства адукацыі, якое дазволіла праводзіць дадатковы набор абітурыентаў. Супрацоўніца камісіі гэтак патлумачыла мне, чаму дадатковага набору не павінна быць:

(Спадарыня: ) “Ёсьць агульныя правілы прыёму, якіх ні ў якім разе нельга парушаць, бо яны зацьверджаныя для ўсіх ВНУ. І загад нашай камісіі не дазваляе парушаць гэтых правілаў”.

На загад камісіі, прэтэндаваць на дадатковыя платныя месцы могуць толькі тыя, хто ўжо здаваў іспыты, але для паступленьня не набралі балаў — былі бы грошы. Паводле супрацоўніцы прыёмнай камісіі інстытуту, такіх абітурыентаў хапае, а яшчэ больш тых, хто застаўся па-за іспытамі: “Шмат такіх, сапраўды шмат, але мы ж ня можам скокнуць вышэй за галаву”.

Паводле падлікаў рэктара Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва Алега Марозава, загад дзяржаўнай камісіі пра адмену дадатковага прыёму ў ВНУ толькі ў Менску тычыцца каля 3 тысяч абітурыентаў. Гэта закранае канстытуцыйнае права маладых людзей на атрыманьне адукацыі, лічыць Алег Марозаў:

(Марозаў: ) “Адсекчы такую шматлікую катэгорыю абітурыентаў — мне падаецца гэта нелягічным і неразумным. Вынікі сёлетняга прыёму ў ВНУ будуць вывучацца на адмысловай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку і гэтаму загаду дзяржаўнай камісіі будзе пастаўленая адзнака. А што да мяне, я бачу, што гэты загад пакідае за бортам тых, хто хоча вучыцца і здольны плаціць за вучобу, і таму падаецца мне памылковым”.

Паводле адмыслоўцаў, прыпыненьне дадатковага набору на платнае навучаньне нанясе і фінансавыя страты навучальным установам, перш за ўсё недзяржаўным, якія цалкам залежаць ад грашовай платы за вучобу. У некаторых камэрцыйных ВНУ, лічаць адмыслоўцы, не дабяруць да 10% навучэнцаў, і адпаведна на столькі ж скароціца працоўная занятасьць выкладчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG