Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КЛІМАТЫЧНЫЯ ЎМОВЫ НЕ ПЕРАШКОДЗІЛІ ФЭРМЭРУ З ТУРАВА АТРЫМАЦЬ ВЫСОКІ ЎРАДЖАЙ ЗБОЖЖА


Казімер Яноўскі, Жыткавіцкі раён

Галоўнай прычынай нізкага ўраджаю кіраўнікі ды калгасныя адмыслоўцы рэгіёну называюць зімовыя маразы і летнюю сьпёку, якія загубілі траціну пасеваў збожжавых культураў. Фэрмэр Міхаіл Шруб з далучаным калгасам “Шлях да камунізму” працаваў у такіх жа кліматычных умовах. Аднак вынікі ў прыватніка нашмат лепшыя. Асобныя ўчасткі пшаніцы далі па 59 цэнтнэраў. Сярэдняя ж ураджайнасць у фэрмэра — 40 цэнтнэраў збожжа з гектара. Гэта ўдвая вышэй, чымсьці ў калгасах і саўгасах таго ж Жыткавіцкага раёну.

Вырашчаны добры ўраджай цыбулі, капусты, бульбы. А кукуруза, як кажуць у Хільчыцах, зь небам гаворыць. Ладзяцца справы і ў жывёлагадоўлі. Без усялякіх упаўнаважаных і камісіяў амаль на тону павялічыўся сярэдні надой ад каровы. Пра такі кантраст сам Міхаіл Шруб распавёў наступнае:

(Шруб: ) “У нас у сельскай гаспадарцы разьвялося шмат спэцыялістаў, якія ўсю зіму распавядаюць, колькі збожжа будзе, а потым усё лета апраўдваюцца, чаму гэта не атрымалася”.

Паводле фэрмэра, маразы пашкодзілі шмат азімых пасеваў і на ягоных палетках. Не чакаючы ніякіх дырэктываў, увесну вяскоўцы пад кіраўніцтвам Шруба перасеялі азімыя жыта і пшаніцу яравымі культурамі, унесьлі дастаткова ўгнаеньняў — і не прагадалі.

Аднак, нягледзячы на ўзровень гаспадараньня, раённыя ўлады не даюць фэрмэру ні ўгнаеньняў, ні паліва паводле фіксаваных цэнаў. Проста ігнаруюць гаспадарку, хаця яна спраўна выконвае дзяржаўныя заказы і забясьпечвае былых калгасьнікаў добрым заробкам.

Больш за тое, райвыканкам так і не прыняў рашэньня адносна перадачы ў арэнду фэрмэру земляў збанкрутаванага калгасу “Шлях да камунізму”. Міхаіл Шруб па сутнасьці засявае колішнюю калгасную зямлю і атрымлівае высокія ўраджаі незаконна.

(Шруб: ) “Прыкра за нашу ўсю уладу, якая церпіць такі зьдзек са здаровага сэнсу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG