Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДПІСЧЫКІ “БДГ” АТРЫМАЛІ НУМАР, НАДРУКАВАНЫ Ў МАСКВЕ ПРЫ ЎДЗЕЛЕ РАСЕЙСКАЙ “НОВОЙ ГАЗЕТЫ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выйшаў чарговы нумар “Белорусской деловой газеты”. Яго атрымалі падпісчыкі ў Беларусі і за мяжой. Газэту таксама можна набыць у прыватных распаўсюднікаў . Праўда, зрабіць гэта не заўсёды ўдаецца. Прыкладам, апоўдні я абышоў менскія вуліцы вакол станцыі мэтро “Кастрычніцкая”, але прадаўцоў газэтаў не знайшоў. Магчыма, міліцыя забараняе гандляваць з рук друкаванай прадукцыяй. Магчыма, што з ранку газэту ўжо распрадалі.

Галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна сьцьвярджае, што папярэдні нумар гэткім жа накладам 10 тысяч асобнікаў за тыдзень разышоўся амаль цалкам. Надрукаваны ён быў у Маскве і дастаўлены ў Беларусь цалкам легальна. Наступны нумар “Белорусской деловой газеты” выйдзе ў сьвет таксама сумесна з “Новой газетой”. Гэта будзе праз тыдзень, 19 жніўня, а потым рэдакцыя плянуе аднавіць друкаваньне ў Беларусі, бо скончыцца трохмесячны тэрмін пакараньня, якое наклала на “БДГ” Міністэрства інфармацыі і друку.

Пакуль газэта была ў выгнаньні, у міністэрстве адбылася зьмена кіраўніка — замест Міхаіла Падгайнага міністрам інфармацыі і друку быў прызначаны былы амбасадар Беларусі ў Кітаі Ўладзімер Русакевіч. Сьвятлана Калінкіна стрымана ацэньвае магчымасьць таго, што гэтыя зьмены прывядуць да паляпшэньня дачыненьняў паміж дзяржавай і недзяржаўнымі мэдыямі.

(Калінкіна: ) “Пэўныя надзеі ёсьць, але яны невялікія. Перакананая, што дзеяньні былога міністра Падгайнага што да нашай газэты ды іншых газэтаў не былі самастойныя. І вельмі мала надзеяў на тое, што дзеяньні Русакевіча ў гэтым сэнсе будуць больш самастойныя. Мне здаецца, што калі былога пасла ў Кітаі прызначаць міністрам прамысловасьці, у гэтым ёсьць нейкі сэнс, а міністрам друку… Ня бачу ў Кітаі гэткіх дасягненьняў у сфэры друку, якія б варта было нам пераймаць”.

Паводле Сьвятланы Калінкінай, з часу прыпыненьня выхаду газэты ў Беларусі зь яе ніхто ня звольніўся, журналісты адклалі свае летнія адпачынкі да лепшага часу. Пакуль няма скаргаў і на тое, што другі месяц ня плацяць заробкаў. Сьвятлана Калінкіна таксама другі месяц без заробку і адклала свой адпачынак, які плянавала правесьці на Нарачы.

З прычыны непрадбачаных цяжкасьцяў не адразу ўдасца аднавіць і выпуск дадатку “БДГ. Для служебного пользования”. Таксама давядзецца адкласьці пляны выпуску газэты для расейскага рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG