Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНШЧЫНЕ КІРАЎНІКАМІ КАЛГАСАЎ ПРЫЗНАЧАЮЦЬ УЧОРАШНІХ СТУДЭНТАЎ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Калгас “Шлях Леніна” Лагойскага раёну ўзначальвае 22-гадовы Аляксандар Каляда. На старшынёўскай пасадзе ён працуе першы месяц. Кіраваць гаспадаркай яго прызначылі праз тыдзень пасьля атрыманьня дыплёму Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту. У разгар жніва маладога старшыню апанавалі невясёлыя думкі:

(Каляда: ) “Кепская ўраджайнасьць. Па-першае, з прычыны недахопу паліва было позна пасеяна. Па-другое, не было ўгнаеньняў. Па-трэцяе, пасеялі дрэнным насеньнем. Мае першыя працоўныя ўражаньні сьведчаць, што праграма, якую я вывучаў ва ўнівэрсытэце, далёкая ад рэчаіснасьці. Там вельмі шмат непатрэбнага, а тое, што цяпер патрэбна для працы, мы там не вывучалі. Адным словам, з жыцьцём там нічога агульнага няма. У асноўным там усё было пустое”.

Апроч яго, на Лагойшчыне старшынямі калгасаў сталі сёлетнія выпускнікі аграрнага ўнівэрсытэту Зьміцер Палоньнікаў і Міхаіл Янкоўскі. Першага паслалі на ўмацаваньне калгасу “Лагаза”, другога — імя Фрунзэ. Прадстаўнікі ўладаў называюць гэта экспэрымэнтам. Паколькі, як вынікае зь іхнага тлумачэньня, цяперашнія маладыя старшыні пагадзіліся стаіць імі яшчэ падчас унівэрсытэцкай вучобы.

Прынамсі, паводле словаў кіраўніка ўпраўленьня АПК Лагойскага райвыканкаму Генадзя Несьцяркова, такі экспэрымэнт — не ад добрага жыцьця. У раёне дэфіцыт кадраў, які ёсьць вынікам масавага заняпаду тутэйшых гаспадарак:

(Несьцяркоў: ) “У Лагойскім раёне адна гаспадарка, ад сілы дзьве з паловаю, могуць быць на сваіх грошах. Астатнія стратныя. Ёсьць праблемы безграшоўя, жыльля. З гэтымі маладымі хлопцамі вырашаем пытаньні набыцьця запасных частак, паліва. Для таго, каб яны ня страцілі веры ў свае сілы, патрапіўшы ў Лагойскі раён, ім выплацілі пад’ёмныя, часткова — за кошт аблвыканкаму”.

Паводле ўчорашніх студэнтаў, працаваць у занядбалых калгасах надзвычай цяжка. Напрыклад, у калгасе “Шлях Леніна” Аляксандру Каляду дапамагаюць усяго два спэцыялісты. Астатнія звольніліся з прычыны безграшоўя. Столькі ж спэцыялістаў і ў калгасе імя Фрунзэ, даўгі якога складаюць сотні мільёнаў рублёў. Таму малады старшыня Міхаіл Янкоўскі літаральна зь першых крокаў сваёй працы пачаў задумвацца над шляхамі аздараўленьня. Паводле яго, адзін з такіх шляхоў — эканамічная лібэралізацыя ў аграрнай сфэры, у прыватнасьці, спыненьне дыктату ў пытаньні рэалізацыі прадукцыі:

(Янкоўскі: ) “Ёсьць строгая дырэктыва: каму і па якім кошце здаваць. Вельмі часта гэта абарачваецца стратамі. Калі б у гэтым пляне было больш эканамічнай свабоды ў калгасу, то, можа, было б і лепш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG